З баянам і акардэонам на міжнароднай арэне

- 16:25Культура

Падчас навагодніх свят многія не супраць схадзіць на канцэрт, каб паслухаць прыемную музыку. Ёсць і аматары народнай. Толькі народная музыка, хоць і выконваецца на народных інструментах, не заўсёды ад народа. Яна можа быць напісана сучаснымі кампазітарамі і патрабаваць ад выканаўцаў спецыяльных уменняў.
Усе чулі, што добрых музыкантаў рыхтуюць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аднак многія не ведаюць, што тыя даюць шмат канцэртаў. І на іх канцэртах часта можна пабываць зусім бясплатна.
Сёння мы гутарым з загадчыкам кафедры баяна і акардэона факультэта народных інструментаў, прафесарам, лаўрэатам спецыяльнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” Міронам БУЛОЙ.

— Наколькі народнымі з’яўляюцца баян і акардэон?
— За мяжой не дзеляць музычныя інструменты на народныя і ненародныя. У свеце няма і такога паняцця, як баян. Усе інструменты такога кшталту называюцца акардэонамі. Існуе кнопачны акардэон (з падачы расіян у нас ён называецца баянам) і клавішны акардэон.
Нельга гаварыць, што той або іншы акардэон горшы ці лепшы. Кожны мае свае асаблівасці гучання. Аднак кнопачны акардэон больш перспектыўны, бо мае шырокі дыяпазон гучання. Баяніст можа выканаць на сваім інструменце амаль усе творы, прызначаныя для іншых інструментаў. У той час як да клавішнага акардэона іх прыйшлося б прыстасоўваць.

— Ці задаволены вы сваімі студэнтамі?
— Да нас паступаюць адораныя дзеці. Многія з іх паспелі паўдзельнічаць у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і сталі іх пераможцамі. Напрыклад, сёлета да нас прыйшлі вучыцца амаль усе лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, які праходзіў у маі ў Лідзе. На пытанне “Як ты ставішся да баяна ці акардэона?” кожны з іх адкажа, што не ўяўляе сябе без гэтых інструментаў. Я лічу, што такія маладыя людзі вартыя таго, каб стаць студэнтамі факультэта народных інструментаў акадэміі музыкі.
У нашай краіне створана цэлая сетка дзіцячых музычных школ, школ мастацтваў, а таксама музычных каледжаў, у якіх вучаць іграць на музычных інструментах. У многіх з іх выкладчыкамі працуюць нашы выпускнікі, якія знаёмы з патрабаваннямі вышэйшай школы да музыкантаў. Таму абітурыенты падрыхтаваны на вельмі высокім узроўні.
Сёлета мы прынялі 13 выканаўцаў на баяне і акардэоне. У мінулым годзе іх было крыху болей: 14 чалавек за кошт бюджэту і 2 чалавекі на платнай аснове. Я лічу, што гэтага дастаткова, каб задаволіць патрэбы нашай краіны ў спецыялістах.

— Для студэнта, які вучыцца музыцы, вельмі важна, хто будзе яго выкладчыкам, бо на музычным факультэце навучанне індывідуальнае. Ці ганарыцца сваімі выкладчыкамі кафедра баяна і акардэона?
— Многія памятаюць стары лозунг: “Кадры вырашаюць усё”. У нейкім сэнсе ён застаецца актуальным і цяпер. Ёсць розныя педагогі. Больш адораныя і выдатныя рыхтуюць такіх жа адораных і выдатных вучняў. Наша кафедра баяна і акардэона — гэта сплаў маладосці, сярэдняга і старэйшага пакаленняў. Да нядаўняга часу ў нас працаваў Міхаіл Рыгоравіч Солапаў, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, якому споўніўся 91 год. У нас ёсць і свой доктар мастацтвазнаўства прафесар Валянцін Аляксеевіч Чабан. Трэба сказаць, што гэта першы ў акадэміі музыкі выкладчык баяна і акардэона, які абараніў доктарскую дысертацыю. Ёсць у нас і заслужаны артыст БССР — Мікалай Іванавіч Сеўрукоў. Сярод маладых выкладчыкаў — шмат лаўрэатаў розных конкурсаў, выканаўцаў на народных інструментах: дацэнты Аляксандр Шувалаў і Уладзімір Бубен, старшы выкладчык Аляксей Дараганаў, выкладчыкі Лідзія Скачко, Ірына Дараганава, Святлана Бельская і Сяргей Бутар. Маладыя выкладчыкі кафедры — наша будучыня.
Тое, што педагог кафедры баяна і акардэона добры чалавек па маральных якасцях, інтэлігентны, эрудзіраваны і інтэлектуальны, бясспрэчна. Ён можа быць і добрым баяністам, і добрым акардэаністам. Але калі пра выкладчыка гавораць, што ён добры музыкант, — гэта ўспрымаецца як самая высокая ацэнка.
Будучых выкладчыкаў мы шукаем у першую чаргу сярод сваіх студэнтаў. Убачыць схільнасці таго ці іншага студэнта да выкладчыцкай дзейнасці можна падчас педагагічнай практыкі, якая застаецца важнай дысцыплінай.

Ці не шкадуеце вы, што выбралі для сябе цяжкі хлеб выкладчыка?
— Мабыць, самае галоўнае для выкладчыка — выхаваць лепшых за сябе вучняў. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Я выхаваў шмат сур’ёзных музыкантаў, якія працуюць у нас на кафедры, такіх, напрыклад, як Аляксандр Шувалаў, лаўрэат Міжнароднага конкурсу баяністаў і акардэаністаў у Клінгенталі (Германія, 2002). Мой вучань Аляксандр Севасцьян з’яўляецца прафесарам у Таронта ў Канадзе. Валодзя Захарэвіч — саліст Вашынгтонскага нацыянальнага аркестра рускіх народных інструментаў. Дзяніс Чорны — саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.І.Жыновіча. Мая вучаніца Святлана Барэйка з’яўляецца ўладальніцай залатога медаля ІІ Дэльфійскіх сусветных гульняў (музычных). Сяргей Бутар у дуэце з Вікторыяй Ждановіч заваявалі гран-пры на VIII Міжнародным музычным конкурсе “Петра-Паўлаўскія асамблеі”, які праводзіўся ў 2013 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Поспехі маіх выхаванцаў мяне вельмі радуюць і даюць упэўненасць, што прафесію музыканта я выбраў нездарма.

— Новыя тэхналогіі, сродкі навучання, навуковыя і тэхнічныя дасягненні, камп’ютарызацыя ўплываюць на многія прафесіі. Як яны адбіліся на музычным мастацтве?
— Свае карэктывы яны ўнеслі ў першую чаргу ў музычныя інструменты. Цяпер і баян, і акардэон зусім іншай якасці, чым у недалёкім мінулым. Яны насычаны рознымі мадыфікацыямі і сістэмамі, якія дапамагаюць выканаўцу дасягнуць высокіх вынікаў. Раней такіх інструментаў не было. Я памятаю, як людзі стаялі па два, тры гады ў чарзе, каб набыць добры баян ці акардэон. Зараз такой праблемы няма, былі б толькі грошы.
Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў — адзінае айчыннае прадпрыемства, якое выпускае даволі якасныя баяны і акардэоны. Існуюць і прыватныя майстры, якія спраўляюцца з гэтай задачай. Многія музыканты маюць сродкі, каб набыць музычны інструмент за мяжой. Папулярнасцю карыстаюцца італьянскія баяны і акардэоны.
Два новыя якасныя інструменты, баян і акардэон італьянскай вытворчасці, нядаўна аказаліся ў распараджэнні і студэнтаў нашай кафедры, за што мы вельмі ўдзячны рэктару акадэміі музыкі Кацярыне Мікалаеўне Дулавай і спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Я не магу сказаць, што раней на кафедры не набываліся новыя музычныя інструменты. Яны ёсць, аднак іх узрост — 15—20 гадоў. Гэта пераважна маскоўскія “Юпітэры”, якія хацелася б замяніць на новыя.

— Студэнты вашай кафедры не толькі адточваюць сваё майстэрства ў аўдыторыях, але і выступаюць на шматлікіх канцэртных пляцоўках. Наколькі важныя канцэрты ў навучанні студэнта музыцы?
— Канцэрты для нашых студэнтаў — звыклая справа. Толькі з верасня гэтага года мы паспелі даць больш за 20 канцэртаў. А ў год такіх канцэртаў можа быць звыш сотні.
Выступаем на розных пляцоўках: у сценах акадэміі музыкі, на гарадскіх святах, у раённых гарадах, маленькіх вёсачках. Публіка таксама розная. Нашымі слухачамі з’яўляюцца ў першую чаргу бацькі, якія хочуць прызвычаіць да музыкі сваіх дзяцей.
Вядома, студэнты маглі б толькі вучыцца і выступаць усяго двойчы на год: на экзамене і акадэмічным канцэрце. Аднак такія студэнты ніколі не сталі б сапраўднымі выканаўцамі музыкі. Іх майстэрства адточваецца падчас канцэртаў. З гэтай мэтай у нас на кафедры, апроч асобных выканаўцаў, створаны музычныя трыа і дуэты.

— Студэнты кафедры баяна і акардэона апошнім часам становяцца пераможцамі не толькі рэспубліканскіх конкурсаў, але і міжнародных. Наколькі гэта важна для развіцця музыкі?
— Быў час, калі нашым выканаўцам было цяжка выйсці на еўрапейскі, сусветны ўзровень. Яны ўдзельнічалі ў розных міжнародных конкурсах, аднак прызавыя месцы не займалі. Тады аўтарытэтам карысталіся музыканты з Кіева, Ленінграда, Масквы. Сёння ўсе абавязкова цікавяцца, ці прыехалі на той ці іншы міжнародны конкурс выканаўцы з Мінска і які выкладчык за імі стаіць. А ўсё таму, што беларусы сталі сур’ёзнымі канкурэнтамі ў барацьбе за прызавыя месцы.
Прарыў у прызнанні беларускай баяннай і акардэоннай школы першым ажыццявіў Ігар Атраднаў. У 1982 годзе ён заваяваў III прэмію і званне лаўрэата на прэстыжным Міжнародным конкурсе ў горадзе Клінгенталі (Германія). Перамога беларускага музыканта на такіх прызнаных спаборніцтвах стала буйной падзеяй у музычным жыцці Беларусі. Для таго каб трапіць у Клінгенталь, Ігару Атраднаву прыйшлося прайсці два адборачныя туры саюзнага значэння. Сёння любы музыкант можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе ў Клінгенталі і іншых гарадах свету і паказаць свае здольнасці без папярэдніх выпрабаванняў.
Апошнім часам на прасторах былога Савецкага Саюза з’явіўся новы конкурс “Кубак Саюзнай дзяржавы і краін СНД”. Ён ладзіўся ў Маскве ўжо тры разы. Пераможцаў вызначала вельмі сур’ёзнае журы не толькі з Расіі, але і Украіны, Казахстана, Беларусі і іншых краін. Поспехі нашых студэнтаў там вельмі заўважныя. Так, у 2013 годзе лаўрэатам гэтага конкурсу стаў тады яшчэ першакурснік Андрэй Жукоўскі. У 2014 годзе лаўрэатам конкурсу стаў на той час студэнт 5 курса, а зараз магістрант і выкладчык нашай кафедры Сяргей Бутар. А прызавое месца гэтага конкурсу заняла тагачасная другакурсніца Аляксандра Тужыкава. Перамогі нашых студэнтаў на розных прэстыжных конкурсах сведчаць пра тое, што мы развіваемся ў належным кірунку.

Ганна ЛАГУН.
Фотаздымкі з архіва Мірона БУЛЫ.