Выбірай moladz.by

- 15:44Актуально, Апошнія запісы

Нядаўна Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, створаны ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, адзначыў свой першы дзень нараджэння. Наколькі насычаным быў гэты год, што хвалявала і аб’ядноўвала моладзь, якія планы намечаны на новы год? Пра гэта гутарым з каардынатарамі маладзёжнага цэнтра і самімі маладымі людзьмі.

Аб’ядноўваючы галоўнае

Як адзначыла Н.В.Васільчанка, дырэктар НЦМТДМ, ідэя стварэння такой пляцоўкі, на якой у маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі краіны і асобна ўзятых маладых людзей будзе магчымасць разам ствараць ідэі, сумесна іх рэалізоўваць і калектыўна прымаць важныя рашэнні, належыць Ігару Карпенку, міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь. А вось даць гэтай ідэі жыццё — справа рук самой моладзі. Менавіта з падачы маладых людзей Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр сёння становіцца ініцыятарам і арганізатарам грамадзянска-патрыятычных, валанцёрскіх, сацыяльна значных, культурна-забаўляльных праектаў і мерапрыемстваў для моладзі, месцам для абмеркавання праблем і пытанняў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пляцоўкай для арганізацыі ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі. Маладзёжны цэнтр складаецца з сектара па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, сектара валанцёрскага руху і сектара арганізацыйнага развіцця і камунікацый, якія ў сваёй дзейнасці дапаўняюць адзін аднаго і становяцца адзіным цэлым.

Як расказаў Дзмітрый Туронак, загадчык Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, у 2018 годзе галоўны акцэнт быў зроблены на ўзаемадзеянні і сацыяльным партнёрстве з дзяржаўнымі ўстановамі і такімі грамадскімі арганізацыямі, як БРСМ, БРПА, Беларуская ліга інтэлектуальных каманд, тэлевізійнае творчае аб’яднанне “АМіК”, Беларуская ліга КВЗ, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыя беларускіх гайдаў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і інш. З іх удзелам на працягу года ў маладзёжным цэнтры прайшло некалькі буйных сустрэч для старшакласнікаў краіны, дзе яны вучыліся развіваць уласныя ініцыятывы, складалі алгарытм іх рэалізацыі, шукалі новыя кірункі валанцёрскага руху, удасканальвалі работу маладзёжных парламентаў краіны.

Акрамя таго, цэнтр стаў арганізатарам і базай правядзення найбуйнейшых праектаў: Рэспубліканскага турніру сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню — з усмешкай”, фіналу XXV чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях , XX профільнай летняй змены для членаў клубаў інтэлектуальных гульняў. Маладзёжным цэнтрам праводзіўся фінал конкурсу “Юны журналіст у горадзе, дружалюбным да дзяцей”, вызначаліся лепшыя валанцёры і лідары года. Акрамя ўжо традыцыйнага нацыянальнага дзіцячага форуму “Мы — лідары Беларусі”, упершыню прайшоў і Нацыянальны маладзёжны студэнцкі форум.

Новы віток развіццю валанцёрскага руху надаў міжведамасны Рэспубліканскі каардынацыйны савет па развіцці валанцёрскага руху ў Беларусі, які дзейнічае на базе Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра. У прыватнасці, менавіта ён стаў адным з каардынатараў падрыхтоўкі валанцёраў і Еўрапейскіх гульняў, і іншых буйных мерапрыемстваў.

Не менш важным яго кірункам стала і метадычная падтрымка валанцёраў. Намеснік дырэктара НЦМТДіМ Кацярына Кузьменка патлумачыла: “Праблема ў тым, што з валанцёрамі працуюць многія, але метадычный базы, якая б дапамагла пры стварэнні і рабоце валанцёрскага атрада, няма. І адной з ініцыятыў, якую прапанавалі валанцёры і мы падтрымалі, стаў Рэспубліканскі конкурс інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Лепшы вопыт, методыка і тэхналогіі работы валанцёрскіх арганізацый”. Мы атрымалі шмат канкрэтных праектаў, асабліва з рэгіёнаў, якія ўключым у асобны зборнік і распаўсюдзім сярод зацікаўленых у развіцці валанцёрскага руху ў сябе. Акрамя таго, лепшы вопыт будзем размяшчаць і на старонках вядучых маладзёжных выданняў”.

Вучымся разам

Разам з ужо традыцыйнымі мерапрыемствамі маладзёжнага цэнтра новым у рабоце стала правядзенне адукацыйных трэнінгаў, круглых сталоў, сустрэч, на якіх моладзь і падлеткі абменьваюцца вопытам, абмяркоўваюць праблемныя пытанні і знаходзяць шляхі іх вырашэння.

Так, напрыканцы мінулага года супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пачалі курс адукацыйных трэнінгаў для лідараў вучнёўскага самакіравання і педагогаў рэспублікі. Першым у іх маршруце на некалькі дзён стала Гомельшчына. У рамках трэнінгаў “Стварэнне сацыяльна значных ініцыятыў” падлеткі разам з Дзмітрыем Туронкам распрацоўвалі схему і паслядоўнасць рэалізацыі ініцыятывы, а таксама ўдзельнічалі ў стварэнні актуальнай ініцыятывы, значнай для іх мясцовасці. “Возьмем, напрыклад, велапаркоўкі, — тлумачыць Дзмітрый Туронак. — Мы прапрацоўваем з імі кожную стадыю: ад маніторынгу і высвятлення, колькі веласіпедыстаў у канкрэтнай мясцовасці, наколькі адчувальна адсутнасць велапарковак, да пошуку спонсараў і ўстаноўкі саміх велапарковак. Моладзь трэба навучыць выбудоўваць мосцік з мясцовымі ўладамі”.

Яўген Юшко, загадчык сектара па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі НЦМТДМ, у гульнявой форме навучыў лідараў навыкам эфектыўных зносін і ўзаемадзеяння адно з адным, расказаў пра розныя тыпы ўспрымання інфармацыі людзьмі, асаблівасці невербальнай камунікацыі. Трэнінг псіхолага Ганны Новік “Мэтапакладанне і тайм-менеджмент” навучыў падлеткаў вызначаць вядучыя і другарадныя мэты ў жыцці і кіраваць сваім вольным часам. Падчас трэнінгу “Алгарытм арганізацыі дзейнасці маладзёжнага парламента” старшыня Беларускага аддзялення Асацыяцыі даследчыкаў дзіцячага руху Рэспублікі Беларусь Віктар Літвіновіч падзяліўся з педагогамі вопытам эфектыўнай работы маладзёжных парламентаў.

“Сам прынцып трэнінгаў даўно вядомы, але наша задача — не столькі навучыць дзяцей (3—4 супрацоўнікі не змогуць ахапіць усіх, ды і ў рэгіёнах наладжана работа з моладдзю), колькі быць самім у форме, не з чужых вуснаў ведаць сітуацыю, а адчуць яе, убачыць на свае вочы, акунуўшыся ў гушчу падзей”, — адзначае Яўген Юшко.

Пра цябе і для цябе!

Наглядным паказчыкам работы маладзёжнага цэнтра, яго узаемадзеяння з моладдзю краіны стаў інфармацыйны маладзёжны партал moladz.by. На ім сабрана самая актуальная інфармацыя пра жыццё моладзі нашай краіны. Канцэпцыя партала — навіны пра цябе і для цябе. А значыць, любы малады чалавек можа не толькі даведацца цікавае для сябе, але і стаць аўтарам публікацый. Дастаткова падрыхтаваць інфармацыю, дадаць да яе якасную фатаграфію і даслаць на пошту.

Гэта, дарэчы, і ёсць ініцыятыва ў дзеянні Данііла Карабана, студэнта філфака БДУ, намесніка старшыні Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. “Свой інтэрнэт-праект Young press я задумваў як пляцоўку, дзе старшакласнікі, якія збіраюцца ў будучыні стаць прафесійнымі журналістамі, могуць атрымаць свой першы вопыт у журналістыцы. Маладыя людзі будуць рэгістравацца на сайце, атрымліваць заданні, ездзіць на мерапрыемствы, пісаць рэпартажы і інтэрв’ю, асвятляць самыя яркія маладзёжныя падзеі, праводзіць апытанні сярод школьнікаў і студэнтаў і размяшчаць іх на сайце”, — расказвае канцэпцыю Данііл.

Устойлівымі крокамі

Не мог маладзёжны цэнтр не далучыцца і да сусветнага руху ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Таму нядаўна сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Каардынацыйным саветам па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця быў праведзены конкурс “Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках”. Адметна тое, што конкурс быў адкрытым. Удзельнікам не трэба было дасылаць заяўкі ў арганізацыйны камітэт — дастаткова было размясціць пост у сацыяльных сетках (“УКантакце”, Instagram, Facebook) і дадаць хэштэг “Почему#ЯпосолЦУРвБеларуси”. Менавіта па гэтым хэштэгу адсочваліся і збіраліся конкурсныя матэрыялы.

Асаблівую цікавасць выклікаў конкурс сярод студэнцкай моладзі. Члены журы прачыталі і ацанілі больш за 200 пасланняў. Для адбору фіналістаў не было жорсткіх крытэрыяў ацэнкі. Галоўнае — убачыць матываванасць удзельніка, цікавыя, часам нестандартныя ідэі праекта па дасягненні адной з Мэт устойлівага развіцця.

Пераможцамі сталі аўтары 17 праектаў — па колькасці Мэт устойлівага развіцця. Сярод іх былі праект па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва, заняткі для школьнікаў па процістаянні булінгу, стварэнне музея экалогіі і тэхнагенных катастроф, стварэнне юрыдычнай клінікі, якая акажа бясплатную юрыдычную дапамогу маладым людзям, і многае іншае. Урачыстае прысваенне ім звання “маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця” праходзіла ў межах І Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці. Сёння яны сталі праваднікамі МУР сярод моладзі, выпрацоўваюць праграмы па рэалізацыі сваіх праектаў і прадумваюць, як падключыць да рэалізацыі ініцыятыў сваіх равеснікаў. Першымі вынікамі паслы падзеляцца ўжо ў красавіку падчас правядзення Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

Напрыклад, Святлана Шылко, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка, засяродзілася на Мэце № 8 “Дастойная работа і эканамічны рост”. Каб цікава расказаць школьнікам пра самыя папулярныя і прыбытковыя прафесіі ў краіне і пра тое, якія веды, уменні і навыкі павінен мець спецыяліст, яна распрацавала дзелавую гульню “Адгадай прафесію”. Акрамя таго, Святлана збіраецца рэалізаваць свой праект “Адзін дзень на вытворчасці”. “Гэта б стала магчымасцю для навучэнцаў 9—11 класаў на справе ўбачыць прафесію, якую яны плануюць атрымаць, — дзеліцца ідэяй Святлана Шылко. — Напрыклад, малады чалавек збіраецца ў будучыні пячы хлеб. Мы прывозім яго на хлебазавод і замацоўваем яго за супрацоўнікам. Школьнік па магчымасці дапамагае на працягу ўсяго тэхналагічнага працэсу — ад замесу цеста да вымання з пячэй гарачых боханаў, каб ацаніць усе плюсы і мінусы выбранай справы. Гэта можа дапамагчы ўпэўніцца ў правільным выбары, а можа і расчараваць у ім, што, дарэчы, таксама добра — будзе час на апрабаванне іншай прафесіі”.

Так, хоць год зусім невялікі час, каб гаварыць пра значныя дасягненні, усё ж маладзёжны цэнтр паспеў зрабіць шмат. Плануецца, што ў новым годзе спектр яго кірункаў яшчэ пашырыцца. Так, будуць закранацца тэмы маладзёжнага парламентарызму, студэнцкага самакіравання, з’явяцца новыя магчымасці для прэзентацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў… А што яшчэ — залежыць ад вас, маладыя людзі. Бо маладзёжны цэнтр — гэта вы і вашы ідэі!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Рэспубліканскім маладзёжным цэнтрам.