З любімым вершам — у пераможцы

- 10:11Навіны рэгіёнаў

Антон Цімашкоў, вучань Лапацінскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, перамог у рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў.

Хлопчыку, які вучыцца ў 5 класе, уручаны дыплом I ступені другога рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Запаліць зорку”, які быў арганізаваны Беларускім саюзам музычных дзеячаў. Антон перамог ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 10 гадоў у намінацыі “Мастацкае чытанне. Паэзія”.

— Вядома ж, хваляваўся, калі стая­ў перад аўдыторыяй дарослых лю­дзей, — гаворыць школьнік. — Але быў упэўнены ў сабе, бо выбраў для выступлення адзін з маіх любімых вершаў — “Крывавая балада”, які напісаў наш зямляк Анатоль Грачанікаў.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лапацінскай сярэдняй школы Таццяна Гагарына гаворыць, што Антон у верасні мінулага года перайшоў у сярэдняе звяно. Педагог адразу ж адзначыла для сябе, што хлопцу вельмі падабаюцца гуманітарныя прадметы — беларуская і руская літаратура, чалавек і свет, гісторыя:

— На сваіх уроках адчула, што Антон валодае вялікім патэнцыялам чытальніка. За ўсе вывучаныя ім вершы ставіла толькі выдатныя адзнакі. Прапанавала яму паспрабаваць выступаць у конкурсах, Антон адразу ж пагадзіўся. Бачу, што яму гэта вельмі падабаецца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.