Праект нашай газеты і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў” стартаваў у 2015 годзе. З таго часу журналісты “Настаўніцкай газеты” пабывалі ў самых розных куточках Беларусі. Ваўкавыск, Мсціслаў, Паставы, Полацк, Вілейка, Ашмяны, Лельчыцы — усюды нас сустракалі таленавітыя і працавітыя педагогі, цікаўныя і ініцыятыўныя навучэнцы. Кіраўнікі калектываў расказвалі пра свае творчыя лёсы і крыніцы натхнення, дзяліліся педагагічнымі прыёмамі і проста шчырымі парадамі.
У 2015 годзе рубрыку адкрывала інтэрв’ю Алега Іванавіча Лебедзева — кіраўніка народнага хору “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці. Цяпер, калі надышоў час развітвацца з нашымі героямі і чытачамі, мы вырашылі зноў вярнуцца ў Пінск, у той самы каледж. Ды на гэты раз — да сына Алега Іванавіча. Сёння ў апошнім выпуску рубрыкі — кіраўнік народнай студыі эстраднай песні Уладзімір Алегавіч Лебедзеў.
Ад белага тульскага баянчыка…
Пра музычныя карані сям’і Лебедзевых Алег Іванавіч ужо расказваў у нашым праекце — яго мама іграла на асецінскім гармоніку, бацька спяваў казацкія песні. Яго сын, Уладзімір Алегавіч, які рос на Палессі, меў магчымасць пачуць яшчэ і беларускую народную песню. А яшчэ быў рэгулярным слухачом у бацькі. Недзе ў сямейным архіве нават здымак захаваўся: пакуль Алег Іванавіч рыхтаваў праграмы да заняткаў у вучылішчы, 8-месячны сын сядзеў побач і з усіх сіл барабаніў лыжкай — відаць, дапамагаў! З такога змяшэння народных песень і рэпетыцый таты-баяніста і ўтвараліся яго ўяўленні пра музычную культуру.
— Бацькі ніколі не прымушалі займацца музыкай, — расказвае Уладзімір Алегавіч. — Я паспеў паспрабаваць сябе ў лёгкай атлетыцы, займаўся аўта-, авія- і суднамадэляваннем. Нават на танцы пачынаў хадзіць. Але ў выніку ўсё роўна захацеў у музычную школу і стаў вучыцца іграць на баяне — белым тульскім баянчыку, які ўжо стаў сямейнай рэліквіяй.
Настаўнік дагэтуль памятае, як сядзеў з інструментам ля адчыненага акна і рэпеціраваў, пакуль у двары хлопцы ганялі ў футбол. Але кінуць заняткі і таксама пабегчы за мячом не хацелася, бо ўсё жыццё даўно сканцэнтравалася вакол музыкі.
— У мяне былі сябры, якія падзялялі мае інтарэсы — мы разам ігралі ў трыа баяністаў. Была цудоўная настаўніца — Надзея Трафімаўна Буцько. Так атрымалася, што я вучыўся ў яе 10 гадоў! Спачатку яна прыняла мяне ў музычную школу, пасля сканчэння яшчэ год, пакуль я давучваўся ў агульнаадукацыйнай школе, рыхтавала да паступлення ў музычнае вучылішча, а калі я паступіў, яна таксама працавала там: запрасілі выкладаць.
Усё гэта, ды яшчэ сямейная любоў да музыкі, і вызначыла шлях Уладзіміра Алегавіча. На першую канцэртмайстарскую практыку ён прыйшоў у вучылішча — дапамагаць бацьку. Днём акампаніраваў “Крынічаньцы”, а па вечарах кіраваў апаратурай падчас дыскатэк. І нават да такой, здавалася б, простай працы ставіўся з цікавасцю.
— Ведаеце, як гэта было ў 90-я гады — магнітафон і пульт. А ў нас яшчэ і святламузыка была — ладзілі лепшыя дыскатэкі ў горадзе! — смяецца педагог.
Дзякуючы тагачаснаму дырэктару каледжа Уладзіміру Мінавічу Галкіну, які падтрымліваў самыя амбіцыйныя задумы хору і студыі, у іх з’явілася і першая ў горадзе “Ямаха” — не будзеш жа сучасныя песні выконваць пад баян! Бацька з сынам асвоілі гуказапіс, рыхтавалі фанаграмы для выступленняў. (Падчас інтэрв’ю нават правялі для мяне маленькі майстар-клас.) А калі з’явілася першая камера — пачалі здымаць цэлыя фільмы пра каледж. У той час гэта выклікала захапленне і ў навучэнцаў, і ў гасцей. Гэтае хобі захавалася ва Уладзіміра Алегавіча і сёння.
…праз упартую працу…
Дзякуючы сумеснай творчасці бацькі і сына, навучэнцы каледжа знаёмяцца і з народнай, і з сучаснай культурай. З першых дзён вучобы яны трапляюць на праслухоўванне да Алега Іванавіча і Уладзіміра Алегавіча, і з гэтага моманту пачынаецца іх пагружэнне ў музыку, якое для многіх не скончыцца ніколі.
— Праслухоўванне — гэта сапраўды вельмі эфектыўна, — падкрэсліла педагог-арганізатар Алена Віктараўна Салівон. — Я таксама далучаюся да іх, каб пазнаёміцца з першакурснікамі, знайсці актыўных і зацікаўленых навучэнцаў, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах каледжа.
Калі ў хоры звычайна займаецца каля 40 навучэнцаў, то ў студыю эстраднай песні трапляе каля 15 чалавек.
— Мы адбіраем лепшых, бо калі спяваеш сольна, то любая памылка адразу “лезе ў вуха”, — тлумачыць такую патрабавальнасць да сваіх выхаванцаў Уладзімір Алегавіч. — Але гэта не значыць, што мы не даём навучэнцам паспрабаваць сябе.
Прыйсці на заняткі можа кожны — каб спець і атрымаць аб’ектыўную ацэнку, каб паслухаць, як займаюцца іншыя, і паспрабаваць паўтарыць. Упартасць і стараннасць часам даюць лепшыя вынікі, чым прыродны талент.
Часта ў студыі можна заўважыць такую карціну: дзяўчынкі стаяць па кутах і спяваюць адну і тую ж песню. Не падумайце, гэта не
пакаранне. Проста так кожная можа пачуць свой голас, заўважыць і выправіць памылкі.
Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:
На працягу амаль 20 гадоў рэспубліканскі фестываль “Арт-вакацыі” дазваляе творчым калектывам навучэнцаў дэманстраваць свае навыкі і дасягненні. Мы ведаем, што за кожным з іх стаяць яркія асобы — і саміх выканаўцаў, і іх кіраўнікоў. Таму ў 2015 годзе па выніках рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі” мы пачалі інфармацыйна-метадычны праект “Галерэя творцаў”.
Ён стаў своеасаблівай пляцоўкай для прадастаўлення перадавога педагагічнага вопыту і падтрымкі творчых ініцыятыў, імпульсам для далейшай плённай працы. Журналісты “Настаўніцкай газеты” збіралі творчыя ўспаміны, задумкі і памкненні, каб скласці сапраўдную анталогію мастацкай творчасці пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”, шматгадовы творчы вопыт якіх заслугоўвае самай высокай ацэнкі і прызнання.
Паважаныя ўдзельнікі праекта “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў”, дазвольце выказаць словы глыбокай падзякі кожнаму кіраўніку творчага аб’яднання за складаную і адказную працу, за адданасць прафесіі, дабрыню, увагу і любоў да навучэнцаў. Ваша добрасумленная праца, адданасць сваёй прафесіі спрыяюць захаванню культурнай спадчыны, умацаванню сувязей паміж пакаленнямі і развіццю мастацкіх традыцый Беларусі.
Наперадзе новыя праекты, новыя ідэі, новыя творцы, якія ўпрыгожаць “Галерэю творцаў” яркім ззяннем у сузор’і лепшых імёнаў краіны.
Праз год Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці адзначыць 50-годдзе. Паўстагоддзя ён рыхтуе работнікаў швейнай прамысловасці для прадпрыемстваў рэгіёна. Выпускнікі каледжа становяцца супрацоўнікамі ААТ “Палессе”, мэблевай фабрыкі “Пінскдрэў-Адрыяна”. Запатрабаваны яны і на сталічных прадпрыемствах “Элема” і “Галантэя”, салігорскай фабрыцы “Калінка”.
Таксама ў каледжы можна атрымаць прафесію цырульніка. Тут працуе вучэбная майстэрня, дзе навучэнцы трэніруюць свае навыкі на практыцы, і жыхары горада ахвотна яе наведваюць.
Ёсць сярод абітурыентаў запыт і на спецыяльнасць аператара электронна-вылічальных машын. Для іх тут таксама ствараюць усе ўмовы — рэгулярна абнаўляюць парк камп’ютараў і ноўтбукаў.
Усе без выключэння навучэнцы наведваюць гурткі і спартыўныя секцыі. Выбраць можна любое з 22 аб’яднанняў па інтарэсах.
Знайсці свае хібы дапамагае і запіс голасу. Уладзімір Іванавіч запісвае рэпетыцыі сваіх вучаніц, каб пасля схаваць музыку і даць ім паслухаць “голы” голас. Лепшага сродку паказаць памылкі і не прыдумаеш.
— Тыя, хто займаецца і ў хоры, і ў студыі, спяваюць штодзень, — падкрэсліў педагог. — Гэта як трэніроўкі для спартсменаў — навучэнцы напрацоўваюць навык. У нас ёсць такое правіла: за першы год яны развучваюць толькі адну-дзве песні. Але робяць гэта так, каб іх прыняла зала.
Далей рэпертуар расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Той, хто авалодаў асновамі (навучыўся карыстацца голасам, прыгожа рухацца на сцэне і наладжваць эмацыянальны кантакт з гледачом) і выдатна выконвае адну песню на 1-м курсе,
на 2-м можа асвоіць і дваццаць.
— Увесь гэты час нашы салісты выступаюць у складзе хору — гэта дапамагае прывыкнуць да сцэны: разам не так страшна выходзіць да публікі, — тлумачыць Уладзімір Алегавіч. — З часам пачынаюць выступаць на мерапрыемствах каледжа, пасля — падчас прафарыентацыйных паездак у школы. Там яны больш разняволеныя, бо сярод гледачоў няма сяброў і аднагрупнікаў, якіх некаторыя, можа, саромеюцца. Калі нумар цалкам гатовы, паказваем яго падчас канцэртаў на прадпрыемствах і гарадскіх святах.
На першых выступленнях педагог запісвае не толькі гук, але і відэа, бо часта дэбютант хвалюецца (ці, наадварот, цалкам аддаецца музыцы) і не заўважае недарэчных рухаў, скаванасці ці іншых памылак. Таму пасля разам з педагогам “свежым вокам” праглядае свой нумар, асобныя моманты адпрацоўвае перад люстэркам.
— Нешта можам падгледзець у артыстаў, чые вобразы блізкія навучэнцам. Калі толькі вучышся, няма нічога дрэннага ў тым, каб пераймаць лепшае, — дадае Уладзімір Алегавіч.
…да каштоўных дасягненняў
Асабліва радуе педагогаў, калі з цягам рэпетыцый у навучэнцаў фарміруецца сваё сцэнічнае “я”.
— Мы назіраем, як яны сталеюць, пачынаюць па-іншаму ставіцца да заняткаў і выступленняў, — расказвае Уладзімір Алегавіч. — Да нас яны прыходзяць падлеткамі, несфарміраванымі нават анатамічна: яшчэ мяняюцца голас, тэмбр, афарбоўка. І ўжо тут становяцца дарослымі. Вельмі заўважна, напрыклад, калі першае каханне з’яўляецца — зусім іншыя эмоцыі ў выкананні, навучэнцы пачынаюць адчуваць, асэнсоўваць, што спяваюць.
Педагогі ведаюць не толькі пра сардэчныя справы, але і пра вучобу, вольны час, сям’ю сваіх вучняў. Бо ў калектывах (дакладней — калектыве: хор і студыю падзяліць немагчыма) асаблівыя сяброўскія адносіны, агульны творчы настрой апантаных адной справай падлеткаў і дарослых.
— У гэтым, я думаю, спецыфіка самадзейнасці: у нас няма зносін “настаўнік — вучань”, няма журналаў і адзнак. Дзеці прыходзяць і застаюцца, калі ім цікава і ўтульна, — падсумаваў Уладзімір Алегавіч.
— А мы працуем, каб падтрымаць іх імкненне вырвацца са свайго будзённага жыцця і дасягнуць нечага большага, — скончыў яго думку Алег Іванавіч.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва студыі эстраднай песні.