Які ён — сучасны падлетак?

- 15:21Нам пішуць

Пра што мараць сучасныя падлеткі? Адзенне ў трэндзе, модныя смартфоны, сацыяльныя сеткі… Ці згодны вы са мной? Але ўсім вядома, што ў кожным правіле ёсць выключэнне. І зараз я паспрабую гэта даказаць.

Знаёмцеся — Максім Камісараў, вучань 9 класа. Вясёлы, аптымістычны, гаваркі, па характары вельмі добры, спагадлівы, шчыры, таму карыстаецца павагай і сімпатыяй сярод аднакласнікаў. Мае рознабаковыя захапленні, але асабліва цікавіцца біялогіяй. Уявіце сабе, што 15-гадовы Максім вырашыў заняцца земляробствам. Але не толькі для таго, каб прыняць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі па біялогіі. Яго мэта — дапамагчы навуковым даследаваннем сваёй сям’і, а магчыма, іншым агароднікам-аматарам.

Назіраючы, як вясной уся яго дружная сям’я садзіць бульбу, летам з радасцю прыязджае яе палоць, а восенню з асалодай збірае ўраджай, які, на жаль, не заўсёды задавальняе, Максім вырашыў правесці навуковы дослед самастойна. Нічога складанага ён не планаваў. Зацікавіўся рознымі відамі арганічных угнаенняў, таму што ў асабістай гаспадарцы ёсць куры і коні. І калі ўлічваць канкрэтныя ўмовы дадзенай мясцовасці, правільна выкарыстоўваць спосабы вырошчвання бульбы, то з невялікага ўчастка можна атрымаць добры ўраджай. Гэта і стала ідэяй даследчай работы Максіма.

Хлопчык ведаў, што вынік будзе не адразу. Трэба ўважліва назіраць, даглядаць і чакаць. Плён работы можна будзе выкарыстоўваць пры далейшым вырошчванні бульбы. І гэта ўжо сапраўдная дапамога юнага гаспадара.

Аб выніках работы можна будзе гаварыць пасля канферэнцыі, але нават не ў гэтым справа. Хачу звярнуць увагу на тое, што нячаста сустрэнеш падлетка, які не баіцца цяжкасцей і любіць працаваць на зямлі, дапамагае блізкім люзям і клапоціцца пра іх. Яго мары не спыняюцца на атрыманні вялікай колькасці лайкаў на сэлфі, запампоўкай новай інтэрнэт-гульні або мелодыі для тэлефона.

Мне як настаўніку-прадметніку вельмі хочацца, каб такіх хлопчыкаў і дзяўчынак было як мага больш, каб маладое пакаленне не толькі глядзела на экраны сваіх сучасных манітораў, але і ўмела бачыць прыгажосць роднай прыроды, з задавальненнем працавала на зямлі і любіла сваю Радзіму. І каму, як не нам, выкладчыкам біялогіі, вучыць гэтаму.

Аліна ЗМІТРЭВІЧ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 22 Гродна.