З карабля — на баль!

- 11:09Вышэйшая школа

У Мінску завяршыўся фінал XXVII Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2018”. У канцэртнай зале Prime Hall за каралеўскую карону змагаліся 8 студэнтак з Беларусі, Расіі, Арменіі і Латвіі, дэманструючы ўменне трымацца на сцэне, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства, пачуццё гумару і, канечне, грацыю і знешнія даныя. Праўда, фінал выйшаў за межы вясновых нацыянальных адбораў у краінах-удзельніцах і атрымаў па-сапраўднаму летні матыў.

Сёлета каралеўскае шоу прайшло пад плёскат імправізаваных марскіх хваль і крыкі чаек. Фінальнае тэатралізаванае прадстаўленне было аб’яднана тэмай “Падарожжа на лайнеры мары”, у якім прыгажуні абыгралі марскую тэматыку. Так, канкурсанткі паўсталі перад гледачамі і журы ў вобразах марачак падчас творчай замалёўкі “Каманда прыгажосці”, прадэманстравалі стройныя сілуэты ў спартыўным дэфіле “II Еўрапейскія гульні ў Мінску”. У інтэлектуальным конкурсе-дэфіле “У кожнага свая Радзіма” дзяўчаты выйшлі ў нацыянальных уборах і, адказваючы на пытанні журы, расказвалі пра сваю Радзіму: і пра сімвалы Арменіі — гранат і Арарат, пра сімвал Глыбокага — знакамітую згушчонку, глыбоцкую вішню і нават пра навінку — вішнёвую згушчонку, пра архангельскае Паўночнае ззянне, пра вароты на Каўказ у Стаўрапалі. У творчым конкурсе прыгажуні дэманстравалі свае таленты: танцавалі, спявалі пранікнёныя балады, паказвалі акрабатычныя трукі. Завяршылася спаборніцтва выхадам у кактэйльных і вячэрніх уборах падчас дэфіле “З карабля — на баль”.

Па выніках усіх выпрабаванняў уладальніцай галоўнай узнагароды — тытула “Каралева Вясна — 2018” стала Настасся Кобцава, студэнтка Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта Расіі. Яна ж — “Каралева Вясна ONLINE” згодна з галасаваннем карыстальнікаў сацсетак, якое прайшло яшчэ да пачатку фінальнага шоу. Настасся — актывістка Расійскага саюза моладзі, удзельніца студэнцкага педагагічнага атрада, з’яўляецца майстрам спорту Расіі па мастацкай гімнастыцы і ўжо трэніруе будучых чэмпіёнаў. Акрамя таго, дзяўчына — пастаянная ўдзельніца ўніверсітэцкіх, гарадскіх і краявых мерапрыемстваў.

2-е месца і званне “Першая Віцэ-Каралева Вясна” заваявала Марыя Салаўёва, будучы філолаг з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Хоць Марыя і не атрымала галоўны прыз у міжнародным фінале, яна стала пераможцай конкурсу “Каралева Вясна Беларусі”, што ўвесь вечар падкрэслівалі гледачы, скандзіруючы: “Маша — каралева наша!” Матывацыяй для Марыі служыць вера ў сябе, свае сілы, свае пачынанні і поспехі. Кожны дзень ёй хочацца развівацца ў спорце, танцах, вакале. Для дзяўчыны жаданне атрымліваць новыя веды стала рухаючай сілай для адкрыццяў і здзяйсненняў. Марыя сур’ёзна захапляецца конным спортам і плаваннем. Але галоўнае ў яе жыцці — бальна-спартыўныя танцы. Яна ўдзельніца міжнародных турніраў, а таксама трэнер школы бальнага танца “Паўночная сталіца”, займаецца з дзецьмі ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў.

3-е месца і званне “Другая Віцэ-Каралева Вясна” — у расіянкі Валерыі Кетавай, студэнткі Паўночнага (Арктычнага) федэральнага інстытута імя М.В.Ламаносава. Нарадзіўшыся ў невялікім гарадку, Валерыя заўсёды хацела, каб ён не саступаў суседнім буйным гарадам, таму пасля перамогі ў конкурсе “Міс і Містар Студэнцтва Расіі — 2017” адкрыла адзіную ў сваім горадзе Школу прыгажосці для дзяўчат і арганізоўвае конкурсы прыгажосці. Акрамя таго, Валерыя займаецца лёгкай атлетыкай, спартыўным плаваннем і гімнастыкай на палотнах.

Дзмітрый Варанюк, кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, урачыста перадаў пераходны Кубак конкурсу артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2019” Яўгену Казюру, міністру адукацыі Стаўрапольскага краю. Менавіта ў Стаўрапалі пройдзе фінал Міжнароднага конкурсу “Каралева Вясна” ў рамках Міжнароднага фестывалю “Студэнцкая вясна краін ШАС і БРЫКС”.

“Вельмі прыемна, што круізны лайнер прыгажосці зробіць наступны прыпынак менавіта ў Стаўрапалі, — адзначыў Яўген Мікалаевіч. — Але “прычал” для яго сёлета мы ўжо падрыхтавалі — правялі фестываль “Расійская студэнцкая вясна”. Насця Кобцава, расказваючы пра славутасці Стаўрапаля, адзначыла, што галоўная славутасць горада — гэта людзі. Калі вы прыедзеце да нас, то зразумееце, што Стаўрапольскі край нездарма называюць краем залатых сэрцаў”.

Старшыня Расійскага саюза моладзі Павел Краснаруцкі паведаміў, што арганізатары разлічваюць і далей праводзіць конкурс у рэгіёнах, там, дзе ён можа стаць адной з самых галоўных падзей года. “Магчыма, праз год мы перададзім эстафету ад Стаўрапаля якому-небудзь беларускаму рэгіёну”, — дадаў ён. Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі адзначыў, што конкурс “Каралева Вясна” служыць прыкладам інтэграцыі моладзі розных краін. Па яго словах, гэта конкурс не толькі прыгажосці, але і грацыі, артыстычнага майстэрства, бо моладзь павінна быць прыгожай, інтэлектуальна развітой і абавязкова любіць сваю краіну. Мастацкі кіраўнік конкурса “Каралева Вясна” Мікалай Сушкоў у сваю чаргу пажадаў фіналісткам і пасля заканчэння мерапрыемства заставацца камандай, сябраваць і прыязджаць адна да адной у госці: з Расіі — у Беларусь, з Беларусі — у Расію, з абавязковымі візітамі ў Арменію і Латвію.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.