Як з алею зрабіць біядызель альбо антысептык

- 10:59Навіны рэгіёнаў

На гэтае пытанне адказалі студэнты з Гродна, прадставіўшы свой праект на экакубку. Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы стала пераможцай VIII Міжуніверсітэцкага экалагічнага кубка — 2020.

Мерапрыемства праходзіла 10—11 лістапада ў Новасібірскім дзяржаўным універсітэце эканомікі і кіравання ў анлайн-фармаце. У гэтым го­дзе ў ім прынялі ўдзел замежныя каманды, у тым ліку і з Беларусі.

Сярод удзельнікаў экакубка былі прадстаўнікі Новасібірскіх устаноў вышэйшай адукацыі, каманды Горна-Алтайскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Уральскага федэральнага ўніверсітэта імя Б.Ельцына, а таксама Міжнароднага ўніверсітэта інавацыйных тэхналогій з Кыргызскай Рэспублікі і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Як расказала кіраўнік гродзенскай каманды старшы выкладчык кафедры экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Бялова, удзел у Міжуніверсітэцкім экалагічным кубку — 2020 прынялі студэнты 4 курса спецыяльнасці “Біяэкалогія” факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Лізавета Багданава, Дар’я Галабурда, Настасся Жук, Маргарыта Краўчанка, Яраслава Сапач, Яўген Сезень і Кацярына Тарас.

Навінкай экакубка ў гэтым годзе стала ўключэнне ў конкурсныя мерапрыемствы экалагічнай акцыі “Экабатл”. Каманды-ўдзель­ніцы правялі суботнікі ў сваіх краінах і сабралі больш за 200 пакетаў смецця. Купалаўцы таксама правялі лакальную экалагічную акцыю і арганізавалі ўборку прылеглай тэрыторыі каля ракі Ласасянка ў Гродне. Відэасправаздачу даслалі журы конкурсу.

У адпаведнасці з заяўленымі тэмамі, каманды прадставілі праекты, выкананыя ў фармаце дамашняга задання. Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта падрыхтавалі праект “Распрацоўка эфектыўнай сістэмы другаснага выкарыстання адпрацаванага або непрыгоднага для кулінарыі алею”. Пры падрыхтоўцы эканамічнай яго часткі дапамогу аказала старшы выкладчык кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Гаранец.

У межах экалагічнага кубка таксама прайшла інтэлектуальная гульня ў фармаце індывідуальнага інтэрнэт-тэсціравання на платформе Moodle.

Па выніках усіх іспытаў найбольшую колькасць балаў набрала каманда ГрДУ імя Янкі Купалы і была прызнана лепшай з 12 каманд-удзельніц.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы.