Вывучаем Смаргоншчыну

- 12:16Навіны рэгіёнаў

Мэтанакіраваная работа па выхаванні патрыятызму і грамадзянскасці вядзецца ва ўстановах адукацыі Смаргонскага раёна. У прапагандзе школьнага краязнаўства і сістэматызацыі гэтай дзейнасці неабходна адзначыць пазітыўную ролю мерапрыемстваў, якія традыцыйна праводзіць Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Гэта раённая школа турыста-краязнаўца, маладзёжнае бюро віртуальных экскурсій, злёт юных экскурсаводаў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца навучэнцы сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

Праз такія формы работы, як краязнаўчыя турніры, квесты, віртуальныя экскурсіі, паходы, фарміруецца патрыятызм і цікавасць да роднага краю, паглыбляюцца веды аб ім. У Год малой радзімы вывучэнне роднага краю асабліва актуальнае. Вынікі працы па вывучэнні малой радзімы ў 2018 годзе былі падведзены на раённай краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Культурна-гістарычная і духоўная спадчына малой радзімы”.

Навукова-даследчыя і прэзентацыйныя работы ў намінацыях “Духоўная спадчына” і “Матэрыяльная спадчына” выконваліся вучнямі як індывідуальна, так і ў творчых групах пад непасрэдным кіраўніцтвам педагогаў на працягу ўсяго года. У працэсе падрыхтоўкі канферэнцыі раскрыты новыя старонкі гісторыі Смаргонскага раёна, яго станаўлення і росквіту, вывучаны шырокі пласт архіўных дакументаў, у тым ліку з сямейных архіваў, дадзены аналіз знойдзеных матэрыялаў. Праведзена вялікая работа па запісе ўспамінаў старажылаў. Сабраны новыя матэрыялы пра гісторыю населеных пунктаў раёна, гісторыю помнікаў культуры і мастацтва, аб характэрных кутках малой радзімы, абрадах, традыцыях, аб людзях, якія праславілі наш край.

Навучэнцы сярэдніх школ № 1 і № 5 Смаргоні, Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы даследавалі вясельныя абрады Смаргоншчыны і асаблівасці святкавання Купалля ў аграгарадку Залессе. Шмат цікавага аб традыцыйных стравах нашых бабуль расказалі навучэнцы сярэдняй школы № 3 Смаргоні. Выяўленнем новых малавядомых фактаў аб вадзяных млынах на тэрыторыі Смаргонскага раёна зацікавіліся юныя даследчыкі сярэдняй школы № 2 Смаргоні і Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Навучэнцы Сінькоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы звярнуліся да малавывучанай тэмы і з цікавасцю даследавалі асаблівасці ўзнікнення сядзібы Ціцына, размешчанай на тэрыторыі аграгарадка.
Пераможцай у намінацыі “Матэрыяльная культура” стала навучэнка Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ларыса Міхалькевіч, у намінацыі “Духоўная культура” — навучэнка сярэдняй школы № 5 Смаргоні Кацярына Яроўская.

Канферэнцыя ўнесла значны ўклад у фарміраванне краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў па гісторыі Смаргонскага раёна, садзейнічала павышэнню цікавасці да навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі сваёй малой радзімы і Смаргонскага раёна, аб’яднала краязнаўцаў раёна. Гісторыя малой радзімы не можа не хваляваць сённяшніх навучэнцаў. Яны імкнуцца ведаць і памятаць культурную і духоўную спадчыну старэйшага пакалення, свае карані.

Вольга ВАСІЛЕНКА,
загадчыца аддзела турыстычна-краязнаўчай работы Смаргонскага РЦТДіМ.