Як у ХІХ стагоддзі

- 15:47Нам пішуць

У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі была арганізавана экспазіцыя “Калядная гісторыя ХІХ стагоддзя”, якая расказвала аб гісторыі святкавання Каляд і Новага года ў той час.

Наведвальнікі экспазіцыі маглі ўбачыць у музейным пакоі палаца ёлку, упрыгожаную ў стылі ХІХ стагоддзя, а таксама даведацца аб стварэнні навагодніх цацак. У той час з’явілася цудоўная традыцыя самаробных навагодніх цацак — з першага снежня ўся сям’я малявала, клеіла цацкі, выразала сняжынкі, майстравала гірлянды, рабіла маленькія вяночкі як напамін аб свяце. Усім гэтым упрыгожвалі дом.

Сярод ёлачных упрыгажэнняў былі і салодкія — цукеркі і пернікі, яблыкі, каралі з пазалочаных арэхаў, а таксама цацкі з паперы, ваты, лялькі-абярэгі і г.д. Верхавіну ёлкі ўпрыгожвала Віфлеемская зорка.

Цацкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі створаны педагогамі і навучэнцамі аб’яднанняў па інтарэсах “Зрабі сам”, “Майстрыха”, “ШАР”, “Калейдаскоп”, “Мяккая цацка”, студыі эстрадных спеваў “Элегія”, узорнай студыі моды “Гармонія”. Нашы навучэнцы змаглі не толькі даведацца, як выглядалі і з чаго былі зроблены цацкі 200 гадоў назад, але і стварыць святочны настрой у палацы.

Таццяна ТРАХІМЧЫК,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Фота Л.Н.НЕМНА.