Выхоўваюць на дабрачыннасці

- 12:48Навіны рэгіёнаў

Як выхаваць дзяцей добрымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны? Як сфарміраваць у іх такія якасці, як любоў, спачуванне, адданасць? На думку калектыву Дрыбінскага раённага вучэбна-педагагічнага кабінета, зрабіць гэта магчыма, развіваючы духоўна-маральны патэнцыял кожнага вучня ва ўсіх відах дзейнасці.

— Нашы метадысты даўно вядуць пошук аптымальных шляхоў удасканалення адукацыйнага працэсу. Выхаванне, прывіццё дзецям асноў дабрачыннасці і маралі мы лічым не менш важным, чым навучанне. У гэтым напрамку мы працуем у адзінстве з усімі ўстановамі адукацыі раёна. Сумесна спрыяем таму, каб кожны навучэнец вырас сумленным, добрым, клапатлівым, працавітым чалавекам і змог знайсці сваё месца ў жыцці. Гэтую важную выхаваўчую задачу мы вырашаем праз прыцягненне вучняў да ўдзелу ў розных раённых мерапрыемствах. Так, ужо традыцыяй стала дзейнасць агітбрыгады “Настаўнік — гэта назаўсёды”, правядзенне дня знаёмстваў “Творчасць у суаўтарстве з настаўнікам”. Гэтыя мерапрыемствы даюць навучэнцам магчымасць прэзентаваць свае дасягненні. І што самае галоўнае — фарміруюць у іх такія якасці, як адказнасць, гатоўнасць пераадольваць цяжкасці, вера ў сябе і сваіх таварышаў, беражлівыя адносіны да слова, павага і ўдзячнасць. Усё гэта дапамагае школьнікам усвядоміць сваю значнасць у гэтым свеце, — расказала загадчык Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.В.Тарасенка.

Значную ўвагу на Дрыбіншчыне ўдзяляюць выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да роднага слова. Далучаюць дзяцей да беларускасці па-рознаму. Напрыклад, на ўсіх раённых мерапрыемствах заўсёды гучыць родная мова.

— Далучэнне дзяцей да родных вытокаў мы лічым задачай асаблівай важнасці. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваем розныя спосабы. Вельмі эфектыўным аказалася правядзенне стэндавай прэзентацыі “Вазьмi з сабою на ўрок” для раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. У той жа час мы разумеем, што любоў да роднага слова нельга разгля­даць асобна ад любові да сваёй сям’і. І гэты значны выхаваўчы момант таксама прысутнічае на нашых мерапрыемствах. Стварэнне і прэзентацыя сямейнага альбома “Сям’я. Што можа быць даражэйшым…” у рамках раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце фарміруюць эмацыянальна насычаны вобраз роднага дома, умацоўваюць сямейную згуртаванасць, — адзначыла Любоў Васільеўна.

Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак узаемадзеяння РВМК з установамі адукацыі — выхаванне навучэнцаў патрыётамі па прынцыпе “ад блізкага да далёкага”. Значнае месца ў гэтай сумеснай дзейнасці займае мерапрыемства “Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне як адзін са складнікаў адукацыйнага працэсу”, напоўненае любоўю і гонарам, павагай і радасцю, адданасцю і захапленнем.

— Ключавыя словы гэтага мерапрыемства: сонца, дабро, любоў, асоба, грама­дзянін, патрыёт, зямля, свет, будучыня. Менавіта такі падыход дае нам магчы­масць фарміраваць у навучэнцаў найвышэйшыя маральныя каштоўнасці, якасці патрыёта і абаронцы Радзімы, — паведаміла Л.В.Тарасенка.

Першаснае значэнне ў Дрыбінскім РВМК надаюць сістэмнаму метадычнаму суправаджэнню прафесійнага росту педагогаў, бо разумеюць: толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць добрага выніку ў выхаванні. Так, на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце разгледзелі тэму “Духоўна-маральнае выхаванне як актуальная праблема школьнага выхавання”. Педагогі грунтоўна раскрылі асноўны змест духоўна-маральнага выхавання, прэзентавалі актыўныя формы работы ў гэтым напрамку, разгледзелі магчымасці стварэння сучасных мадэляў дзейнасці па духоўна-маральным выхаванні.

— Лейтматыў гэтаму мерапрыемству задалі самі дзеці. Навучэнцы Бельскага ВПК, вітаючы педагогаў, падкрэслілі, што душа кожнага чалавека як зародак цудоўнай кветкі. Расквітнее гэта кветка ці не — усё залежыць ад духоўнага выхавання і адукацыі, атрыманых у сям’і і школе, — заўважыла Любоў Васільеўна.

У Бельскім яслях-садзе — сярэдняй школе выбудавана эфектыўная сістэма работы па духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення, значная роля ў якой адводзіцца класным кіраўнікам. З практыкай работы ў гэтым кірунку калег азнаёміла намеснік дырэктара ўстановы па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.В.Чарнова. Свае напрацоўкі прэзентавалі таксама намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Раснянскай сярэдняй школы І.В.Яжова, намеснік ды­рэктара па выхаваўчай рабоце Міхееўскай сярэдняй школы Т.В.Зайцава, намеснік ды­рэктара па выхаваўчай рабоце Трылесінскай сярэдняй школы В.У.Радзькова.

— Падчас мерапрыемства нашы педагогі не толькі азнаёміліся з актыўнымі і інавацыйнымі формамі работы па духоўна-маральным выхаванні, але і навучыліся прымяняць іх у практычнай дзейнасці з дзецьмі. У іх узнікла жаданне расці прафесійна, творча падыхо­дзіць да планавання дзейнасці па гэтым напрамку, ствараць новыя сучасныя мадэлі для таго, каб зародак кветкі ў душы кожнага вучня абавязкова расквітнеў. На рэфлексіі нашым настаўнікам было прапанавана сабраць выказванне вялікага рускага пісьменніка Льва Мікалаевіча Талстога. У працэсе сумеснай працы атрымалася цытата “…З усіх навук, якія чалавек можа і павінен ве­даць, самая галоўная — навука аб тым, як жыць, робячы як мага менш зла і як мага больш дабра”. Гэта не проста словы,  не проста выказванне. Гэта, на мой погляд, заклік і інструкцыя да дзеяння для кожнага з нас. Бо духоўна-маральнае выхаванне — залог дабрабыту не толькі асабістага, але і ўсеагульнага, у тым ліку дабрабыту нашай Беларусі, — падкрэсліла Л.В.Тарасенка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.