Вялікаму – 80!

- 16:52Культура
Надоечы Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь адзначыў сваё 80-годдзе. З юбілеем калектыў тэатра павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім віншаванні ён адзначыў: “Ваш тэатр — наша гордасць і сапраўдны нацыянальны здабытак. Яго гісторыя напоўнена яркімі адкрыццямі, незабыўнымі спектаклямі і нязгасным творчым гарэннем выдатных майстроў, якія прынеслі беларускаму мастацтву сусветную славу”. “Сёння, як і дзесяцігоддзі назад, Вялікі тэатр захоўвае адданасць высокім эстэтычным ідэалам акадэмічнага мастацтва і ў той жа час застаецца надзвычай сучасным, адкрытым для смелых эксперыментаў і наватарскіх мастацкіх рашэнняў. Выдатная плеяда праслаўленых артыстаў і маладых талентаў паспяхова вырашае самыя складаныя творчыя задачы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

23 мая адбыўся феерычны гала-канцэрт з удзелам зорак балетнага і опернага мастацтва. А напярэдадні прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Уладзіміра Грыдзюшкі, якая таксама была адзначана шэрагам святочных акцый. _DSC6942У прыватнасці, журналістам была прадстаўлена памятная манета Нацыянальнага банка Беларусі “Беларускі балет. 2013”. На пярэднім баку манеты можна ўбачыць будынак Вялікага тэатра, а рэверс упрыгожвае выява народнай артысткі Беларусі Вольгі Гайко ў партыі Адэты-Адыліі з балета Пятра Чайкоўскага “Лебядзінае возера”.
Па-свойму павіншавалі Вялікі тэатр і Белпошта разам з выдавецкім цэнтрам “Марка”, выпусціўшы юбілейную марку і спецыяльны паштовы канверт. На марцы змешчаны выявы салістаў оперы Сяргея Франкоўскага і Аксаны Волкавай у спектаклі “Набука” і артыстаў балета Вольгі Гайко і Ігара Артамонава ў спектаклі “Лебядзінае возера”. Урачыстым момантам прэс-канферэнцыі стала працэдура гашэння маркі.
Мастачка Аксана Аракчэева. Акрамя таго, непасрэдна ў сценах Вялікага адкрылася выстава карцін жывапісца Аксаны Аракчэевай з выявамі вядомых беларускіх артыстаў. Як адзначыла мастачка, стварэнне серыі (пакуль гэта сем палотнаў) яна лічыць ці не галоўнай справай свайго творчага жыцця.
У сваю чаргу генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка сцісла пазнаёміў журналістаў з гісторыяй, па яго словах, цэнтра музычнага мастацтва нашай краіны. Ён нагадаў, што за 80 гадоў тут было пастаўлена 203 прэм’еры, у тым ліку 78 балетных і 125 оперных спектакляў. У агульнай колькасці адбылося больш за 21 тысячу паказаў, якія сабралі 18 мільёнаў гледачоў. Пра дзень сённяшні Уладзімір Грыдзюшка заўважыў, што тэатральная трупа сёння як ніколі багатая на зорныя імёны, а рэпертуар — на шэдэўральныя пастаноўкі. Пераканацца ў гэтым і можна было на гала-канцэрце.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.