Вялікі тэатр — дзецям

- 12:23Культура

“Вялікі тэатр — дзецям” — менавіта так называецца праект Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь для юных грамадзян нашай краіны. Ён складаецца з інтэрактыўных праграм і сямейнага конкурсу “Навагодняя тэатральная цацка”. Штогод каля трох тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак знаёмяцца з закуліссем тэатра дзякуючы экскурсіям, у час якіх адкрываюцца шматлікія тэатральныя таямніцы і сакрэты. Такія вандроўкі асабліва ўражваюць дзяцей, якім цікава ўсё: колькі паверхаў у тэатры, які спектакль паставілі самым першым, як ствараюцца сцэнічныя спецэфекты, што такое планшэт і адзенне сцэны? Карацей, пытанняў — мноства, але ні адно з іх тэатр не пакідае без адказаў.

Заразіцца вірусам мастацтва

Каля дзесяці гадоў назад намеснік генеральнага дырэктара тэатра Святлана Казюліна прапанавала стварыць праект “Вялікі тэатр — дзецям”, асноўная мэта якога — заразіць юных беларусаў вірусам любові да мастацтва музыкі і танца. Супрацоўнікі тэатра падхапілі ідэю, і сёння праект складаецца з пазнавальных экскурсій, інтэрактыўнага паказу і навагодняга конкурсу.

— Інтэрактыўная праграма тэатра, разлічаная на дзяцей самых розных узростаў, займае паўтары гадзіны, але гэты час прабягае хутка — і ні адзін наведвальнік не паспявае засумаваць. Наша займальнае падарожжа ў свет оперы і балета складаецца са знаём­ства з тэатральным закуліссем, аркестравай ямай, кішэнямі сцэны, бутафорскім рэквізітам, касцюмернымі і жывапісным цэхам, — расказала кіраўнік службы культурна­прэзентацыйнай дзейнасці тэатра Валянціна Мажароўская. — Экскурсію з часам мы дапоўнілі інтэрактыўным паказам “Прыгоды ў царстве музыкі”, які праходзіць ва ўтульнай камернай зале імя Ларысы Александроўскай, дзе перад маленькімі і дарослымі гледачамі выступаюць любімыя героі з дзіцячых опер — яны спяваюць, танцуюць, прапаноўваюць адгадаць загадкі, праводзяць віктарыны. Такім чынам мы, па­першае, рыхтуем сваіх будучых гледачоў, бо перакананы, што іх падрыхтоўка павінна пачынацца з дзіцячага садка. Па­другое, падчас інтэрактыву дзеці знаёмяцца з опернымі галасамі, задаюць пытанні артыстам, пашыраюць веды па музычным мастацтве. І, па­трэцяе, нашы праграмы — гэта выдатная форма сямейнага баўлення вольнага часу.

Экскурсія пачынаецца

— Добры дзень! Мяне завуць Ірына, і я з задавальненнем адкажу на ўсе вашы пытанні, якія ўзнікнуць падчас нашай экскурсіі. Але адразу хачу папрасіць вас быць вельмі ўважлівымі і дапамагаць адно аднаму, — пачынае знаёміць выхаванцаў сталічнага лінгвістычнага цэнтра з Вялікім тэатрам Беларусі вядучы спецыяліст культурна­прэзентацыйнай службы Ірына Ераш. — Гісторыя Вялікага тэатра Беларусі пачынаецца з 1933 года. І хоць будынка, дзе мы з вамі зараз знаходзімся, тады яшчэ не было, аднак тэатр працаваў, артысты оперы і балета выступалі на сцэне адзінага гарадскога тэатра — зараз гэта Купалаўскі тэатр. А вось уласны будынак у тэатра з’явіўся ў 1939 годзе, таму сёлета 10 сакавіка мы адзначылі яго 80­годдзе, хоць, звяртаю вашу ўвагу, ідзе ўжо 87­ы тэатральны сезон.

Далей спецыяліст тэатра падрабязна расказала, што кожны дзень, акрамя панядзелка, чаргуюцца спектаклі (балетны, оперны), што самым першым спектаклем, якім адкрыўся тэатр у 1939 годзе, была знакамітая опера “Кармэн” Жоржа Бізэ, якую ставяць і дагэтуль. Дарэчы, у рэпертуары тэатра ёсць оперы на італьянскай, нямецкай, англійская, беларускай і рускай мовах. Але гэта не значыць, што той, хто не ведае замежнай мовы, не зразумее спектакль, бо на сцэне размешчаны спецыяльны банер, па якім трансліруецца пераклад.

Горад у горадзе

З 2006 па 2009 год адбылася самая маштабная рэканструкцыя Вялікага тэатра. За тры гады ён вырас і ўглыб, і ў вышыню, пры гэтым не змяніўшы знешніх габарытаў. Дэкор на сценах і мазаіка на падлогах узнаўляліся па арыгінальных эскізах знакамітага архітэктара Іосіфа Лангбарда, які і спраектаваў будынак тэатра. Праўда, замест паркета падлогу аздобілі мармурам і гранітам. Акрамя таго, сцэну нахілілі ў бок гледача на чатыры градусы, а глядацкія рады прыўзнялі на адзін метр.

— Зараз у нас ідзе новая гісторыя. Але мала хто з гледачоў ведае, што будынак тэатра не проста вялікі, а вялізны, бо пад вашымі нагамі фактычна знаходзіцца восем паверхаў, на якіх размешчаны сталярныя і бутафорскія майстэрні, пральны цэх, а ўверсе — яшчэ дзевяць. Атрымліваецца 18­павярховы будынак, — расказала Ірына Ераш наведвальнікам.

Новыя магчымасці для спецэфектаў на сцэне з’явіліся дзякуючы гідраўлічным шахтам глыбінёй каля 20 метраў — дзеля гэтага прастору пад сцэнай спецыяльна паглыбілі, выняўшы больш за тысячу кубаметраў зямлі. Крыху пазней выкапалі яшчэ 500 — за кошт гэтага для музыкантаў зрабілі дадатковыя памяшканні побач з аркестравай ямай. У цэлым плошча тэатра пасля рэканструкцыі павялічылася амаль на 9 тысяч кв.м, што дазволіла размясціць на яго тэрыторыі новыя цэхі і тэхнічныя службы.

— Вялікі тэатр — гэта горад у горадзе, жыццё ў якім кіпіць круглыя суткі. Вечарам спектакль завяршаецца, артысты і гледачы пакідаюць тэатр, а сцэна адразу пачынае пераўтварацца: дэманціруюцца дэкарацыі і часткова ўстанаўліваюцца новыя для наступнага спектакля, — дадала вядучы спецыяліст культурна­прэзентацыйнай службы.

Глядзельная зала і канструктар LEGO

Вялікая глядзельная зала складаецца з партэра, бенуара, бельэтажа і балкона, якія разам могуць прыняць 1207 гледачоў. “На сцэне размешчаны вялізныя, але вельмі лёгкія канструкцыі, якія збіраюцца як канструктар LEGO, бо ўсе дэталі пранумараваны. Між іншым у тэатры існуе правіла: брыгада, якая склала спектакль, павінна яго і дэманціраваць, а пасля адправіць на захоўванне”, — тлумачыць экскурсавод.

— Плошча сцэны Вялікага тэатра — 698 кв.м. Але дзея­нне адбываецца ўсяго толькі на 240 з іх (гэтую частку называюць планшэтам сцэны). Уверсе знаходзіцца так званае адзенне сцэны — тканіна, якую распісваюць у нашых жывапісных цэхах. Уявіце сабе, што часам на аздабленне сцэны ідзе да 10 кіламетраў тканіны, асабліва ў балетных пастаноўках, — адзначае Ірына Ераш.

Па яе словах, на кожным спектаклі дзяжурыць урач, і гэтая інфармацыя таксама выклікае цікавасць у дзяцей. “Калі даецца оперны спектакль, то оталарынголаг, а калі балетны — траўматолаг, і абавязкова прысутнічаюць ратавальнікі, — гаворыць яны. — Акрамя таго, заўсёды назначаецца дзяжурны артыст, які, калі спатрэбіцца, можа замяніць любога выканаўцу.

60 тысяч касцюмаў

Экскурсія працягваецца ў рэпетыцыйнай зале — на малой сцэне, а пасля і ў касцюмернай, дзе вочы разбягаюцца ад неверагоднай колькасці найпрыгажэйшых касцюмаў. Напэўна, калі наведвальнікам далі б магчымасць прымерыць іх, то яны тут засталіся б на некалькі дзён.

— У тэатры каля 60 тысяч арыгінальных касцюмаў, зробленых нашымі майстрамі. Вось гэты капялюш з мышамі да якога спектакля? — пытаецца экскурсавод.

— Да “Шчаўкунчыка”! — хорам адказваюць дзеці.

— Правільна. Ён быў зроблены ў 2012 годзе для новай балетнай пастаноўкі “Шчаўкунчыка”. А вось гэты балетны касцюм называецца пачка, на ім уся вышыўка зроблена ўручную. Усяго только да аднаго “Шчаўкунчыка” створана каля 400 касцюмаў, якія мяняюцца ў час спектакля.

Зала-падкова

— А вы ведаеце, чаму наша глядзельная зала створана ў выгладзе падковы? — зноў пытаецца ў юных наведвальнікаў Ірына Ераш. А ў адказ цішыня. Яна тлумачыць, што гэта спецыяльна зроблена для таго, каб гук нідзе не мог знікнуць і раўнамерна распаўсюджваўся па зале. — Оперныя артысты заўсёды выконваюць свае партыі ўжывую, без аніякіх фанаграм. Дарэчы, аркестравая яма абабіта спецыяльным дрэвам таксама для таго, каб гук не разлятаўся, а накіроўваўся ў глядзельную залу. А яшчэ яе можна падняць да ўзроўню сцэны, каб павялічыць на 108 кв.м. Робіцца гэта ў час сімфанічных праграм.

Апошні пункт тэатральнай экскурсіі — малая камерная зала, дзе якраз ідзе інтэрактыўны паказ. “Падобныя развіццёвыя праграмы Вялікі тэатр ладзіць рэгулярна. Зразумела, што для дзяцей розных узростаў іх напаўненне і тэмы адрозніваюцца. Аднак нязменным застаецца адно — пазнавальны і вучэбны пачатак, знаёмства з музычнымі інструментамі, закулісным жыццём тэатра і сустрэчы з артыстамі. У выніку нашы наведвальнікі атрымліваюць яркія, незабыўныя ўражанні і жаданне вярнуцца ў тэатр яшчэ раз”, — падкрэсліла экскурсавод.

Навагодняя тэатральная цацка

Праект “Вялікі тэатр — дзецям”, нагадаю, уключае ў сябе таксама сямейны конкурс “Навагодняя тэатральная цацка”. Сёлета ён праводзіцца шосты раз. Такое творчае спаборніцтва ўжо стала добрай традыцыяй для сотні беларусаў, якія штогод прыносяць у тэатр сваіх неверагодных балерын, Золушак, Кармэн, Жар­птушак, Айбалітаў, Сіньёраў Памідораў, Мадам Батэрфляй, цэлыя кампаніі Шчаўкунчыкаў і Мышыных каралёў, да якіх далучаюцца сярэбраныя сняжынкі і навагоднія шары, залатыя падковы, тэатральныя біноклі і вешалкі. У тэатры адзначаюць, што фантазія гледачоў бязмежная, а іх талент і майстэрства не перастаюць здзіўляць.

У гэтым годзе работы ўдзельнікаў конкурсу будуць прымаць з 2 па 23 снежня. Па словах арганізатараў, гэты конкурс — цудоўная магчымасць сабрацца дома ўсёй сям’ёй: пагаварыць, пафантазіраваць, пасмяяцца і стварыць цікавую цацку. Галоўнае — не забыцца, што цацка павінна быць тэатральнай і звязанай з жыццём акцёра, музыканта ці спектакля.

— Усе вырабы, якія будуць дасланы на наш конкурс, па традыцыі ўпрыгожаць галоўную ёлку Вялікага тэатра. А пераможцы, аўтары лепшых цацак, вядома, не застануцца без заслужаных падарункаў, якія ўручаць самыя сапраўдныя Дзед Мароз і Снягурка 4 студзеня. Адзін з традыцыйных прызоў — білеты для ўсёй сям’і на цудоўны казачны балет Пятра Чайкоўскага “Шчаўкунчык”, — адзначыла Валянціна Мажароўская і запрасіла ўсіх далучыцца да іх творчага спаборніцтва.


Прынамсі, у найбліжэйшы час на старонках нашага выдання мы павандруем па закуліссях іншых сталічных тэатраў, а таксама пабываем у Белдзяржцырку і на “Беларусьфільме”. Паверце, там таксама шмат цікавага, а часам і неверагоднага, з чым насамрэч варта пазнаёміцца!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.