Вучыцца, каб сябраваць

- 13:06Навіны рэгіёнаў

Беларуская і кітайская культуры — яркія, самабытныя, непадобныя адна на адну… Чакайце, але з апошнім ніяк нельга пагадзіцца! Паміж намі вельмі многа пунктаў судакранання, нават першае дзіцячае “мама” і “тата” на абедзвюх мовах гучыць амаль аднолькава. Чым бліжэй мы знаёмімся з культурай, традыцыямі, звычаямі сяброўскага народа, тым больш адкрываем для сябе падобных супадзенняў. Адразу некалькімі такімі адкрыццямі для навучэнцаў і педагогаў, прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй, раённай выканаўчай улады і гасцей з Паднябеснай стала сустрэча ў сярэдняй школе № 16 Оршы.

У мінулым годзе падчас правядзення ў горадзе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў па замежных мовах начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі прапанаваў прадстаўнікам Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь актывізаваць узаемадзеянне ў галіне адукацыі. Працяг знаёмства атрымаўся дастойны.
— Найперш размова ішла пра тое, каб у нашых навучэнцаў з’явілася магчымасць дадаткова вывучаць кітайскую мову ў школе. Улічваючы шэраг пачатых маштабных доўгатэрміновых беларуска-кітайскіх ініцыятыў, сёння для нашай моладзі гэта надзвычай актуальна: рэалізацыю міжнароднага праекта цяжка ўявіць без цеснай камунікацыі, а яна немагчыма без дасканалага валодання адпаведнай замежнай мовай. І зразумела, што пачынаць трэба з адукацыі, са школы — з нас, — падкрэсліў Андрэй Загурскі. — Папярэдне па выніках анкетавання бацькоў мы вызначылі, дзе будзем праводзіць эксперымент. Выбралі 3 установы адукацыі, якія размешчаны побач, у цэнтры горада і калектывы якіх выказалі шчырую зацікаўленасць у развіцці праекта. На цяперашні момант вывучэнне кітайскай мовы дадаткова да асноўнай замежнай на факультатыўных занятках арганізавана на базе сярэдняй школы № 16, гімназіі № 2 і сярэдняй школы № 3 Оршы. Заняткі праводзіць валанцёр з Кітая Лі Сюе. Спыняцца на дасягнутым мы не намерваемся і плануем пашыраць супрацоўніцтва.
— Прычым не толькі ў сферы адукацыі, але і культуры, эканомікі, — выказаў упэўненасць намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег Смірноўскі. — Ужо цяпер прадпрыемствы горада і раёна маюць патрэбу ў спецыялістах з веданнем кітайскай мовы, і яна будзе павялічвацца. Мы ўсе ўсведамляем: дзеці, якія пачалі вывучэнне гэтай мовы, у тым ліку і ў Оршы, — будучыня беларуска-кітайскіх адносін.
“Дзень найскладанейшы і найцікавейшы” — так літаральна аднымі і тымі ж словамі ахарактарызавалі 16 лютага адразу некалькі ўдзельнікаў сустрэчы. Яна атрымалася плённай, насычанай падзеямі. Калектыў “Шчодрыца” сустрэў групу гасцей (у ліку якіх былі аташэ Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Го Цінхаа, другі сакратар па справах адукацыі Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Ван Дацзюнь і дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ спадарыня Лю Сулін) традыцыйнымі хлебам-соллю і “Прывітальнай”. З вялікай цікавасцю яны азнаёміліся з прэзентацыямі ўстаноў адукацыі і музея славутага аршанца — Уладзіміра Караткевіча, выставай калажаў “Кітай вачыма дзяцей”. На ўра прайшла дэманстрацыя калекцыі адзення (яе праводзіла сярэдняя школа № 3), асаблівы ажыятаж выклікалі мадэлі з выкарыстаннем залацістай беларускай саломкі. Сімвалічна пераклікаліся дзве часткі экспазіцыі выставы “Вытокі народнай мудрасці”: майстры беларускай выцінанкі і кітайскіх вырабаў з паперы несумненна хутка знайшлі б агульную мову! Вытанчана-ўзнёслы настрой наведвальнікам выставы дарылі музыкі: беларускія мелодыі сустракаліся з кітайскімі, і знаёмыя скрыпка і цымбалы набывалі новае гучанне. Наступны акорд у партытуру свята таксама ўплялі юныя артысты: кітайскі танец “Язмін” у іх выкананні выклікаў шчырыя авацы, як і дзіцячая кітайская песня “З новым годам” — яе старанна праспявалі маленькія вучні Лі Сюе падчас прэзентацыі кабінета кітайскай мовы.
— Пры стварэнні кабінета мы імкнуліся забяспечыць неабходныя ўмовы для паспяховага навучання кітайскай мове, аформіць яго такім чынам, каб прадмет вывучэння выклікаў у дзяцей цікавасць, каб ім хацелася даведацца як мага больш пра Кітай, — паведаміла гасцям намеснік дырэктара сярэдняй школы № 16 па вучэбнай рабоце Ірына Емяльяненка. — Кабінет разлічаны на 12 навучэнцаў. Яго матэрыяльна-тэхнічная база складаецца з кніжнага фонду, наглядных, вучэбных і электронных дапаможнікаў і тэхнічных сродкаў навучання. Дзейнічаюць пастаянная і часовая экспазіцыі. Спадзяёмся, што гэтае памяшканне сваёй цеплынёй і ўтульнасцю будзе выклікаць прыемнае здзіўленне ва ўсіх, хто сюды заходзіць.
Потым гаспадары нагадалі, што неўзабаве пачнецца на Беларусі масленічны тыдзень, а ў Кітаі — урачыстасці з нагоды надыходу Новага года. І паведамілі: у далейшай праграме “свята са святам сустрэнуцца”. Вось тут якраз і пачынаюцца цікавыя супадзенні. У абедзвюх краінах масавыя шматдзённыя святочныя народныя гулянні прысвечаны набліжэнню вясны. Кожны з дзён Масленіцы і Чунь-Цзе мае асаблівае сімвалічнае значэнне, правільнае іх правядзенне (галоўныя правілы — весялосць, добразычлівасць і шчодрасць) дае надзею на ўдачу, здароўе і дабрабыт на працягу наступных 12 месяцаў. Характэрная асаблівасць абодвух свят — кірмашы і выступленні самадзейных артыстаў. На кірмаш запрасілі ўсіх прысутных. Чаго толькі там не было: і майстар-клас па вырабе карцін з пер’я, кветак з фаамірану, саломкі, стварэнні “міні-садка ў місцы”; і выстава вырабаў навучэнцаў з тэкстылю, другаснай сыравіны, кампазіцый з прыродных матэрыялаў; і продаж кітайскіх букетаў і салодкіх прысмакаў, гліняных сувеніраў! А ў інтэрактыўных выступленнях аркестра народных інструментаў, ансамбля лыжачнікаў і ў выступленні-рэканструкцыі старажытнага беларускага танца “Ойра-ойра” сябры з Кітая з задавальненнем прынялі ўдзел! Адпачыць і пакаштаваць нацыянальныя прысмакі паклікала гасцінная “Беларуская хатка”. Між іншым стравы з мукі — традыцыйныя і для кітайскай навагодняй, і для беларускай масленічнай кухні: гаспадыні ў Паднябеснай гатуюць пельмені, а на Беларусі — бліны!
Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі за круглым сталом абмеркавалі планы далейшага супрацоўніцтва. Праблемнае поле дыскусіі ўключала некалькі важных пытанняў, галоўнае з якіх — недахоп кадраў. Калі б былі выкладчыкі — вывучэнне кітайскай мовы можна было б арганізаваць яшчэ ў шэрагу ўстаноў адукацыі. Жаданне ёсць як у настаўнікаў, так і ў вучняў разам з іх бацькамі. І попыт на такую падрыхтоўку расце! Адпаведна, патрабуецца больш валанцёраў. Партнёры папярэдне дамовіліся: у наступным годзе на Аршаншчыне іх будзе працаваць ужо двое, што дасць магчымасць яшчэ ў некалькіх школах весці кітайскую мову факультатыўна і, магчыма, пачаць выкладанне з пачатковага звяна — 2—3 класаў. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама прапанаваў альтэрнатыўны (або дадатковы) варыянт: ці не лепш наладзіць падрыхтоўку настаўнікаў кітайскай мовы для рэгіёнаў з ліку мясцовага кадравага рэзерву на базе таго ж інстытута кітаязнаўства? Акрамя пашырэння колькасці школ, дзе кітайская мова вывучаецца факультатыўна (а з цягам часу, магчыма, будзе і ў якасці першай замежнай, як адбылося, напрыклад, у сярэдняй школе № 44 Віцебска), размова ішла і пра арганізацыю вывучэння для дарослых на платнай аснове.
Але вышэйпералічанае пакуль што — на перспектыву. Што тычыцца наступных крокаў у развіцці супрацоўніцтва, то найперш гэта ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінета кітайскай мовы і мэтавыя адукацыйна-культурныя праекты. Дырэктар сярэдняй школы № 16 Галіна Кабешава расказала пра цікавую задуму, да ажыццяўлення якой маглі б падключыцца эксперты з Кітая. Гордасць і візітная картка ўстановы адукацыі, якую ўзначальвае Галіна Якаўлеўна, — Парк экалагічнай культуры. Дзякуючы руплівай працы педагогаў і вучняў, тэрыторыя размешчанай у цэнтры горада школы ператварылася ў квітнеючы, напоўнены птушынымі галасамі сад. Гаспадараць тут самі навучэнцы: за кожным класам замацаваны свой участак, які дзеці старанна і ўважліва даглядаюць. Цяпер калектыў школы захоплены новай ідэяй — стварыць у Оршы кітайскі сад камянёў. Праект зроблены, але адно — аматарскі пошук і выкарыстанне інфармацыі, і зусім іншае — парады дасведчанага спецыяліста. Кітайскія сябры далі ідэі высокую ацэнку і паабяцалі ўсебаковую падтрымку. Плануецца, што вынік мы ўбачым праз некалькі месяцаў і таксама напярэдадні сустрэчы новага года — 2015/2016 навучальнага.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.