Выхоўваюць праз добрыя справы

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Першымі на Лепельшчыне статус “школы міру” атрымалі сярэдняя школа № 3 і яслі-сад № 9 райцэнтра.

Дырэктар установы адукацыі Аляксандр Бруцкі-Стампкоўскі і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Кулеш знаёмяць са школьным музеем.

У Міжнародны дзень міру да праекта Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Сетка школ міру” на Віцебшчыне далучыліся адразу дзве ўстановы адукацыі. У вобласці гэта дзявятая па ліку “школа міру”, а ў дачыненні да дашкольнай установы — першы ў нашай краіне падобны прыклад. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі прадстаўнікі Беларускага фонду міру — старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення фонду Таццяна Туманава і кіраўнік раённай арганізацыі Ігар Урбан. Новыя ўдзельнікі праекта свае намаганні накіроўваюць на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Дзеці і падлеткі разам з педагогамі дапамагаюць ветэранам, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні помнікаў і воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, вядуць пошукавую работу, чым і тлумачыцца прысваенне школе і яслям-саду ганаровага статусу. Загадчыца ясляў-сада № 9 Святлана Шкіндзер упэўнена: школа міру — не штосьці асобнае і незалежнае ад адукацыйнага працэсу, гэта тое, што звязана з выхаваннем і адукацыяй напрамую, што падтрымліваюць бацькі. Праект пашырае магчымасці выхавання і фарміравання ў дзяцей з ранняга ўзросту дабрыні, станоўчых адносін да свету, імкнення да паразумення і добрасуседства, любові да людзей, патрыятызму, наглядна дэманструе пераемнасць у выхаваўчай рабоце паміж установай дашкольнай і сярэдняй адукацыі. Абодва педагагічныя калектывы прытрымліваюцца прынцыпу выхавання праз справу. У яслях-садзе ў працэсе выхавання шырока задзейнічаны інтэрактыўныя гульні, відэаматэрыялы: так хлопчыкам і дзяўчынкам прасцей засвойваць і запамінаць інфармацыю. Вопытныя педагогі з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, багатым вопытам работы ведаюць, як і пра што гаварыць з дзецьмі такога ўзросту, каб яны зразумелі, што такое дабро і зло, як важна захоўваць мір і наколькі няпроста гэта рабіць.

— Мы сабраліся для выканання выдатнай місіі, — акцэнтавала ўвагу Таццяна Туманава падчас урачыстай цырымоніі пасвячэння лепяльчан у міратворцы. — 21 верасня рашэннем Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень міру з мэтай заклікаць усё чалавецтва да спынення войнаў, спрэчак і рознагалоссяў. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень мы ўпершыню пасвячаем у міратворцы выхаванцаў дзіцячага садка: яны — наша заўтра, такіх юных удзельнікаў у нашых шэрагах пакуль няма ні ў адным кутку рэспублікі. А нядаўна ўся краіна адзначыла яшчэ адно важнае свята — Дзень народнага адзінства. Думаю, гэтыя два святы глыбока звязаны паміж сабой і накіраваны на той самы мір, пра які мы сёння гаворым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.