Выхоўваем любоў да роднага краю змалку

- 19:41Навіны рэгіёнаў

Сёння павышаецца цiкавасць да культуры, гісторыі і традыцый беларусаў. На вуліцах буйных гарадоў з’яўляецца моладзь у вышыванках, народны арнамент шырока выкарыстоўваецца ў дызайне, пашыраецца ўжыванне роднай мовы, людзі часцей вандруюць па краіне. Педагогі звяртаюцца да гістарычных вытокаў у выхаваўчай рабоце з дашкольнікамі, імкнуцца сфарміраваць у іх любоў да Радзімы змалку. Гэта вельмі важна ў грамадзянскім станаўленні асобы.

Выхоўваю любоў да роднага краю праз вывучэнне яго гісторыі, геаграфіі, культуры і традыцый, беражлівыя адносіны да навакольнага свету, павагу да працы дарослых, знаёмства з дзяржаўнымі сімваламі і дасягненнямі краіны. У рабоце з дзецьмі імкнуся адабраць найбольш цікавую і даступную, яркую і вобразную інфармацыю.

Дашкольнікаў часцей за ўсё знаёмяць з дзяржаўнымі сімваламі, сталіцай і гарадамі, пакідаючы традыцыі, культуру і гісторыю роднага краю па-за ўвагай. Гэта няправільна, бо многія беларускія вёскі вылучаюцца гаворкай, адзеннем, зносінамі, спевамі, пабудовай хат і інш. Сярод іх — Бездзеж. Гонар вёскі — музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, дзе сабрана самая вялікая ў свеце калекцыя фартушкоў. Акрамя таго, тут шырока прадстаўлены прадметы ткац­тва: саматканыя ручнікі, настольнікі, ходнікі, мужчынскае і жаночае адзенне.

Працуючы з дзецьмі, задаю ім пытанні: “Дзе ты жы веш? Назаві вёску, вуліцу”, “Чым знакаміты Бездзеж?”, “Назаві самыя цікавыя будынкі Бездзежа”, “Якія народныя святы нашай вёскі ты ведаеш і адкуль?”, “Праспявай, калі зможаш, беларускую народную песню. Дзе ты яе чуў?”, “Назаві народныя рамёствы. Ці захапляецца ў тваёй сям’і хто-небудзь рукадзеллем, майстраваннем?”, “Ці ведаеш ты, што ў тваёй вёсцы жывуць сапраўдныя майстры? Якія?”. На жаль, некаторыя дзеці не могуць адказаць на многія з гэтых пытанняў. Каб такога не было, склала перспектыўны план работы, да рэалізацыі якога далучыла бацькоў.

Спачатку вызначыла ўяўленні дзяцей пра родную вёску, затым падабрала інфармацыйны матэрыял для мам і татаў і ілюстрацыйны матэрыял для выхаванцаў па тэмах “Мая сям’я” і “Мая родная вёска”, распрацавала прыкладнае тэматычнае планаванне і канспекты заняткаў (“Мы з Бездзежа”, “Мой Бездзеж”, “Залатыя рукі Бездзежа” і інш.).

Старшыя дашкольнікі цікавяцца беларускімі народнымі гульнямі і песнямі. Для падтрымкі гэтай цікавасці падбіраю гульні і песні ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі дзяцей. Паколькі ў маіх выхаванцаў ёсць пэўныя цяжкасці ў правільным вымаўленні беларускіх слоў, падабрала беларускамоўныя пальчыкавыя гульні.

Далей арганізавала работу па фарміраванні эмацыянальна станоўчых адносін да родных мясцін (бацькоўскай хаты, сям’і, вуліцы, вёскі) і развіцці жадання да вывучэння гісторыі і традыцый Бездзежа. Гэтыя задачы вырашаліся на занятках, у гульнявой і працоўнай дзейнасці, у побыце.
Вельмі добра павышаюць пазнавальную актыўнасць дашкольнікаў і паляпшаюць эмацыянальную атмасферу заняткаў гульнявыя прыёмы. Так, дзецям падабаюцца завочныя паездкі і падарожжы ў мінулае вёскі, народныя святы.

Збіраючы матэрыялы па гісторыі Бездзежа, давялося перапрацаваць іх з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі супрацоўнікі музея “Бездзежскі фартушок”, на базе якога былі праведзены заняткі, выставы, прэзентацыі, народныя святы. Дзеці вывучылі гульні, распаўсюджаныя ў вёсцы.

Рыхтавала для бацькоў інфармацыйныя лісткі, дзе змяшчала інфармацыю па гісторыі вёскі, фотаздымкі Бездзежа і вершы пра яго, народныя прымаўкі і прыказкі. Арганізоўвала кансультацыі, сумесныя экскурсіі па вёсцы, выставы і святы. Дзякуючы ім, дашкольнікі пазнаёміліся з вясеннім абрадам-карагодам “Стрылка”, які больш нідзе ў Беларусі не праводзіцца. Ён ладзіцца штогод на першы дзень Вялікадня пасля вячэрняй службы ў храме.

Перспектыўны план работы з дзецьмі ўключае сезонныя святы (Каляды, Масленіца, “Матуліны рукі”, “Саракі — вясна прыйшла!”, Дажынкі, “Багач”, “Восеньскі кірмаш”, Пакроў), міні-выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Залатыя рукі Бездзежа”, прэзентацыю вясковых народных промыслаў і вынікаў міні-даследаванняў “Мы з Бездзежа”, тэматычныя заняткі “Выцінанка”, “Велікоднае яйка — сімвал жыцця”, “Бабулін куфар. Мэбля, посуд, ніткі і ткацтва”, кансультацыі для бацькоў “Складаем радавод” і “Стрылка”, экскурсіі ў музей “Бездзежскі фартушок” і па вёсцы — “Бездзеж: учора, сёння, заўтра”, гульні “Араты і жнеі” і “Млын”, інсцэніроўку казак “Лёгкі хлеб” і “Як воўк калядаваць хадзіў”, стварэнне міні-альбома “Мой Бездзеж” і інш.

Турыстычны маршрут пачынаецца з геаграфічнага пункта Дугі Струвэ. Тут устаноўлены памятны знак — пастамент з чорнага граніту і шар, які нагадвае Зямлю. На ім нанесены межы Беларусі і абазначаны населены пункт Бездзеж. Дуга Струвэ — помнік гісторыі і навукова-тэхнічнай думкі. Працягласць дугі — 2820 км. Яна стваралася больш за 150 гадоў назад з мэтай выяўлення формы і памераў зямной паверхні. Пункты дугі захаваліся на тэрыторыі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Украіны і Беларусі.

Далейшы маршрут праходзіць праз дзве праваслаўныя царквы, адна з якіх пабудавана без ніводнага цвіка і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з рысамі барока.

Наступныя аб’екты маршруту — прыдарожная калона ХVІІІ стагоддзя і каталіцкі касцёл ХІХ стагоддзя, помнік архітэктуры эпохі класіцызму.

Цэнтральны аб’ект маршруту — музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, цэнтр духоўнай культуры рэгіёна.

Пасля рэалізацыі перспектыўнага плана істотна пашырыліся ўяўленні дзяцей пра родную вёску, яе культуру і традыцыі. Выхаванцы даведаліся імёны землякоў, якія праславілі Бездзеж. Больш за тое, актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу сталі бацькі. Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з імі, былі паспяхова вырашаны многія выхаваўчыя задачы. Цяпер працую над перспектыўным планам работы з дзецьмі другой малодшай групы.

Валянціна КАРОГВІЧ,
выхавальніца Бездзежскага ясляў-сада Драгічынскага раёна.