Якія спецыяльнасці выбіралі сёлетнія абітурыенты?

- 15:25"Настаўніцкай газеце" — 70

 Загаловак, вынесены ў назву матэрыялу 10-гадовай даўнасці, і сёння не страціў актуальнасці. Пра гэта красамоўна сведчаць вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Учарашнія школьнікі ахвотней выбіраюць усё ж гуманітарныя спецыяльнасці. Вядома, яны найменш запатрабаваныя на сучасным рынку працы, але і вучыцца на іх лягчэй, што адыгрывае не апошнюю ролю пры выбары будучай прафесіі.

70

Асаблівасцю ўступных кампаній апошніх гадоў стала істотнае скарачэнне колькасці абітурыентаў, адпаведна, конкурсы нават на некалі “аншлагавыя” спецыяльнасці зменшыліся. Амаль штогод установы вышэйшай адукацыі прапаноўваюць абітурыентам новыя спецыяльнасці, якія не застаюцца незаўважанымі. Адчуваючы моцную канкурэнцыю паміж сабой, універсітэты ўзмацнілі і прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў.настгазСёлета ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна абітурыентам было з чаго выбіраць: 10 факультэтаў прапаноўвалі 34 спецыяльнасці. Сярод іх — 2 новыя: “Гісторыя (археалогія)” — 3,6 заявы на месца і “Гісторыя (паліталогія)” — 2,8. Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна А.А.Бурык, сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 455 абітурыентаў (заявы падалі 915), на завочную — 105 (заявы падалі 218). План набору на бюджэтную форму навучання выкананы. Найбольшай папулярнасцю ва ўніверсітэце карысталіся спецыяльнасці “Псіхалогія” — 5,3 заявы на месца (“Правазнаўства” перастала быць лідарам з-за адсутнасці бюджэтнага набору), “Турызм і гасціннасць” — 4,1, “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы” — 3,7 і “Фізічная культура” — 3,3. Гэта стала магчымым дзякуючы практычнай арыентаванасці згаданых спецыяльнасцей. Так, “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы” прадугледжвае падрыхтоўку педагогаў-мастакоў. Такі падыход пашырае магчымасці выпускнікоў на сучасным рынку працы. Найменшыя конкурсы назіраліся на фізіка-матэматычных і філалагічных спецыяльнасцях. Так, на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” колькасць абітурыентаў адпавядала колькасці месцаў. Не моцна адрознівалася і “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” — 1,3 заявы на месца. Лепшая сітуацыя на спецыяльнасцях “Руская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” — 1,9 і “Журналістыка (друкаваныя СМІ)” — 2,6. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 2,1 (летась 1,9) заявы на месца. Прахадны бал вагаўся ад 136 (“Фізіка і інфарматыка”) да 291 (“Гісторыя (паліталогія)”). Па словах А.А.Бурык, сітуацыю з наборам абітурыентаў (у адрозненне ад мінулага года, калі некалькі бюджэтных месцаў засталіся вакантнымі) удалося палепшыць за кошт сур’ёзнай прафарыентацыйнай работы (дні адкрытых дзвярэй, дзейнасць філіялаў кафедр універсітэта на базе школ, гімназій і ліцэяў, канферэнцыі і акцыі для вучняў з удзелам студэнтаў). Але пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па-ранейшаму неахвотна выбіраюць рэгіянальныя ўніверсітэты. Сёлета студэнтам БрДУ імя А.С.Пушкіна стаў усяго адзін “рэспубліканскі” алімпіяднік па гісторыі.

Не было праблем з наборам будучых студэнтаў і ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання былі залічаны 460 чалавек (заявы падалі 774), на завочную — 36 (заявы падалі 104). План набору на бюджэце цалкам выкананы. — Выканаць план удалося дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіў на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і прафесійна-тэхнічных каледжах: дні адкрытых дзвярэй, выязныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі розных рэгіёнаў краіны, факультэцкія конкурсы і інш., — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ У.Г.Навасельцаў. — На 4 факультэтах — будаўнічым, водазабеспячэння і гідрамеліярацыі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым — праводзіўся агульны конкурс. Падаючы дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога — далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва ўніверсітэт. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую — з меншым прахадным балам. Сярэдні конкурс у БрДТУ аналізуецца на ўзроўні факультэтаў: на машынабудаўнічым і будаўнічым — 1,3 заявы на месца, на эканамічным — 4,8, на факультэце інжынерных сістэм і экалогіі — 1,7, на факультэце электронна-інфармацыйных сістэм — 1,8. Набор вёўся па 29 спецыяльнасцях, у тым ліку па адной новай — “Праграмуемыя мабільныя сістэмы” (2,7 заявы на месца). Прахадныя балы вагаліся ад 142 да 277 на тэхнічных і ад 288 да 341 на эканамічных спецыяльнасцях.

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі М.М.Чмыр, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам, улічваючы нядаўнюю прыналежнасць універсітэта да Нацыянальнага банка Беларусі. Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці эканамічнага профілю: “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці” — 4,3 заявы на месца, “Фінансы” — 2,1, “Банкаўская справа” — 1,9, а таксама “Біялогія (біятэхналогія)” — 1,7. Карысталася попытам і спецыяльнасць “Фізічная культура” з рознымі спецыялізацыямі (2,3—2,4 заявы на месца). Найменшы конкурс назіраўся на спецыяльнасць “Прамысловае рыбаводства” — 1,1 заявы на месца. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,8 (летась 1,9) заявы на месца. Новыя спецыяльнасці сёлета не адкрываліся.

У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 16 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 190 чалавек (заявы падалі 330), на завочную — 55 (заявы падалі 164). Прахадныя балы вагаліся ад 164 да 264.

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па-ранейшаму найбольш запатрабаванымі ў абітурыентаў застаюцца эканамічныя спецыяльнасці: “Маркетынг” — 13 заяў на месца, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” — 11. Добры конкурс склаўся на спецыяльнасцях “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” — 2,5 заявы на месца і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — 3,6. Найменшы конкурс назіраўся на спецыяльнасці “Практычная псіхалогія” — 1,1 заявы на месца. Абітурыенты не абышлі ўвагай новую спецыяльнасць “Фізічная культура” — 1,4 заявы на месца.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў каля 2 (летась 2,4) заяў на месца. Прахадныя балы вагаліся ад 123 да 246.

Намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БарДУ Д.С.Томчык расказаў, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 20 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 340 чалавек (заявы падалі 490), на завочную — 100 (заявы падалі 269).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.