З клопатам пра заўтра

- 10:55Сацыяльны ракурс

У 2005 годзе быў прыняты Закон “Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў”. У адносінах да іх дакумент вызначае шэраг сацыяльных гарантый: магчымасць атрымаць адукацыю, жыллё, права на дзяржаўнае забеспячэнне. На што яшчэ, згодна з заканадаўствам, могуць разлічваць гэтыя катэгорыі непаўналетніх, як рэалізоўваецца права дзіцяці на жыццё ў сям’і, абмяркоўвалі падчас тэматычнай прэс-канферэнцыі, якая днямі прайшла ў сталічным Доме прэсы.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Клопат пра дзяцей — прыярытэт шматлікіх дзяржаўных структур, у прыватнасці, міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, а таксама Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Кожнае з ведамстваў працуе па асобным кірунку, звязаным з падтрыманнем і абаронай інтарэсаў непаўналетніх, але сумесны вынік іх работы зводзіцца да аднаго — сацыяльнай абароны дзяцей.

“Усяго ў нашых установах знаходзіцца 556 дзяцей-інвалідаў, у тым ліку 40 дзяцей-сірот і 350 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — прыводзіць статыстычныя даныя Мікалай Арол, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання галоўнага ўпраўлення сацыяль­нага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — 30 працэнтаў дзяцей атрымліваюць сацыяльныя паслугі і медыцынскую дапамогу па заяве бацькоў. Дзякуючы рабоце з біялагічнымі бацькамі, штогод па рашэнні суда і КСН частка дзяцей вяртаецца ў біялагічныя сем’і. Згодна з Законам “Аб сацыяльным абслугоўванні”, з 2013 года ў інтэрнатных установах, якія адносяцца да структуры Мінпрацы, аказваюцца паслугі па су­праваджальным пражыванні, гэта значыць, ажыццяўляецца падрыхтоўка дзяцей да жыцця па-за межамі стацыянарных устаноў. Для гэтага ва ўстановах змадэляваны ўмовы, якія нагадваюць пражыванне ў доме. Напрыклад, у Віцебскай вобласці пабудаваны і дзейніча­юць 2 катэджы, дзе пражываюць з мінімальным суправаджэннем дзеці з 14 да 18 гадоў. Усяго паслугамі суправаджальнага пражывання ахоплены 205 выхаванцаў”.

М.А.Арол паведаміў, што ва ўсіх інтэрнатных установах краіны працу­юць валанцёрскія атрады. У Мінскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў валанцёрскую дзейнасць ажыццяўляюць атрады з БДПУ імя Максіма Танка. Веды і ўменні, якім студэнты навучаюць дзяцей, накіраваны на развіццё ў апошніх сацыяльных навыкаў і ўменняў.

“Дзякуючы мерам, якія прымаюцца ў краіне, колькасць дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у інтэрнатных установах, зніжаецца, — заўважае Мікалай Арол. — З 2010 года такіх дзяцей стала менш амаль у 2 разы. У інтэрнатах праводзіцца работа па вяртанні непаўналетніх у сем’і. У мінулым годзе такіх дзяцей было 25, а ў першым паўгоддзі бягучага — 16”.

На працягу апошніх гадоў у краіне зніжаецца колькасць дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Гэтаму садзейнічае прафілактычная работа, якая накіравана на захаванне роднай сям’і для кожнага дзіцяці. На гэтым зрабіла акцэнт Алена Сімакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

Да ўступлення ў сілу дэкрэта № 18 на дзяржаўным забеспячэнні ўсяго па краіне ад агульнай колькасці дзяцей знахо­дзілася 1,5 працэнта непаўналетніх — гэта былі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння такіх дзяцей менш за 1 працэнт ад агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва.

“У 2005 годзе быў прыняты Закон “Аб сацыяльных гарантыях дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і асоб з ліку такіх дзяцей”. Законам прадугледжана, што дзеці-сіроты ў нашай краіне маюць шэраг гарантый, сярод якіх гарантыі на адукацыю, працу, жыллё і на дзяржаўнае забеспячэнне. Усе гарантыі рэалізоўваюцца на практыцы, і сёння тыя непаўналетнія, якія набылі статус сірот па розных прычынах, не застаюцца без увагі дзяржаўных органаў”, — адзначыла А.Ф.Сімакова.

Сярод тых дзяцей, якія сёння засталіся без апекі бацькоў — а іх крыху больш чым 18 тысяч, 83 працэнты з’яўляюцца сацыяльнымі сіротамі пры жывых бацьках. І толькі 16 працэнтаў — біялагічныя сіроты, бацькі якіх па аб’ектыўных прычынах не могуць займацца іх выхаваннем. 1 працэнт дзяцей мае часовы статус, які надаецца непаўналетняму ў тым выпадку, калі бацькі, напрыклад, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. 

“Сёння больш чым 14 тысяч дзяцей з ліку тых, што знахо­дзяцца на ўліку, выхоўваюцца ў апякунскіх, прыёмных сем’ях, а таксама ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, — расказала Алена Сімакова. — Больш за дзве тысячы дзяцей знаходзяцца ва ўстановах адукацыі на дзяржаўным выхаванні. Такім чынам, яны атрымліваюць пэўныя гарантыі. Напрыклад, сюды адносяцца матэрыяльныя выплаты іх апекунам, папячыцелям, калі непаўналетнія выхоўваюцца ў сям’і. Калі дзеці выхоўваюцца ва ўстановах, якія належаць сістэме адукацыі, ім прадастаўляюцца харчаванне ці грашовыя сродкі на набыццё вопраткі і абутку. Такім чынам, у нас прадугледжаны розныя формы дзяржаўнага забеспячэння”.

Да прыярытэтных сацыяльных гарантый, на якія павінны і могуць разлічваць дзеці, адносіцца права непаўналетняга жыць у сям’і. Гэтая норма забяспечваецца на раннім этапе сямейнай нядобранадзейнасці з дапамогай прафілактычнай работы.

Сярод усіх сацыяльных гарантый вялікае значэнне надаецца жыллёвым пытанням, праву дзіцяці на захаванне таго жылога памяшкання, з якога яно выбыла на дзяржаўнае забеспячэнне. Акрамя гэтага, калі такая неабходнасць ёсць, непаўналетніх ставяць на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта дазваляе атрымаць у будучыні жыллё сацыяльнага карыстання, як мінімум месца ў інтэрнаце па месцы працы.

“Калі гаварыць пра замацаванае жыллё, з агульнай колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў банку даных, больш за 600 тысяч маюць сваё жыллё. Заканадаўства змянілася, і сёння замацаваць за дзіцем можам толькі тое памяшканне, якое на правах уласнасці належыць яго бацькам. Калі гаварыць пра пастаноўку на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў, то такія дзеці (сёння іх больш чым дванаццаць тысяч) маюць права знаходзіцца ў асобных спісах”.

Калі дзіця з ліку сірот атрымлівае жыллё сацыяльнага карыстання, у ім можна бясплатна жыць на працягу 5 гадоў. Пасля гэтага тэрміну за памяшканне трэба плаціць, таму што яно пераходзіць у катэгорыю арэнднага. Дзеці, якія падчас пражывання ў сацыяльным памяшканні сталі самастойнымі і маюць работу, за якую атрымліваюць зарплату, могуць па-за чаргой выкарыстаць ільготны крэдыт, субсідыю і пабуда­ваць сваю кватэру. Сёння не больш чым 1 працэнт дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, маюць сваю маёмасць. Алена Сімакова паведаміла, што за такой маёмасцю, як і за замацаванай за дзіцем, ажыццяўляецца нагляд і кантроль.

“Ёсць прыклады, калі бацькі, пражываючы ў кватэрах, замацаваных за непаўналетнім, прыводзяць іх у непрыглядны стан. Згодна з заканадаўствам, засяленне дзяцей у такія памяшканні з’яўляецца немагчымым, — растлумачыла спецыяліст. — Безумоўна, усе дзеці-сіроты сёння атрымліваюць агульную сярэднюю ці спецыяльную адукацыю. Пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі яны ідуць вучыцца далей.

У краіне рэалізоўваецца права дзіцяці на працу і занятасць. Першае рабочае месца можа быць прадастаўлена як па месцы атрымання статусу, дзе за маладымі людзьмі замацавана жыллё ці дзе яны стаяць на ўліку, так і па месцы накіравання на работу. У гэтым выпадку Жыллёвы кодэкс прадугледжвае пастаноўку на ўлік па месцы накіравання на работу. Калі юнакі ці дзяўчаты паспяваюць рэалізаваць гэтае права да 23 гадоў, яны могуць атрымаць жыллё там, дзе працуюць”.

Заканадаўствам прадугледжаны розныя магчымасці па абароне і суправаджэнні асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэтаму таксама садзейнічаюць тыя міжведамасныя механізмы, якія сфарміраваны і дзейнічаюць у краіне. Безумоўна, шматлікія пастановы і заканадаўчыя акты накіраваны яшчэ і на тое, каб дзеці, якія пакутуюць з-за нядбайных бацькоў, у будучыні самі не сталі такімі.

Наталля САХНО.