Я ведаю!

- 15:24Нам пішуць

У Лобжанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клімавіцкага раёна прайшло інтэлектуальнае шоу «Я ведаю!». Удзельнікамі конкурсу сталі вучні 3-5 класаў. Для падліку балаў была выбрана падліковая камісія, у якую ўваходзілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алеся Міхайлаўна Падабед і настаўніца гісторыі Ірына Фёдараўна Навагродская.

Гульня складалася з 4 тураў. У першым вядучы задаваў удзельнікам 12 пытанняў, на якія трэба было даць адказ «так» або «не» за 7 секунд. Лідарам гэтага этапу стала пяцікласніца Дзіяна Іванова. Другі этап працягнулі восем гульцоў. Іх задачай было адказаць на 10 пытанняў з трыма варыянтамі адказаў.

Праверыць не толькі свае веды, але і хуткасць адказу давялося чатыром хлопчыкам і дзяўчынкам трэцяга тура. Дзеці адказвалі на такія пытанні, як: на якім з прапанаваных партрэтаў беларускі пісьменнік Якуб Колас ці як выглядае дарожны знак, які забараняе транспартнаму сродку паркавацца. Але самым цікавым і ў той жа час складаным стала музычнае пытанне. Гульцы паспяхова справіліся з заданнямі.

Пяцікласнікі Ягор Падабед і Валерыя Шлапакова дайшлі да апошняга этапу інтэлектуальнага шоу «Я ведаю!». Ім арганізатары конкурсу прапанавалі табло з дванаццаццю сектарамі: «Горы», «Тэатр», «Адзенне», «Беларуская літаратура», «Горад», «Моры», «Сталіцы», «Міфалогія”, “Геаграфія», «Астраномія», «Матэматыка» і «Архітэктура».

Дзеці з хваляваннем, але і з вялікай цікавасцю выбіралі катэгорыі. Вось, напрыклад, катэгорыя «Горад» уключала наступнае пытанне: «Старэйшы брат гэтага беларускага горада праславіўся сваёй гісторыяй і культурай, а сам ён з’явіўся на геаграфічнай карце менш як 60 гадоў назад і вядомы сваім нафтаперапрацоўчым заводам. Аб якім горадзе ідзе гаворка?». Пагадзіцеся, за пяць секунд адказаць на гэтае пытанне не кожны зможа, а калі ўлічваць хваляванне ўдзельніка, то заданне набывае яшчэ большую складанасць. Але Ягор Падабед, успомніўшы курс чацвёртага класа па прадмеце “Мая Радзіма – Беларусь», з лёгкасцю адказаў на пытанне і назваў гэты горад – Наваполацк.

Па выніку інтэлектуальнай шоу-праграмы «Я ведаю!» пераможцам стаў пяцікласнік Ягор Падабед, які набраў 58 балаў. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі заслужаныя дыпломы, а таксама салодкія прызы.

Жанна НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў
Лобжанскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.