“Юныя спартсмены павінны адчуваць падтрымку”

- 11:10Спартыўныя падзеі

У сакавіку мінулага года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі была створана Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. Яе старшыня Віталь Мікалаевіч СТРЫГЕЛЬСКІ расказаў, якія задачы стаяць перад асацыяцыяй, што ўжо зроблена і якія віды спорту зараз папулярныя ў школьнікаў.

— Віталь Мікалаевіч, скажыце, калі ласка, БАШС прадстаўлена толькі на рэспубліканскім узроўні?

— Не, мы вырашылі стварыць абласныя і Мінскую гарадскую асацыяцыі школьнага спорту, каб ахапіць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі (якіх у нас у краіне каля трох тысяч). Гэты працэс завяршыўся ў мінулым годзе. Цяпер нашы абласныя і Мінская гарадская асацыяцыі вядуць перамовы, выступаюць перад дырэктарамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, каб тыя далучаліся да БАШС. Так асацыяцыі змогуць падтрымліваць дзяцей на ўзроўні школы, раёна, вобласці. А БАШС будзе гэта рабіць на рэспубліканскім узроўні, дапамагаць тым, хто паедзе на міжнародныя старты. Мы плануем, што ўся структура выбудуецца ў першым квартале 2021 года.

— Што асацыяцыя дасць дзецям і спорту?

— Асноўныя задачы БАШС — падтрымка, развіццё і папулярызацыя школьнага спорту ў краіне. Першая прыступка ў спорце вышэйшых дасягненняў — падтрымка дзяцей, якія сёння толькі пачынаюць прыглядацца да таго ці іншага віду спорту, спрабаваць сябе. Яны павінны бачыць, што іх праца заахвочваецца. Юныя спартсмены павінны адчуваць падтрымку. Падтрымка будзе фінансавай — у выглядзе прыза або грашовага сертыфіката на набыццё неабходнага інвентару. Яскравым прыкладам для нас стаў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, які праводзіць спаборніцтвы па біятлоне “Снежны снайпер”. Там дзеці атрымліваюць і спартыўную экіпіроўку, і сертыфікаты на набыццё спартыўнага інвентару, абсталявання.

Яшчэ адна задача — гэта дапамога Рэспубліканскаму цэнтру фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Цэнтр прадастаўляе метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу і арганізоўвае спаборніцтвы рознага ўзроўню. Гэта дзяржаўная структура, і таму мы трохі абмежаваны: дзейнічаем у адпаведнасці з каляндарным планам, зацверджаным Міністэрствам спорту і турызму. Хочацца праводзіць дадатковыя спаборніцтвы, конкурсы, акцыі, каб уцягнуць дзяцей, якія яшчэ знаходзяцца ў стадыі вагання. Якраз у гэтым БАШС і яе абласныя структуры нам дапамогуць. Таксама цэнтр мае пэўны бюджэт на міжнародныя старты. Мы можам выставіць каманды па 8 школьнікаў на 2—3 віды спорту, БАШС дазволіць пашырыць гэтыя рамкі.

— У канцы верасня мы пісалі пра тое, што ў БАШС з’явіўся свой лагатып. Давайце нагадаем чытачам, як і хто перамог.

— Летась мы правялі конкурс на распрацоўку лагатыпа БАШС. Журы адабрала 8 работ, і на старонцы РЦФВС у Instagram школьнікі галасавалі за лепшую. Выйграла вучаніца сярэдняй школы № 41 Гродна Ангеліна Кісялёва. Мы размясцілі лагатып на сцягах, ён будзе і на дыпломах, і на медалях. Цяпер абласныя асацыяцыі праводзяць такія ж конкурсы. Яны як грамадскія структуры могуць не прытрымлівацца рэспубліканскага лагатыпа.

— Хаця структура асацыяцыі яшчэ да канца не выбудавана, яна ўжо далучаецца да школьнага спартыўнага жыцця. Якім чынам?

— З гэтага года БАШС выступае адным з арганізатараў рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. З 2006 года яна право­дзіцца па 24 відах спорту. Зімой — па зімовых (біятлоне, катанні на лыжах і хакеі), улетку — па летніх (футболе, валейболе, плаванні, баскетболе, шахматах і інш.). Сёлета XV спартакіяда пройдзе ў Брэсцкай вобласці. Яна планавалася на мінулы год, але яе перанеслі з-за пандэміі COVID-19. Па аналогіі абласныя асацыяцыі школьнага спорту ўключацца ў працэс адбору дзяцей для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Мы не абмяжоўваемся толькі спартакіядай, БАШС гатова падтрымліваць і іншыя мерапрыемствы. У нас традыцыйна прахо­дзіць Рэспубліканскі тыдзень спорту і здароўя. Спачатку кожная вобласць праводзіць у сябе ў школе сустрэчу з Алімпійскімі чэмпіёнамі, розныя мерапрыемствы, майстар-класы і г.д. БАШС і абласныя асацыяцыі да гэтага падключацца, напрыклад: правядуць конкурс або майстар-клас па вызначаным ві­дзе спорту, арганізуюць станцыі, дзе трэнеры пакажуць свае навыкі, а школы — спартыўныя напрамкі. Каб прыцягнуць больш дзяцей, можна ладзіць міні-спаборніцтвы. Добра сябе праявіў — атрымай значок БАШС або медаль.

Таксама ў краіне праводзяцца студэнцкія чэмпіянаты свету па розных відах спорту. Напрыклад, па веславанні на байдарках і каноэ — у 2014 го­дзе, па канькабежным спорце — у 2018 го­дзе. Пад такія значныя міжнародныя старты БАШС плануе арганізоўваць конкурсы на распрацоўку афармлення, талісманаў. Яны стануць падтрымкай для тых, хто па розных прычынах не можа праявіць сябе ў спорце, але хоча быць да яго датычным.

— Якія праблемы існу­юць у школьным спорце і ці дапамагае з іх вырашэннем асацыяцыя?

— Праблема была ў падтрымцы. Мы заў­сёды абмежаваны бюджэтам. Таму Ігар Васілье­віч Карпенка прапанаваў ства­рыць БАШС, якая зможа дапамагчы большай колькасці таленавітых дзяцей.

— А дзе гэтыя таленавітыя дзеці змогуць сябе праявіць?

— Акрамя спартакіяды школьнікаў, пра якую мы ўжо згадвалі, ёсць зімовае і летняе мнагаборства “Здароўе”, спартакіяда “Абаронца Айчыны” па зімовых і летніх відах спорту, спаборніцтвы па шахматах “Белая ладдзя”, футболе “Скураны мяч”, хакеі “Залатая шайба”, фестываль плавання “Залатая рыбка”, лёгкаатлетычныя кросы, спаборніцтвы “300 талентаў для Каралевы”, “Шкаліяда”, фестываль “Тата, мама, я — футбольная сям’я” і інш.

РЦФВС — член Міжнароднай асацыяцыі школьнага спорту, Еўрапейскай асацыяцыі студэнцкага спорту і Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту, таму нашых спартсменаў можна лёгка ўбачыць на спаборніцтвах за мяжой. Гэта вельмі добры вопыт. Калі дзеці перамагаюць на рэспубліцы, у некаторых загараецца зорка, што яны лепшыя, непераможныя. На міжнародных спаборніцтвах, знаходзячыся сярод такіх жа лепшых, яны разумеюць, што ўсё не так проста. І вось тут важна падтры­маць іх псіхалагічна. Гэты маральны і псіхалагічны вопыт вельмі важны ў падрыхтоўцы юных спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

— Бацькі, напэўна, — самы важны прыклад для дзяцей. Ці могуць яны ўдзельнічаць у нейкіх спаборніцтвах?

— Так, у Тыдні спорту і здароўя, куды бацькі прыходзяць з дзецьмі, у фестывалі плавання “Залатая рыбка”, дзе ёсць сямейная эстафета для таты, мамы і дзіцяці. Шмат сямейных мерапрыемстваў праводзяць і нашы федэрацыі па відах спорту: розныя забегі, фестываль “Тата, мама, я — футбольная сям’я”. БАШС плануе праводзіць спартландыі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”.

Ёсць бацькі, якія кажуць: “Навошта табе гэты спорт? Ідзі лепш вучыся”. Мы хочам праз такія мерапрыемствы паказаць ім, што дзеці павінны займацца тым, што ім падабаецца.

— Якія віды спорту школьнікі зараз часцей за ўсё выбіра­юць?

— У нас развіваюцца ўсе віды спорту, менавіта таму спартакіяда школьнікаў прахо­дзіць па 24 відах спорту, а рэспубліканская ўніверсіяда — па 35 відах. Зімой больш катаюцца на лыжах. Гэтаму спрыяе тое, што ў мінулым годзе нашы школы закупілі лыжны інвентар і цяпер забяспечаны ім практычна на 100%. У апошні час актыўную пазіцыю заняла федэрацыя лёгкай атлетыкі, якую падтрымлівае Міністэрства адукацыі, таму што папячыцельскі савет узначальвае Ігар Васільевіч Карпенка. За кошт таго, што дзеці ўцягнуты ў актыўны бег (праходзяць забегі ў рэгіёнах, Мінскі паўмарафон), можна сказаць, што лёгкая атлетыка зараз пануе. Таксама цяпер будуецца шмат плавальных басейнаў, таму дзеці ўжо ў раннім узросце пачынаюць плаваць і развіваюцца ў гэтым відзе спорту. Лёгкая атлетыка і плаванне — аснова падрыхтоўкі арганізма да спорту вышэйшых дасягненняў. Пазаймаўшыся імі, умацаваўшы арганізм і атрымаўшы пэўны ўзровень фізічнага развіцця, школьнік потым можа выбраць любы іншы від спорту і праявіць сябе там.

— А што новае, незвычайнае прыцягвае моладзь?

— Сярод моладзі вельмі папулярны варкаўт. У многіх парках можна ўбачыць спецыяльныя пляцоўкі для заняткаў. Мы супрацоўнічаем з федэрацыяй варкаўта. Дарэчы, падчас Тыдня спорту і здароўя яна ладзіць паказальныя выступленні з рознымі элементамі. Скейтбордынг, ролер-школа таксама актыўна развіваюцца. Ролікі і скейтборды сталі больш даступнымі, таму дзеці часцей глядзяць у іх бок. Ёсць і спецыяльныя гарадкі, станцыі для заняткаў. Не будзем забы­ваць пра кіберспорт, які ў 2020 годзе стаў вельмі актуальным. Летась, дарэчы, у сярэдняй школе № 182 Мінска імя Уладзіміра Карвата адкрыўся першы ў Беларусі інавацыйны кіберспартыўны клас.

— Як 2020 год увогуле паўплываў на школьнае спартыўнае жыццё?

— Год не зусім спрыяў развіццю спорту, але даў настаўнікам і трэнерам больш часу на падрыхтоўку дзяцей, іх развіццё ў фізічным плане. Вельмі складана было ў мінулым годзе з арганізацыяй мерапрыемстваў, многае перанеслі, нешта праводзілі на месцах або анлайн. У 2021 годзе, спадзяюся, мы вернемся да звычайнага графіка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена РЦФВС.