З акцэнтам на веды і баявы настрой

- 15:29Навіны рэгіёнаў, Рознае
Удзельнікамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды на Гродзеншчыне сталі 846 навучэнцаў. Дыпломамі былі ўзнагароджаны 367 удзельнікаў. З іх 76 чалавек заваявалі дыпломы І ступені, 110 — ІІ і 181 — ІІІ. Найбольшая колькасць пераможцаў з Лідскага раёна, ад яго было выстаўлена 168 удзельнікаў, 85 з іх сталі дыпламантамі. Нязначна адсталі па колькасці прызёраў і два раёны Гродна — Кастрычніцкі (60 дыпламантаў са 112 удзельнікаў) і Ленінскі (48 дыпламантаў са 108 удзельнікаў). 27 дыпломаў атрымаў Смаргонскі раён, 18 — Шчучынскі, 9 — Зэльвенскі. Сярод сельскіх раёнаў лепшыя паказчыкі сёлета ў Іўеўскага: з 22 удзельнікаў 14 сталі прызёрамі. Захапляльнымі і цікавымі былі інтэлектуальныя спаборніцтвы па гісторыі і грамадазнаўстве. Сёлета яны праходзілі на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прыборабудавання. Удзельнікамі алімпіяд сталі 83 навучэнцы — пераможцы ІІ этапу, дзесяці- і адзінаццацікласнікі сярэдніх школ, гімназій і ліцэяў.

І па гісторыі, і па грамадазнаўстве алімпіяда праводзілася ў два туры. Першы тур складаўся з адкрытых і практычных заданняў. Па грамадазнаўстве гэта былі пытанні, якія патрабавалі разгорнутага адказу. Іх можна назваць творчымі, бо нават для параўнання таго ці іншага выказвання ўдзельнікам трэба было выкарыстоўваць усе свае веды. У такім адказе ёсць пэўныя рамкі, а эталона правільнага варыянта няма, таму, як паведаміла член журы метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Уладзіміраўна Нячаева, вялікае значэнне надавалася аргументаванасці адказу, валоданню ўдзельнікамі тэрміналогіяй, уменню рабіць аналіз і падводзіць вынікі. Па гісторыі адкрытыя заданні патрабавалі ад дзяцей умення працаваць з табліцамі, дакументамі, картамі і з ілюстрацыйным матэрыялам. Напрыклад, па ілюстрацыі трэба было вызначыць, што гэта за падзея, калі яна адбылася, даць ёй характарыстыку (калі патрабуецца). Ці, напрыклад, па карце трэба было вызначыць, да якой падзеі ці працэсу яна адносіцца.
Другі алімпіядны тур складаўся з тэстаў. Гэта заданні і на суадносіны, і на дапаўненне. У такіх заданнях, як правіла, шмат ілюстрацыйнага матэрыялу, асабліва ў тэстах па гісторыі, дзе даецца, напрыклад, шэраг гістарычных асоб і трэба вызначыць, хто яны такія, альбо шэраг архітэктурных збудаванняў, помнікаў, гледзячы на якія трэба было вызначыць, каму і дзе яны ўзведзены.
— Заданні, асабліва па гісторыі, складаныя. Яны патрабуюць ад дзяцей скрупулёзных ведаў прадмета. На занятках у школе на многія рэчы не звяртаецца ўвагі, таму вучню трэба шмат займацца дадаткова. Для школьніка гэта спецыфічны матэрыял. І на алімпіядзе, магчыма, складана было вызначыць, што за дакумент прапанаваны і да якога часу ён адносіцца, але дзеці былі настроены на такія цяжкасці, — дапоўніла Наталля Уладзіміраўна.
Пасля завяршэння двух тураў пачалася карпатлівая работа членаў журы. А ў апошні алімпіядны дзень, канечне, было святочнае ўзнагароджанне лепшых вучняў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. За першае месца ўдзельнікі атрымалі планшэты, за другое — электронныя кнігі, а за трэцяе — бесправадныя камп’ютарныя мышкі і клавіятуры.
— Пераможцамі могуць стаць 45% вучняў ад усіх удзельнікаў. Напрыклад, у алімпіядзе па гісторыі ўдзельнічалі 39 чалавек, 45 % — гэта 18 вучняў. Дыпломы размяркоўваюцца такім чынам: 50% дыпломаў ІІІ ступені, 30% — ІІ і 20% — І ступені, — удакладніла Наталля Уладзіміраўна Нячаева.
Сёлета высокія паказчыкі па Гродзенскай вобласці на алімпіядзе па гісторыі і грамадазнаўстве паказалі Воранаўскі і Лідскі раёны. Ад Воранаўскага былі прадстаўлены 4 чалавекі, і ўсе атрымалі дыпломы. А ад Лідскага было 11 чалавек.
Дыпломамі І ступені за паспяховае выступленне ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” былі ўзнагароджаны вучні дзясятых класаў Маргарыта Куцергіна са Шчучынскай гімназіі, Ягор Мацяс з гродзенскай гімназіі № 2 і вучні адзінаццатых класаў Анджэй Андрыш з Воранаўскай сярэдняй школы, Віталій Круглы з лідскай сярэдняй школы № 17.
Дыплом ІІ ступені атрымалі дзесяцікласнік Максім Калюта, вучань Наваельненскай школы Дзятлаўскага раёна, і адзінаццацікласніцы Карына Гарбарук з лідскай гімназіі № 1, Дар’я Арсяновіч з гродзенскай гімназіі № 4.
Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагародзілі дзесяцікласнікаў Аляксея Федаровіча з лідскага ліцэя № 1 і Ігара Ледзянцова, вучня Воранаўскай сярэдняй школы. Сярод адзінаццацікласнікаў трэцімі сталі Дзмітрый Карпук са Шчучынскай гімназіі, Елізавета Масцюкевіч са слонімскай гімназіі № 1, Аляксандр Маёраў з гродзенскай гімназіі № 9, Павел Ягодвік са Слонімскага раённага ліцэя і Павел Кавалеўскі з Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Па грамадазнаўстве 1 месца сярод дзясятых класаў заняў Максім Лаўрэнцік, вучань свіслацкай сярэдняй школы № 3, сярод адзінаццатых — Эмілія Шуляк з гродзенскай гімназіі № 4, Ірына Дзямідзік з ваўкавыскай гімназіі № 1, Дар’я Ярмак, вучаніца Жодзішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.
Дыпломамі ІІ ступені ўзнагародзілі дзесяцікласнікаў Надзею Палякову з лідскага ліцэя № 1, Рамана Сяліцкага з лідскай сярэдняй школы № 1, Ілью Ананка са слонімскай гімназіі № 1 і адзінаццацікласнікаў Ягора Кічука з гродзенскага ліцэя № 1, Дар’ю Трубіцкую з лідскай гімназіі № 1, Юлію Арлоўскую з лідскага ліцэя № 1.
Трэцімі сталі дзесяцікласнікі Ганна Эйсмант (Воранаўская сярэдняя школа), Ганна Нізкавузая (лідская гімназія № 1), Дзіяна Кеда і Настасся Чэканава (Смаргонская гімназія), Хрысціна Шавялёва (слонімская сярэдняя школа № 2), Вікторыя Грамыка (гродзенская сярэдняя школа № 32), Дзіяна Валошык (Шчучынская гімназія), Яўген Сачык (лідская сярэдняя школа № 1). Сярод адзінаццацікласнікаў дыпломы ІІІ ступені атрымалі Яўген Стралюк (лідскі ліцэй № 1), Анастасія Ажэўская (мастоўская сярэдняя школа № 2), Настасся Паўловіч (шчучынская сярэдняя школа № 2), Марыя Валейка (Воранаўская сярэдняя школа).
Вынікі алімпіяды адных узрадавалі, другіх засмуцілі. Але, нягледзячы на гэта, для ўсіх школьнікаў такое выпрабаванне — вельмі карысны вопыт. Сваімі ўражаннямі падзяліўся Максім Лаўрэнцік, вучань 10 класа свіслацкай сярэдняй школы № 3, які атрымаў дыплом І ступені па грамадазнаўстве (на фотаздымку):
— Спачатку я не паверыў, што стаў лепшым, першым. Я і зараз яшчэ не магу гэта ўсвядоміць. Але я шмат працаваў, каб дасягнуць такіх вынікаў. Вялікі дзякуй за гэта маёй настаўніцы Алене Аляксандраўне Данілюк. У мінулым годзе я таксама быў прызёрам. Сёлета, як мне падалося, заданні былі намнога цяжэйшыя, гэта ўжо не той узровень. На дасягнутым я не збіраюся спыняцца, буду і далей займацца менавіта грамадазнаўствам і сваю будучыню буду звязваць толькі з гэтай дысцыплінай.

 

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.