Каля 500 юнакоў і дзяўчат з грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены вучняў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” прыехалі ў горад над Бугам, дзе наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным абаронцам легендарнай цытадэлі.
—Наведванне Брэсцкай крэпасці — значная падзея ў жыцці кожнага чалавека, бо гэтае месца свяшчэннае для многіх людзей, — звярнуўся да гасцей намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама В.К.Шчэрба. — Цытадэль — гэта сімвал мужнасці і гераізму савецкага народа, які захоўвае трагічныя старонкі агульнай гісторыі Саюзнай дзяржавы. Будзьце дастойнымі памяці герояў няскоранай цытадэлі!
Вельмі эмацыянальным і пранікнёным атрымаўся зварот да юных патрыётаў дырэктара мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Р.Р.Бысюка: “Вы — нашчадкі пераможцаў, тых, хто мужна абараняў Брэсцкую крэпасць і чые астанкі пахаваны ў гранітным некропалі мемарыяла, тых, хто набліжаў перамогу ў партызанскіх атрадах і тыле, хто адчайна змагаўся за кожны савецкі горад. Упэўнены, вы свята шануеце памяць салдат, якія падарылі нам мірнае неба над галавой. Хтосьці з вас, кадэтаў, прысвеціць жыццё абароне Радзімы, як прысвяцілі яго ёй нашы продкі”.
— Радзіму трэба абараняць так, як абаранялі яе абаронцы Брэсцкай крэпасці, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Н.Г.Ануфрыева.
Школьнікі ўшанавалі мінутай маўчання памяць герояў — абаронцаў Брэсцкай крэпасці, усклалі кветкі да Вечнага агню ля манумента “Мужнасць” і прайшліся ўрачыстым маршам уздоўж некропаля, дзе знайшлі вечны спачын 833 чырвонаармейцы, іх родныя і дзеці.
У змене “За гонар Айчыны” ўдзельнічаюць вучні 9—10 класаў устаноў адукацыі кадэцкага тыпу Расіі і кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і школ Беларусі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыятычнага профілю, а таксама аналагічныя вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.