“Я хацела працаваць толькі ў сельскай школе”

- 14:57Людзі адукацыі, Рознае
Вось нарэшце і вясна! Кожны чакае ад гэтай пары перамен, ажыццяўлення мар, сонечнага настрою. Для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў да гэтых пачуццяў прымешваецца яшчэ і трывога, бо для іх гэта час, калі вырашаецца іх лёс мінінум на два гады: хутка пачнецца размеркаванне. Хтосьці марыць застацца ў Мінску, хтосьці — у сваім родным горадзе. Для большасці толькі буйны горад з’яўляецца сінонімам прафесійнага росту, цікавага вольнага часу, магчымасці стварыць сям’ю. І кожны малады спецыяліст спадзяецца, што яго праміне лёс працаваць дзе-небудзь у глушы, як коласаўскага Лабановіча. Але, на шчасце, сярод іх сустракаюцца і тыя, хто хоча працаваць менавіта ў такой школе. Адна з іх — наша гераіня Наталля Вайцяхоўская, якая ўжо другі год працуе настаўніцай малодшых класаў у Светлаборскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Менавіта тут яна знайшла сваё прызванне, душэўны адпачынак, каханне, а нядаўна яшчэ і атрымала званне лепшага маладога спецыяліста ў сферы адукацыі Пухавіцкага раёна. І хоць у яе класе ўсяго толькі 4 вучні, яна абышла ў майстэрстве сваіх калег з гарадскіх школ і гімназій.
Перспектывы юрыста не для мяне

У Светлым Бары жывуць 649 жыхароў, пяцьдзясят з іх — школьнікі, якія вучацца ў мясцовай школе. Настаўнікаў таксама нямнога — усяго сямнаццаць. Цікава, чым кіруецца сучасная маладая настаўніца, калі свядома выбірае школу нічым не прыкметную ў ціхай вёсцы? Усе славутасці пасёлка — Пухавіцкая кардонная фабрыка, якая, праўда, некалі была вельмі вядомай на ўвесь Савецкі Саюз, і Палац культуры — драўляная хатка, якая месціцца на школьным падворку. А сама школа — дзве невялікія пабудовы для малодшых і старшых класаў. Асобныя памяшканні маюць спартыўная зала, бібліятэка, сталовая. Тут няма актавай залы, няма гульнявога пакоя, басейна і іншых рэчаў, якія для вучняў сучасных школ становяцца звыклымі. Але, па словах маладой настаўніцы, тут ёсць тое, чаго няма ні ў адной самай сучаснай школе.
“З дзяцінства ў мяне была мара стаць настаўніцай, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Звычайна такое жаданне нараджаецца ў дзіцяці, калі яго бацькі — настаўнікі, і дзіцяці лагічна працягваць іх справу. У маёй жа сям’і ніколі не было настаўнікаў. Але мы жылі ў сямейным інтэрнаце і дзяцей там было многа, і жадаючых пагуляць “у школу” кожны дзень было хоць адбаўляй. Нехта з маіх суседзяў недзе дастаў сапраўдную ўказку, у нас быў класны журнал, у кожнага вучня былі сшыткі і прага вучыцца ў нашай школе. Не ведаю, як мае калегі па той імправізаванай школе, але я ўжо тады была ўпэўнена, што буду толькі настаўніцай. Я нават не магла ўявіць сябе ў іншай ролі. У школе (я вучылася ў Блонскай школе, самай вялікай у раёне) захаплялася сваімі настаўнікамі. Мне падабалася, як яны будавалі адносіны з намі, і ўяўляла сябе на іх месцы.
Мама не хацела слухаць пра маю мару, лічыла, што нічога, акрамя сапсаваных нерваў, прафесія настаўніка мне не дасць, у тым ліку ў фінансавым плане. І па яе патрабаванні пасля дзявятага класа я падала дакументы ў юрыдычны каледж БДУ, — менавіта юрыспрудэнцыю яна лічыла перспектыўнай для мяне. Я добра здала экзамены, але маме не прызналася, што паступіла. Забрала дакументы і пайшла ў дзясяты клас. Прызналася ў гэтым, толькі калі скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Дарэчы, тады быў вялізны конкурс, мне не хапіла літаральна некалькіх балаў для бюджэтнага навучання, і я пайшла на платнае”.

Кожны выхадны — на адпачынак

Падчас практыкі Наталля дакладна вырашыла, што не будзе працаваць у гарадской школе. Пасля заканчэння ўніверсітэта размеркавання ў яе як у “платніцы” не было, з мноства школ (запытаў было вельмі многа) яна выбрала менавіта Светлаборскую. Па спецыяльнасці Наталля Генадзьеўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры і пачатковых класаў. Але працаваць захацела менавіта з першакласнікамі.
“Вясковыя дзеці пяшчотныя, несапсаваныя, непасрэдныя, асабліва малышы, і зносіны з імі — неверагодная асалода, — гаворыць настаўніца. — Гарадскія дзеці прывыклі да даброт, і іх цяжка нечым здзівіць. Я гляджу ў прыватнасці на іх “захворванне” гаджэтамі, і шкадую іх. Для іх гэта ледзь ці не галоўная тэма ўзаемаадносін. Канечне, нашы дзеці таксама іх маюць, мы вучым іх карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі, але да “хваробы” гэта не даходзіць. Яны яшчэ не развучыліся здзіўляцца. Я ніколі не забуду, як вазіла першы раз дзяцей у сталічны тэатр. Перадаць эмоцыі Алёнкі, калі яна праехала ў метро, проста немагчыма словамі! Ды і яна не магла апісаць свае адчуванні!
З усіх маіх чатырох вучняў толькі яе выхоўваюць мама разам з татам, у астатніх — не так усё проста. Калі жывеш у вёсцы, з ранку да вечара на рабоце, маеш агарод, падворак, ды яшчэ адна выхоўваеш дзіця, складана знайсці магчымасць арганізаваць дзіцяці адпачынак у Мінску ці той жа Мар’інай Горцы. Таму мы стараемся ніводных выхадных не згубіць: то на каток едзем, то ў лялечны тэатр, то ў кіно, то на навагодні паказ, то на выставы. Мне ім столькі трэба паказаць! Мне падабаецца проста назіраць за іх рэакцыяй, іх эмоцыямі. Падкупляюць і словы падзякі ад бацькоў і іх разуменне маёй справы”.
Дарэчы, колькі б ні каштавала экскурсія ці білет, бацькі ні разу не адмовіліся і толькі рады, што настаўніца ўзяла на сябе адпачынак іх дзяцей, і не стамляюцца дзякаваць. Некаторыя калегі па-добраму стрымлівалі Наталлю Генадзьеўну, жартавалі: “Не сядзіцца вам на месцы”, а потым сталі далучацца. Цяпер ужо сталічныя і мясцовыя славутасці школьнікі вывучаюць вялікай кампаніяй. На канікулах яны разам адпраўляюцца ў паходы, спяваюць каля вогнішча, гуляюць з мячом, ладзяць спартландыі і, канечне, разам смажаць сала ці бульбу.

Трымайцеся, да вас прыйдзе Сярожа

“Маладосці ўласціва лёгкадумнасць, а Наталля Генадзьеўна адразу прыйшла да нас з вельмі сур’ёзным настроем, — гаворыць дырэктар школы Юлія Яўгенаўна Бадрова. — Прызнаюся, я не была ўпэўнена, што яна гатова працаваць у нашай школе. Але яна імгненна знайшла кантакт з дзецьмі, згуртавала клас. Хаця можа падацца, што ў маленькім класе праблемы лягчэй вырашаць. Акрамя таго, у нас няма штатнага псіхолага, і ёй прыйшлося самой выконваць яго функцыі, у прыватнасці, адаптаваць дзяцей да навучання ў школе”.
“Ціхмянымі нашых дзяцей не назавеш, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Адзін толькі Сярожа абыдзе пяцярых самых заўзятых гарэз. Ён вельмі здольны хлопчык, але паводзіны (уздыхае праз усмешку) нямала папсапсавалі мне нервы. Першы год быў нялёгкім: ён часта зрываў урокі, мог песню завесці і ніяк ні спыняцца, а мог проста сабрацца і пайсці дадому альбо залезці пад парту. Як яго прымусіць сесці на месца, калі ён не рэагуе ні на просьбы, ні на крыкі, ні на пагрозы, ні на ўсялякія настаўніцкія хітрыкі? Зразумела, што гэта спосаб прыцягнуць увагу. А чым больш у гэты момант увагі, тым горш. Мы з дзяўчатамі-аднагрупніцамі пастаянна раімся ў сацыяльнай сетцы: абмяркоўваем праблемы, даём парады адна адной, што рабіць у той ці іншый сітуацыі. Так, паводзіны Сярожы мы выпраўлялі ўсёй групай. Спрабавала, эксперыментавала. Паціху прывыкаў: мог сачыць за запісамі на дошцы праз шчыліну ў стале, падказваць з-пад парты.
Справа ў тым, што да трох гадоў, пакуль не трапіў у апякунскую сям’ю, хлопчык выхоўваўся ў дзіцячым доме, і яму вельмі цяжка пазбавіцца ад агрэсіі, ён прывык, што яго крыўдзілі. Яго новыя бацькі прыкладаюць усе намаганні, каб дапамагчы хутчэй адаптавацца да сям’і. І ў дзіцячым садку выхавальнікі не маглі ўтаймаваць яго. Тыя, хто добра ведаў характар хлопчыка, папярэджвалі: “Наталля Генадзьеўна, трымайцеся, да вас прыйдзе Сярожа”. Цяпер ён прыемна здзіўляе і настаўнікаў, і бацькоў. Крыху супакоіўся, цяпер уся яго лішняя энергія ідзе на дапамогу дзяўчатам: ён жа адзіны хлопчык у класе. Галоўнае — заўважыць, што зараз будзе “выбух энергіі”, пагладзіць па галаве, папрасіць дапамагчы раздаць карткі ці даць цікавае заданне — і ён адразу ўключаецца ў работу”.
Кожны маленькі вучань любіць сваю настаўніцу, але такога, па словах дырэктара, ва ўсялякім выпадку ў гэтай школе, не было. У мінулым годзе Наталля Генадзьеўна хварэла цэлы тыдзень, і ўвесь гэты час дзеці хадзілі як у ваду апушчаныя. Яны не маглі вучыцца, хваляваліся, вельмі яе чакалі і не проста плакалі — рыдалі. Тады арганізаваў клас Сярожа, ён нават пачаў вучыць дзяцей малітве “За здароўе Наталлі Генадзьеўны”. Усе разам яны падпісвалі паштоўку (з памылкамі, бо толькі-толькі вывучылі ўсе літары), але не ведалі, куды адаслаць, таму яна чакала свайго адрасата на стале. А цяпер паштоўка ляжыць разам з самымі дарагімі для настаўніцы рэчамі. Для яе гэта яшчэ адно пацвярджэнне правільнага выбару. Сустракаюць дзеці настаўніцу таксама асабліва: бягуць павітаць і абавязкова абняць яшчэ каля школьных дзвярэй, а то і на вуліцу выбягаюць.
Пры гэтым, калі дзеці пералічваюць самыя лепшыя якасці настаўніцы, разам з “добрая”, “прыгожая”, абавязкова гучыць “строгая”. “Безумоўна, адным пернікам вынікаў не дасягнеш, — гаворыць Наталля Генадзьеўна. — Трэба ўсё ж такі трымаць дыстанцыю. Але дзе гэтая мяжа, як знайсці баланс, я не магу растлумачыць, гэта трэба адчуваць. Мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Аляксандраўна Шэлест вучыла мяне гэтаму без слоў. Я лавіла яе позіркі, словы, бачыла, дзе варта памаўчаць, а дзе трэба праявіць характар, настойлівасць. І цяпер я яе ўяўляю на сваім месцы і стараюся рабіць так, як зрабіла б яна”.

Што ні дзень — новы вопыт

“Сёння ад маладых настаўнікаў часта можна пачуць слова “адпрацоўка”, — гаворыць Кацярына Пятроўна Бурачэўская, сацыяльны педагог. — Многія ўспрымаюць размеркаванне як тэрмін, які трэба адбыць, а потым шукаюць іншую работу, часта не звязаную са школай. Калі да нас прыйшла Наталля Генадзьеўна, з першага дня было зразумела — яна наша калега. Галоўная яе якасць — жаданне вучыцца. Кожнае слова, падказку яна ўспрымае як параду і, як кажуць, матае на вус. Здараецца, я як сацыяльны педагог вопытнаму настаўніку не магу даць параду — у штыкі ўспрымецца. Для яе ж кожны дзень работы — новы вопыт, а не яшчэ адзін дзень, які набліжае да “вольнага” жыцця, калі, аддаўшы доўг дзяржаве за навучанне, можна і пра работу падумаць, і сям’ю стварыць”.
У Наталлі Генадзьеўны гэтыя перспектывы супадаюць: жыве ў Мар’інай Горцы, там жа сустрэла сваё каханне і ні месца працы, ні жыхарства мяняць не плануе. Адзінае, што турбуе маладую настаўніцу, як і яе калег і жыхароў вёскі, што школу могуць калі-небудзь закрыць. Праўда, у адміністрацыі раёна запэўніваюць, што гэта пакуль не плануецца, ды і апошнім часам нараджаецца ў вёсцы ўсё больш дзяцей.
Намеры закрыць неперспектыўныя малакамплектныя школы і аб’яднаць іх з больш буйнымі школамі на першы погляд лагічныя: танней падвозіць дзяцей у іншую школу, чым фінансаваць школу для некалькіх дзясяткаў вучняў; мэтазгодна набываць сучаснае абсталяванне, якім будуць карыстацца многія вучні. Але, набыўшы матэрыяльныя даброты, мы рызыкуем загубіць куды больш — менавіта тое, чым падкупляюць дапытлівыя вочы маленькага школьніка маю гераіню.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.