Юніёры не адстаюць

- 11:52World Skills

У нашай юніёрскай каманды, як і ў прадстаўнікоў іншых краін, асобнай пляцоўкі для спаборніцтваў на чэмпіянаце не было. Кожная кампетэнцыя JuniorSkills прымасцілася каля аднапрофільнай, у якой выступаюць канкурсанты WorldSkills, таму кіраўніку беларускіх юніёраў Мікалаю Уладзіміравічу Гаўрылюку прыходзіцца курсіраваць паміж  пляцоўкамі. Мікалай Уладзіміравіч, метадыст вышэйшай катэгорыі, больш за 30 гадоў працуе ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, займаецца выхаваўчай прафарыентацыйнай работай сярод моладзі.

Згадваецца момант, калі ў 2017 годзе з юнымі беларускімі ўдзельнікамі JuniorSkills мы сустракаліся ў Абу-Дабі, дзе яны ўдзельнічалі ў прэзентацыйных спаборніцтвах па 3 кампетэнцыях: “Робататэхніка”, “Графічны дызайн”, “Электрамантажныя работы”. Тады беларусы даволі ўдала прадэманстравалі свае веды і прафесійныя ўменні. Навучэнцы ўстаноў адукацыі нашай краіны ўжо неаднаразова паспяхова выступалі ў розных чэмпіянатах JuniorSkills, сярод якіх спаборніцтвы JuniorSkills па прафесіях высокатэхналагічных галін прамысловасці па методыцы WorldSkills (Расія).

— За апошнія гады рух JuniorSkills у Беларусі развіваўся даволі імкліва, — расказаў Мікалай Уладзіміравіч Гаўрылюк. — Калі гаварыць пра ўдзел у ім нашых выхаванцаў толькі за апошні час, то каманда юніёраў выступала ў Рэспубліканскім конкурсе JuniorSkills Belarus, які праходзіў  у рамках III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018. Па выніках спаборніцтва і была сфарміравана нацыянальная каманда JuniorsSkills для ўдзелу ў чэмпіянаце ў Казані.

Экспертамі па конкурсных кампетэнцыях сталі вопытныя выкладчыкі розных навучальных устаноў краіны. У іх ліку настаўніца інфарматыкі і матэматыкі клецкай сярэдняй школы № 3 М.М.Калько, настаўніца інфарматыкі віцебскай гімназіі №7 В.М.Міроненка, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна майстар спорту Рэспублікі Беларусь па авіямадэльным спорце В.В.Трухан і выкладчык філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” Міхаіл Ляшкевіч-Леановіч-Альпінскі. Ён рыхтаваў да спаборніцтва навучэнца 2 курса каледжа Мікіту Штрауса, які прадстаўляе на чэмпіянаце кампетэнцыю “Полімеханіка і аўтаматызацыя”. У падрыхтоўцы юнака былі задзейнічаны таксама іншыя выкладчыкі каледжа: С.М.Падабед, Ю.Ф.Рабчаеў, П.В.Сініца, А.І.Чарняўскі. Як расказаў М.У.Гаўрылюк, Мікіта ў час конкурсу павінен выканаць чарцяжы са складанасцю на ўзроўні 5—6 разраду, здзейсніць праграмаванне станка, сабраць некалькі дэталей і стварыць выраб, які можа выканаць пэўнае дзеянне. У згаданай кампетэнцыі прадугледжана выкананне 3 модуляў па  4 гадзіны кожны.

У складзе нацыянальнай каманды — пераможцы Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Belarus Максім Цароў, які выступае ў намінацыі “Графічны дызайн”, і Максім Парфяновіч — ён выступае ў намінацыі “Тэхналогія беспілотных лятаючых апаратаў”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.