Вызначаны лепшыя ўстановы спецыяльнай адукацыі Мінска

- 10:36Спецыяльная адукацыя

У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Для ўдзелу ў ім у аргкамітэт былі пададзены інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы ад 18-ці сталічных устаноў спецыяльнай адукацыі. Конкурс праходзіў з 21 па 30 верасня па наступных намінацыях: “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”, “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”, “Лепшая дапаможная школа-інтэрнат”, “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

Конкурс з’яўляецца адкрытым і праводзіцца адзін раз у тры гады з мэтай удасканалення сістэмы спецыяльнай адукацыі, павышэння якасці і даступнасці адукацыі для асоб з АПФР, развіцця творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў у рэалізацыі зместу адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі, а таксама з мэтай выяўлення, абагульнення і распаўсюджання педагагічнага і кіраўніцкага вопыту работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі.

У склад журы ўваходзілі спецыялісты камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога ЦКРНіР, МГІРА і НІА. Старшыня журы конкурсу — Марына Браніславаўна Юркевіч, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Крытэрыямі ацэнкі конкурсных матэрыялаў з’яўляюцца: актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі; адкрытасць і сувязь з соцыумам; даступнасць атрымання спецыяльнай адукацыі; эфектыўнасць і ўмовы функцыянавання ўстановы спецыяльнай адукацыі; выкарыстанне сучасных тэхналогій у рабоце ўстановы спецыяльнай адукацыі; інклюзіўны падыход да адукацыі; адпаведнасць зместу конкурснага матэрыялу заяўленай тэме.

“Члены журы ў ходзе абмеркавання прадстаўленых конкурсных матэрыялаў адзначылі добры ўзровень падрыхтоўкі ўстаноў, — расказала Міраслава Пятроўна Нямчонак, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, намеснік старшыні журы. — У конкурсных работах прасочваецца вырашэнне асноўных задач спецыяльнай адукацыі па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, развіцця інклюзіўных працэсаў, падрыхтоўкі навучэнцаў з АПФР да працоўнай дзейнасці, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства, а таксама па ўкараненні сучасных адукацыйных тэхналогій, развіцці інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. У той жа час выяўлены і недахопы: не заўсёды была вытрымана структура інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў, у некаторых работах быў перавышаны аб’ём”.

Пераможцамі гарадскога этапу конкурсу сталі:

у намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова” — спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку;

у намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)” — спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска;

у намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)” — дапаможная школа-інтэрнат № 7 Мінска;

у намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” — Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ленінскага раёна Мінска.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.