Як вырасціць кадры для сельскай гаспадаркі

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Ужо неаднаразова падкрэслівалася, што цеснае супрацоўніцтва школы, універсітэта ці каледжа і прадпрыемства робіць справу прафарыентацыі больш эфектыўнай. Такі ланцужок выбудаваны паміж Лапацінскай сярэдняй школай Гомельскага раёна, Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам і агракамбінатам “Паўднёвы” таго ж Гомельскага раёна.

У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-кіраўнічых умоў прафесійнага развіцця педагогаў ва ўстанове адукацыі”, які зараз рэалізоўваецца ў сельскай школе, быў заключаны дагавор з БДАТУ. Выкладчыкі ўніверсітэта пачалі кансультаваць настаўнікаў школы па падрыхтоўцы вучняў да здачы ўнутраных экзаменаў, забяспечвалі іх метадычнымі дапаможнікамі. Варта сказаць, што педагогі — а рыхтавалі дзяцей настаўнік матэматыкі Марына Сюськіна і настаўнік фізікі Аляксандр Барабанаў — самі цікавіліся такой дзейнасцю, а ў выніку яе ім хацелася бачыць сваіх вучняў у ліку студэнтаў.

У гэты ж час да справы далучылася і сельскагаспадарчае прадпрыемства. У агракамбінат “Паўднёвы” якраз прыйшоў новы кіраўнік, які разумее, што добрыя кадры неабходна гадаваць самім. Больш за тое, Віктар Крышнёў сам выпускнік БДАТУ. Віктар Аляксеевіч асабіста запрашаў юнакоў і дзяўчат на прафарыентацыйныя экскурсіі, знаёміў навучэнцаў з гаспадарчай дзейнасцю камбіната, расказваў, як будуецца ўвесь працэс і чаму неад’емнай часткай росквіту сельскагаспадарчага прадпрыемства з’яўляецца чалавек працы.

— Калі мы слухалі Віктара Аляксеевіча, то здавалася, што перанесліся назад у дзяцінства, калі матуля чытала казкі перад сном, — успамінае выпускнік мінулага навучальнага года, а сёння ўжо студэнт БДАТУ Максім Шапавалаў. — Памятаю, ён расказваў, як прыемна прачынацца ў вёсцы пад спевы пеўняў, як дзіўна ўдыхаць ранішняе паветра, стоячы на ганку, а потым крочыць па вёсцы на працу, падаваць руку аднавяскоўцам, аглядаць тэхніку, наведваць у хлявах жывёл. Слухаеш, і малюеш перад вачыма карціну, і хочацца самому адчуць усё гэта.

У невялічкай лапацінскай школе ў мінулым годзе было ўсяго 5 выпускнікоў, і два хлопцы зараз вучацца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. У іх мэтавае накіраванне, і праз колькі гадоў юнакі прыйдуць у “Паўднёвы” атрымліваць першы практычны вопыт.

Максім Шапавалаў вучыцца на факультэце тэхнічнага сэрвісу ў АПК па спецыяльнасці “Рамонтна-абслугоўваючыя вытворчасці ў сельскай гаспадарцы”, а яго аднакласнік Дзмітрый Кондраў — па спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі” на электраэнергетычным факультэце. Дарэчы, на ўступных унутраных экзаменах універсітэта Дзіма пацвердзіў свае адзнакі, а Максім іх павысіў.

— Я і не думаў пра ўніверсітэт, пакуль не пачаў больш займацца з настаўнікамі фізікай і матэматыкай, — кажа Дзмітрый. — А знаёмства з В.А.Крышнёвым і дзейнасцю яго гаспадаркі стала вырашальным.

Наталля ЛУТЧАНКА.