Вызначылі лепшага выхавальніка

- 12:37Навіны рэгіёнаў

Прафесійныя, адукаваныя, творчыя, бязмежна ўлюбёныя ў сваю справу і дзяцей. Такія яны — выхавальнікі дашкольных устаноў адукацыі Дрыбінскага раёна. Лепшыя з іх былі адзначаны.

Як паведаміла загадчыца мясцовага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка, напярэдадні навагодніх свят у раёне падвялі вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы выхавальнік”.

— Гэта прафесійнае спаборніцтва мы ладзім перыядычна. Галоўная мэта — выяўленне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту ў сістэме дашкольнай адукацыі раёна. Акрамя таго, праз конкурсны рух мы імкнёмся падняць прэстыж прафесіі выхавальніка, паказаць, што кожны з іх — гэта чалавек, які сваімі ведамі, талентам, майстэрствам і любоўю імкнецца да таго, каб нашы малышы сталі годнай будучыняй краіны, — расказала Любоў Васільеўна.

Па яе словах, удзел у конкурсе прымалі дванаццаць выхавальнікаў з дзесяці дашкольных устаноў. Выбраць лепшага па прафесіі — задача няпростая, таму конкурс праводзіўся ў два этапы. На першы — завочны — выхавальнікі прадставілі асабістае партфоліа сістэматызаванага педагагічнага вопыту. Кожнае партфоліа ўключала ў сябе эсэ “Мая педагагічная філасофія”, якое давала ўяўленне пра суб’ектыўныя погляды ўдзельнікаў на сваю прафесію, разуменне канкурсантам сутнасці выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту.

Падчас вочнага тура канкурсанты правялі адкрытыя заняткі ў сваіх групах і зрабілі іх самааналіз. Гэтае заданне найлепшым чынам паказала прафесійнае майстэрства ўдзельнікаў. Усе яны ўмеюць хутка авалодваць увагай дзяцей, знаходзіць падыход да кожнага малыша, захапляць яго працэсам сутворчасці.

Апошнім іспытам для канкурсантаў стала творчая самапрэзентацыя “Я — выхавальнік. Гэта значыць…”. І зноў усе ўдзельнікі змаглі добра праявіць сябе. Яны змястоўна і арыгінальна расказалі пра свае педагагічныя пазіцыі, стаўленне да прафесіі ў цэлым, пераканалі журы, што быць выхавальнікам — іх прызванне.

— Выбар лепшага з лепшых даўся няпроста. Конкурсныя заданні паказалі, што ўсе ўдзельнікі — яркія, творчыя асобы, што яны цалкам прысвячаюць сябе малышам, “гараць” выбранай некалі прафесіяй, — адзначыла Любоў Тарасенка.

У выніку дыпломамі ІІІ ступені былі адзначаны выхавальнік дрыбінскага ясляў-сада № 2 Жанна Масалава і выхавальнік Трылесінскага ясляў-сада Людміла Каранькова. Другое месца было прысуджана выхавальніку Цёмналескага ясляў-сада — базавай школы Але Паташковай. А пераможцам конкурсу была прызнана выхавальнік Міхееўскага ясляў-сада Людміла Багародава.
Пераможца і прызёры, акрамя ганаровых дыпломаў, атрымалі ва ўзнагароду грашовыя прэміі. Астатнім удзельнікам былі ўручаны заахвочвальныя дыпломы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.