Юныя пажарныя на вучэннях

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Калектывам ясляў-сада № 16 “Светлячок”, што ў Жодзіне, удзяляецца вялікая ўвага пытанням фарміравання ў дзяцей асноў бяспекі жыццядзейнасці на працягу ўсяго дашкольнага ўзросту. Педагогі ўстановы знаходзяцца ў пошуку цікавых і новых форм правядзення мерапрыемстваў, каб дзеці ў гульнявой форме атрымлівалі пэўныя веды аб правілах бяспечных паводзін на вуліцы, дома і на прыродзе.

Традыцыйным для ўстановы стала правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў з запрашэннем супрацоўнікаў Жодзінскага ГАНС. Гэты год не стаў выключэннем. У рамках правядзення акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці!” прайшло свята “Пажарныя на вучэннях”. Спартыўна-музычная забаўка, арганізаваная педагогамі, праходзіла на адноўленай у гэтым годзе тэматычнай “пляцоўцы МНС” на тэрыторыі ясляў-сада. Там з’явілася стацыянарнае гульнявое абсталяванне: пажарная машына, паравоз з надпісам “МНС”, пясочніца з пазначанымі нумарамі службаў выратавання, тунэль для вучэбных трэніровак ратавальнікаў. Таксама ёсць вынасны буйнагабарытны матэрыял, выраблены рукамі бацькоў: станцыя МНС, пажарная каланча і атрыбутыка да іх. Адметнасцю пляцоўкі з’яўляюцца тэматычныя карцінкі на замацаванне правіл пажарнай бяспекі, намаляваныя на сцяне веранды — не толькі ў педагогаў, але і ў бацькоў з’явілася магчымасць, праходзячы міма пляцоўкі, звярнуць увагу дзяцей на малюнкі і чарговы раз замацаваць з імі правілы пажарнай бяспекі.

У дзень правядзення свята брыгада нашых юных ратавальнікаў прайшла трэніровачныя вучэнні і хутка выехала на адно незвычайнае надзвычайнае здарэнне. Некалькі выхаванцаў ясляў-сада паказалі сцэнку па вядомай казцы С.Маршака “Кошчын дом”. Менавіта з гэтай надзвычайнай сітуацыяй трэба было справіцца дзецям. Тушылі Кошчын дом дзве брыгады ратавальнікаў: “Іскрынкі” і “Агеньчыкі”. Спаборнічалі паміж сабой у спрытнасці і шпаркасці, прайшоўшы эстафеты: “Перадай вогнетушыцель”, -“Выратаванне звяркоў” і інш. Кошка эмацыянальна падзякавала юным ратавальнікам і пажадала ўсім быць асцярожнымі з агнём і запалкамі. Карыснасць і шкоднасць агню дзеці вызначалі, гуляючы ў рухавыя гульні і выконваючы песні пра агеньчык, правілы бяспекі замацоўвалі падчас дыдактычнай гульні, якая была звязана з тэматычнымі малюнкамі на сценах веранды “Пляцоўкі МНС”. Вясёлы і святочны настрой спадарожнічаў усім на свяце.

Напрыканцы забаўляльнага мерапрыемства намеснік начальніка ГАНС Жодзіна Алег Генадзьевіч Пашук уручыў дзецям заслужаныя медальёны “Юных ратавальнікаў”. Юныя ратавальнікі на такіх вучэннях атрымалі карысныя веды і станоўчыя эмоцыі.

Святлана МІСНІК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 16 “Светлячок” Жодзіна.