З добрай і шчырай усмешкай

- 10:40Людзі адукацыі

Ларыса Васільеўна Алексяюк часта перагортвае старонкі сямейнага фотаальбома, у якім за 70 гадоў сабрана шмат фотаздымкаў, дзе застылі імгненні яе жыцця, цікавага і змястоўнага. Але найбольш дарагія сэрцу фотаздымкі, звязаныя з работай у школе. Яны надаюць сілы, веры, аптымізму, жыццёвай энергіі. Менавіта па іх можна з дакладнасцю прасачыць педагагічны шлях Ларысы Васільеўны па гадах. І гэты нялёгкі шлях быў высакародным і адметным, цалкам аддадзеным дзецям. У яго аснове — карпатлівая праца, творчыя адносіны да любімай справы, спагада і адкрытасць.

Л.В.Алексяюк — адзін са старэйшых педагогаў Маларытчыны. У сістэме адукацыі яна працуе 55 гадоў. Сёння Ларыса Васільеўна шчыруе выхавальніцай групы прадоўжанага дня ў Маларыцкай раённай гімназіі.

— Вось мае выхаванцы-чацвёртакласнікі, — усміхаючыся, паказвае педагог адзін з апошніх фотаздымкаў, дзе яна ў акружэнні сваіх вучняў. — Гарэзы, непаседы, свавольнікі, жэўжыкі… І такія ўсе блізкія і родныя сэр­цу. Як свае. Кожны з іх нечым адметны, на­дзелены талентам, які неабходна заўважыць і паспрабаваць хоць трошкі развіць.

У Ларысы Васільеўны на ўсіх хапае добрага слова, светлага позірку і шчырай усмешкі. Нездарма яе любяць вучні, якія заўсёды дзеляцца з педагогам сваімі сакрэтамі, радасцямі і перажываннямі.

Няспешна разглядваю фотаздымкі. Некаторыя з іх, пажоўклыя ад часу, па-ранейшаму захоўваюць цеплыню і ствараюць радасны настрой. Амаль на ўсіх фота Ларыса Васільеўна з усмешкай. Жанчына бярэ адзі­н здымак, другі, трэці… На кожным з іх — незабыўная гісторыя. Л.В.Алексяюк расказвае гэтыя гісторыі, паглыбляючыся ў даты і дакладна называючы імёны і прозвішчы тых, хто на фота. Са здымкаў глядзіць памяць. Вось адзін з самых ранніх. На ім 7-гадовая дзяўчынка з букетам кветак трымае за руку маці і, сарамліва нахіліўшы галаву, глядзіць кудысьці ўдалячынь. На другім — старшакласніца, на трэцім — удзельніца школьнага мерапрыемства, на чацвёртым — выпускніца, на пятым — маладая настаўніца на першым уроку… Фотаздымак за фота­здымкам — і атрымліваецца цэлая педагагічная паэма, галоўная дзеючая асоба ў якой — Л.В.Алексяюк. Радуе, што гэты твор пішацца і цяпер.

Будучы педагог яшчэ ў 7 гадоў вырашыла, што стане настаўніцай. Да сваёй мары ішла мэтанакіравана год за годам, пера­адольваючы перашкоды. У тагачасны Брэсц­кі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна паступіла не адразу: не прайшла па конкурсе. Уладкавалася старшай піянерважатай у Чарнянскую сярэднюю школу. Вечарамі займалася самаадукацыяй, рыхтавалася да чарговага паступлення ў інстытут. Паступіла. Вучылася завочна. Праз год ужо працавала настаўніцай біялогіі ў Мельніцкай базавай школе.

— Як школьніца, зубрыла па вечарах падручнікі, каб не сорамна было раніцай ісці на ўрок. Вучыла дзяцей і сама разам з імі вучылася, — прызнаецца Л.В.Алексяюк.

Мaлaды педагог yклaдвала ў работу ўсю дyшy i cэpцa. Энергіі, ciл і стараннасці былo шмат. Здaвaлacя, што яны невычэрпныя. Таму ўсё і атрымлівалася. Работа прыносіла маральнае задавальненне і радасць. Настаўніца адчувала сваю запатрабаванасць, любоў вучняў.

— Увесь час не давалі спакою пытанні: “Як дасягнуць таго, каб кожны вучань быў паспяховым?”, “Як навучыць дзяцей самастойна здабываць веды і прымяняць іх?”, “Як выбудаваць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам і зрабіць бацькоў вучняў сваімі саюзнікамі?”, — гаворыць Ларыса Васільеўна. — Каб адказаць на іх, чытала шмат дадатковай метадычнай літаратуры, прыслухоўвалася да парад калег, наведвала адкрытыя ўрокі лепшых настаўнікаў. Старалася быць прыкладам для вучняў ва ўсім, клапацілася пра свой імідж. Не баялася цяжкасцей, бо яны загартоўвалі, а ўдачы акрылялі.

Гартаючы фотаальбом, педагог на нейкі момант змаўкае, неўпрыкмет выцірае слёзы. На адным са здымкаў яна з любімым мужам Міхаілам Васільевічам, якога ўжо некалькі гадоў няма. Разам з ім, настаўнікам хіміі, жанчына працавала ў розных уста­новах адукацыі, у тым ліку і ў Радзежскай сярэдняй школе, дзе ён быў дырэктарам 32 гады. Менавіта ў гэтай школе педагагічны талент Ларысы Васільеўны раскрыўся на поўную моц. Яе працаздольнасці па-добраму пазайздросцілі б многія. Для школы настаўніца не шкадавала ні сіл, ні часу. Дзякуючы ёй і вучням, тэрыторыя ўстановы патанала ў зеляніне. У школу ездзі­лі настаўнікі з усёй вобласці, каб пераняць эфектыўны вопыт па далучэнні дзяцей да сельскагаспадарчай працы.

За гады педагагічнай дзейнасці Ларыса Васільеўна зарэкамендавала сябе прафесіяналам. Не адзін год узначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў абслуговай працы, біялогіі і класных кіраўнікоў. На рахунку Л.В.Алексяюк шмат дасягненняў і ўзнагарод. Але не граматы і дыпломы яна лічыць галоўным. Галоўнае — павага і ўвага былых вучняў. А яны не забываюць любімую настаўніцу, памятаюць урокі, шматлікія паходы і экскурсіі, наведванні выстаў, спектакляў, сустрэчы з цікавымі людзьмі… Дарэчы, яе выхаванцам з’яўляецца сённяшні старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

— Жыву дзякуючы вучням. Дзеля іх яшчэ працую. Хто выбраў прафесію не па душы, надоўга ў школе не затрымаецца, — гаво­рыць Л.В.Алексяюк.           

У сямейным фотаальбоме яшчэ ёсць некалькі чыстых старонак. На іх абавязкова з’явяцца новыя фотаздымкі Ларысы Васільеўны з вучнямі. Як заўсёды, з добрай і шчырай усмешкай.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.