З дапамогай — у кожную сельскую школу

- 11:48Сацыяльны ракурс

Шумілінскі раён Віцебскай вобласці наведалі ўдзельнікі прэс-туру ў рамках дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі A1 “Я вижу!”. Разам з намеснікам дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірынай Чарняковай і прадстаўнікамі кампаніі А1 журналісты завіталі ў Слабадскі яслі-сад — базавую школу і даведаліся, як праводзіць дыягностыку зроку ў навучэнцаў мабільная брыгада афтальмолагаў Полацкай дзіцячай паліклінікі.

— Клопат пра здароўе дзяцей — адна з прыярытэтных задач нашай арганізацыі, — адзначыла Ірына Чарнякова. — Дзякуючы рэалізацыі праекта, ужо чацвёрты год афтальмалагічная дапамога прыходзіць да дзяцей туды, дзе яны жы­вуць і вучацца. Бацькі тут жа сустракаюцца з урачамі і атрымліваюць звесткі пра стан здароўя свайго сына ці дачкі, неабходныя кансультацыі і рэкамендацыі, рэцэпты, накіраванні на далейшую дыягностыку і аперацыйнае лячэнне. Прафесійныя рэкамендацыі па рассадцы дзяцей у класе, дапушчальных фізічных нагрузках медыкі даюць педагогам, класным кіраўнікам. Сабраная інфармацыя накіроўваецца ў раённыя і абласныя ўстановы аховы здароўя, разглядаецца на пася­джэннях калегій галіновага міністэрства.

Праект “Я вижу!” працягвае маштабную праверку зроку ў беларускіх школьнікаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Віцебская вобласць — чацвёрты з рэгіёнаў Беларусі, дзе арганізаваны агляды. З 2016 па 2018 год яны ўжо прайшлі ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях, што дазволіла праверыць зрок у 36 800 дзяцей, у 33 працэнтаў з іх была выяўлена паталогія органаў зроку, прычым больш чым у палове выпадкаў — упершыню.

— Праект вельмі актуальны і запатрабаваны, — акцэнтавала ўвагу Ірына Чарнякова. — Прывяду адзінкавы, але вельмі яскравы прыклад: на папярэднім этапе ў адной з абласцей на прыём да афтальмолагаў прыйшоў хлопчык з траўмай вока, атрыманай падчас гульні. Улічваючы, што ўрача ў вёсцы не было, дзіцяці проста прамылі месца траўмы, наклалі стэрыльную павязку і зафіксавалі. Літаральна назаўтра па графіку ў школу прыехала наша афтальмалагічная брыгада. Як высветлілася, навучэнцу патрэбна была тэрміновая аперацыя, яго накіравалі ў дзіцячую абласную бальніцу і прааперыравалі, выратавалі зрок. Гэта проста цуд, што ўрачы апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Наш праект носіць найперш прафілактычны характар. Дзеці выходзяць з кабінетаў, дзе адбываюцца агляды, з усмешкай, бо ведаюць — ім абавязкова дапамогуць. Кожнаму ўдзельніку агляду мы ўручаем эмблемы праекта, невялікія сувеніры, памяткі з практыкаваннямі па прафілактыцы афтальмалагічных захворванняў. Але толькі мы, дарослыя, усведамляючы праблемы са здароўем дзяцей, можам дапамагчы з імі справіцца. На жаль, многія школьнікі і іх бацькі даведваюцца пра парушэнні зроку, толькі калі прыязджаюць урачы мабільных брыгад. А чым раней будзе пачата лячэнне, тым большая верагод­насць выправіць парушэнні і аднавіць зрок, не дапусціць развіцця складаных паталогій. Віцебшчына ў гэтым плане падае добры прыклад. Так, на сёння мы праводзім агляды ў сельскай мясцовасці, а паралельна ў вобласці такія ж агляды арганізаваны ў гарадах і раённых цэнтрах. Такім чынам забяспечваецца поўны ахоп дзіцячага насельніцтва.

Агляды па месцы вучобы праходзяць для таго, каб школьнікі як мага раней даведаліся пра магчымыя парушэнні зроку і атрымалі своечасовую дапамогу. У выязной рабоце ўрачоў-афтальмолагаў на Віцебшчыне выкарыстоўваюцца тры спецыяльныя аўтамабілі з сучасным абсталяваннем. Усе звязаныя з рэалізацыяй праекта выдаткі, уключаючы набыццё неабходнага абсталявання і аплату працы спецыялістаў, фінансуюцца Беларускім дзіцячым фондам са сродкаў, сабраных кампаніяй A1 падчас штогадовай дабрачыннай акцыі “Рабіць дабро так проста!”.

— Мы штодзень на практыцы пераконваемся, наколькі праект патрэбны дзецям, — расказала ўрач-афтальмолаг Полацкай дзіцячай паліклінікі Валянціна Хамякова. — Я маю на ўвазе нескладаныя, зноў выяўленыя паталогіі — на шчасце, іх параўнальна нямнога. Для дзіцяці, яго бацькоў важна нават тое, што мы своечасова выпісалі акуляры і не трэба для гэтага ехаць у райцэнтр. Праблема са зрокам школьнікаў сур’ёзная. З агледжаных намі дзяцей амаль трэцяя частка мае парушэнні зроку, 60 працэнтаў з якіх прыпадае на міяпію. Калі дзіця з дапамогай бацькоў і школы выканае ўсе рэкамендацыі, гэта часовы дыягназ — захворвання можна пазбавіцца. На аперацыйнае лячэнне мы накіроўваем у асноўным з касавокасцю. Першыя пасля бацькоў, хто звычайна заўважае праблемы са зрокам у навучэнцаў, і першыя, з кім мы гутарым да пачатку агляду ў школе, — настаўнікі. Яны на працягу ўрока арганізоўваюць прафілактыку, правядзенне спецыяльнай гімнастыкі для вачэй. У нашай практыцы здараліся прыклады, калі бацькі не мелі магчымасці даставіць дзіця на лячэнне ў стацыянар, і тады гэты клопат бралі на сябе асабіста педагагічныя работнікі. Вялікі дзякуй ім, адміністрацыям школ, органам кіравання адукацыяй за садзейнічанне! Дарэчы, канкрэтна ў Слабадскім яслях-садзе — базавай школе колькасць выяўленых парушэнняў ніжэйшая за сярэднестатыстычную.

У цяперашні час мабільныя брыгады афтальмолагаў дзейнічаюць у Віцебскім і Шумілінскім раёнах, іх работа завершыцца ў снежні ў Полацкім і Лепельскім раёнах. Усяго да канца года афтальмолагі агледзяць каля 15 тысяч школьнікаў з 21 раёна Віцебшчыны. У вобласці праект рэалізоўваецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй A1 пры падтрымцы аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З сакавіка па кастрычнік 2019 года медыкі прадыягнаставалі зрок у навучэнцаў 1—11 класаў сельскіх школ Верхнядзвінскага, Аршанскага, Дубровенскага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Расонскага, Сенненскага, Мёрскага, Ушацкага, Талачынскага, Чашніцкага, Лёзненскага, Гарадоцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў.

— Дапамога дзецям застаецца нязменным прыярытэтам кампаніі А1, — падкрэсліў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці A1 Віктар Пазнякоў. — Першапачаткова мы падтрымалі ідэю Беларускага дзіцячага фонду і рэалізавалі праект “Я вижу!” ў Магілёўскай вобласці. У ходзе рэалізацыі ініцыятывы мы ўбачылі, наколькі яна важная і запатрабаваная, і прадоўжылі сумесную работу ў іншых рэгіёнах. Як вынік, на працягу чатырох гадоў, дзякуючы праекту, афтальмалагічную дапамогу атрымліваюць тысячы дзяцей па ўсёй краіне. Праект дапамагае не толькі своечасова выяўляць праблемы са зрокам, але і інфармаваць школьнікаў пра спосабы іх прадухілення. Са свайго боку асноўную ключавую механіку мы дапаўняем дадатковымі актыўнасцямі. Напрыклад, была арганізавана кампанія па сацыяльнай рэкламе прафілактыкі захворванняў органаў зроку. Дзеці пасля аглядаў атрымліваюць спецыяльныя памяткі, у мінулым годзе мы запусцілі рэкламны ролік, дзе ў гульнявой форме гаворыцца, як важна праходзіць такія агляды. Мы рады, што да тых навучэнцаў, хто непасрэдна атрымае дапамогу, далучаюцца дарослыя, у тым ліку бацькі і педагогі — іншымі словамі, людзі, якія прымаюць адказныя рашэнні ў дачыненні да здароўя непаўналетніх. Мы разумеем “Я вижу!” як не толькі медыка-прафілактычны, але і вялікі камунікацыйны праект. Хачу дадаць: у нас яшчэ ёсць сюрпрыз, звязаны з гэтай ініцыятывай. Да канца года мы адкрыем іншую яго грань, у тым ліку на Віцебшчыне.

Усяго ў ходзе дабрачыннага праекта “Я вижу!” плануецца агледзець 50 тысяч навучэнцаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.