Марыі Каскевіч 10 гадоў. Яна вучыцца ў 4 класе сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска і на міжнародным турніры па дзюдо Judo Stars 2 здолела заняць 1-е месца. Мы пагутарылі з дзяўчынкай і яе трэнерам Сяргеем Сізовым пра шлях да медаля, методыку трэніровак і спакой перад стартамі.
Па слядах брата
Клубны чэмпіянат Judo Stars 2 адбыўся 30 студзеня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. У спаборніцтвах удзельнічала больш за 400 юных спартсменаў з Беларусі, а таксама прадстаўнікі Казахстана, Расіі і Азербайджана. Марыя Каскевіч выступала за ваўкавыскую СДЮШАР № 1 і ў сваёй узроставай катэгорыі не пакінула саперніцам ніводнага шансу на перамогу. Цікава, што ў дзюдо дзяўчынка прыйшла па слядах старэйшага брата Навума.
— Ён займаўся гэтым відам спорту 8 гадоў і часта расказваў, як праходзяць трэніроўкі. Прывозіў са спаборніцтваў медалі і кубкі, а мы падтрымлівалі яго ўсёй сям’ёй. З часам і мне захацелася паспрабаваць. На дзюдо пайшла ў пачатку 2 класа. На першы погляд дысцыпліна здаецца жорсткай, але на справе выхоўвае шмат карысных якасцей. Пасля некалькіх месяцаў трэніровак я адчула, што стала больш упэўненай у сабе. А яшчэ ў гэтым відзе спорту пастаянна трэба думаць. Правільна правесці прыём, выйграць пазіцыю, зрабіць захоп — усё абавязкова трэба трымаць у галаве, — падзялілася Маша.
Задача максімум
Каб заваяваць медаль, Машы неабходна было атрымаць перамогу ў двух паядынках. Перад першай схватак юная спартсменка ніяк не магла справіцца з хваляваннем. Дапамог трэнер, які быў побач і знайшоў патрэбныя словы.
— Гэта мае першыя міжнародныя спаборніцтвы. Раней удзельнічала ў абласных турнірах і ў кожным перамагала. Выйграваць вельмі прыемна, але зусім не лёгка. Для дасягнення высокіх вынікаў неабходна затраціць шмат сіл і часу, а таксама ўважліва слухаць трэнера. Мой настаўнік Сяргей Паўлавіч Сізоў умее зарадзіць матывацыяй і ўпэўненасцю, ведае, як перайграць любога апанента. Мы старанна рыхтаваліся да спаборніцтваў, таму перада мной стаяла задача максімум — перамагчы, — расказала дзяўчынка. — Сяргей Паўлавіч трэніруе мяне з пачатку навучальнага года. Я хацела трапіць на заняткі менавіта да яго, таму што з ім трэніраваліся мой бацька і старэйшы брат. Сяргей Паўлавіч мае спартыўныя званні і тытулы. Ён шмат гадоў прысвяціў спорту і дасягнуў у ім пэўных вышынь. Я добра разумею, што не магу яго падвесці, бо ён адыгрывае вялікую ролю ў тым, што я раблю. Дзякуючы трэнеру, у мяне хапае сіл змагацца да канца.
“Многія хлопчыкі і дзяўчынкі першы раз пабывалі на такім буйным чэмпіянаце. З цікавасцю размаўлялі з аднагодкамі, дзяліліся вопытам. Ва ўзросце да 8 гадоў выступалі зусім пачаткоўцы, у якіх стаж заняткаў не перавышаў трох месяцаў. Але было відаць, што яны стараліся, змагаліся вельмі канкурэнтна”.
З агнём у вачах
Напэўна, толькі трэнеры хочуць перамогі для сваіх выхаванцаў больш, чым самі спартсмены. Спачатку гады трэніровак, потым розныя адборы і, нарэшце, выступленне на самых важных спаборніцтвах — такі доўгі шлях павінен быць узнагароджаны.
— На міжнародным турніры Judo Stars 2 выступалі чатыры мае выхаванцы, — расказаў Сяргей Паўлавіч. — Двум удалося заваяваць медалі: у Марыі — “золата”, у Івана Пузана — “бронза”. Добра сябе паказаў і Роберт Шлык, які змагаўся ва ўзроставай групе да 8 гадоў. Яго старэйшы брат Мацвей таксама ўдзельнічаў у першынстве — заняў 5-е месца. Маша пачала займацца дзюдо ў іншага спецыяліста, але я рады, што да мяне трапіла такое працавітае дзіця. Дзяўчынка ўсебакова развітая: акрамя секцыі, яна наведвае танцавальную студыю, а таксама рэгулярна выступае на школьных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і валейболе. І з вучобай у яе поўны парадак! Увогуле, усюды паспявае і праяўляе актыўнасць. Калі браць спартыўны складнік, то ў Машы ёсць галоўнае — дысцыплінаванасць. Яна ніколі не адвільвае і займаецца з агнём у вачах, а не па прымусе. Калі ў яе нешта не атрымліваецца, падыдзе і папросіць растлумачыць, правядзе работу над памылкамі.
Сказала — зрабіла
Сяргей Паўлавіч упэўнены, калі Маша працягне ў тым жа духу, то яе чакае вялікая спартыўная будучыня. Яе шлях у дзюдо толькі пачынаецца, таму трэба пастаянна развівацца і пашыраць тэхнічны арсенал.
— Пасля перамогі над першай саперніцай на Judo Stars 2 яна сказала: “Я выйграю турнір”. Так і здарылася. З прычыны ўзросту спартсменка пакуль што не можа ўдзельнічаць у першынстве рэспублікі, таму такія спаборніцтвы дапамагаюць вымераць узровень і зразумець, якія рэчы Марыя ўжо асвоіла, а над якімі яшчэ давядзецца папрацаваць. Напрыклад, яе каронны кідок — задняя падножка. Ён адпрацаваны вельмі добра і часта дапамагае дзяўчынцы перамагаць у паядынках. Да таго ж яна добра развіта фізічна, што таксама з’яўляецца перавагай, — адзначыў трэнер.
На трэніроўку — як на залік
У трэніровачным працэсе Сяргей Паўлавіч выкарыстоўвае так званы тыднёвы цыкл. Сістэма прыносіць вынік: дзве яго выхаванкі сталі майстрамі спорту па дзюдо і самба.
— Марыя трэніруецца 4 разы на тыдзень. У панядзелак вывучаем прыёмы ў стойцы: кідкі, падножкі і захопы. У аўторак праводзім работу ў партэры, куды ўваходзяць удушлівыя і балявыя элементы. Чацвер — дзень навучальных паядынкаў, у час якіх неабходна прымяніць вывучаныя рухі ва ўмовах бою. А субота аддадзена на кантрольныя схваткі — яны чымсьці нагадваюць залік ва ўніверсітэце. Гэты цыкл паўтараецца кожны тыдзень і перарываецца толькі падчас спаборніцтваў, — расказаў трэнер. — Таксама нельга забываць і пра агульную фізічную падрыхтоўку. Але тут ёсць важны момант: дзеці трэніруюцца са сваёй вагой без выкарыстання ўцяжарвальнікаў. З часам падлеткі мацнеюць, і тады ўжо можна дабаўляць трэнажоры і гантэлі. Вясной і летам займаемся на свежым паветры. Бегаем кросы, што спрыяльна адбіваецца на вынослівасці юных спартсменаў. Дабаўляем практыкаванні на перакладзіне і канаце, якія развіваюць спрыт і каардынацыю.
Па меркаванні Сяргея Паўлавіча, поспех спартсмена залежыць ад яго ўзаемадзеяння з трэнерам. Калі яны давяраюць адно аднаму, калі разумеюць, што робяць і навошта, калі шчыра цікавяцца, як у каго справы, тады будзе і вынік.
Матэрыялы Дзмітрыя АРХІПЕНКІ.
Фота з асабістага архіва Марыі Каскевіч.