З любоўю да творчасці А.С.Пушкіна

- 11:08Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны дзейнічаюць адзін музейны пакой і 11 музеяў, з іх 6 — ваенна-патрыятычныя і 4 — краязнаўчыя. І толькі адзін — літаратурны. Знаходзіцца ён у Арэхаўскай сярэдняй школе і прысвечаны класіку рускай літаратуры А.С.Пушкіну. Заснавальніцай музея, адкрытага ў 1984 годзе, з’яўляецца доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага памежжа, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзейсны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, заслужаная настаўніца Беларусі М.П.Жыгалава.

Сёння ў музеі захоўваецца каля тысячы экспанатаў асноўнага і дадатковага фондаў, якія адлюстроўваюць розныя бакі асобы і творчасці паэта. Сярод раздзелаў — “Пятроўскае”, “Сябры”, “Міхайлаўскае”, “Дзекабрысты”, “Сям’я”, “А.С.Пушкін і Вялікая Айчынная вайна”, “А.С.Пушкін і наш час”, “А.С.Пушкін і Беларусь”, “Нашчадкі А.С.Пушкіна ў Беларусі” і інш.

У музеі зберагаюцца магнітафонныя запісы цікавых сустрэч, свят пушкінскай паэзіі, літаратурных чытанняў і канферэнцый. У экспазіцыі і фондах — матэрыялы края-знаўчых знаходак вучняў, фотаздымкі, альбомы, лепшыя сачыненні школьнікаў, кнігі паэта, перакладзеныя на мовы свету (у тым ліку і на японскую), кнігі з аўтографамі беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, паштоўкі, маркі і г.д. Усё гэта сведчыць пра разнастайную пошукавую работу вучняў, іх цікавасць да творчасці рускага паэта. Такія матэрыялы далучаюць дзяцей да далёкай эпохі і свету чалавечых адносін, бо музейная экспазіцыя — выдатны сродак нагляднасці, заснаваны на пошукавых знаходках.

У музеі захоўваецца копія пасмяротнай маскі класіка, копія білета з паведамленнем пра яго смерць, разасланага ўдавой паэта, з запрашэннем на яго адпяванне.

Добра дапаўняюць уяўленне пра духоўны свет А.С.Пушкіна і яго ролю ў развіцці сусветнай літаратуры поўны збор твораў з біяграфіяй, партрэтамі і шматлікімі ілюстрацыямі 1889 года выдання, іншыя кнігі паэта, вельмі рэдкія ілюстрацыі да яго твораў і інш.

У музеі зберагаецца перапіска арэхаўскіх вучняў са сваякамі вялікага паэта, магнітафонныя запісы іх успамінаў, фотаздымкі. Тут сабраны копіі дакументаў і запісы ўспамінаў былых воінаў Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў размініраванні магілы А.С.Пушкіна ў Святагорскім манастыры. У музеі ёсць фотаздымкі і архіўныя матэрыялы, якія расказваюць пра самалёт “Аляксандр Пушкін”, пабудаваны на сродкі пісьменніка І.А.Новікава, і дзейнасць экіпажа гэтага самалёта.

— Літаратурны музей А.С.Пушкіна ў Арэхаўскай сярэдняй школе ствараўся больш за 7 гадоў, — расказвае М.П.Жыгалава. — Усё пачалося з краязнаўчага гуртка, які знаёміў вучняў з родным краем, славянскай культурай і мультыкультурнай прасторай. Краязнаўчая работа добра садзейнічае вывучэнню, захаванню і прапагандзе культурных каштоўнасцей.

У музеі існуе кніга водгукаў наведвальнікаў. Першы запіс у ёй зроблены 15 сакавіка 1985 года ўдзельнікамі ўсесаюзнага семінара: “Вялікі дзякуй за нечакана прыемную і кранальную сустрэчу з А.С.Пушкіным! Жадаем вам далейшых поспехаў і нястомнай энергіі ў гэтай удзячнай справе”. У кнізе водгукаў за 33 гады існавання музея пакінулі шчырыя словы ўдзячнасці і шматлікія ўражанні амаль 20 тысяч наведвальнікаў. Сярод іх — настаўнікі, вучні, выкладчыкі УВА, навукоўцы, пісьменнікі, дэпутаты, журналісты, супрацоўнікі іншых музеяў краіны, інжынеры, студэнты і вяскоўцы.

У 1988 годзе школьнаму музею было нададзена ганаровае званне “Выдатны школьны музей”. Падчас работы М.П.Жыгалавай у Арэхаўскай сярэдняй школе пры музеі дзейнічаў літаратурны клуб “Ля Лукамор’я”, які ўключаў 4 напрамкі дзейнасці. Так, гурток “Пошук” вёў пошукавую работу па зборы фальклорных і гістарычных матэрыялаў з мясцовых вёсак. Клуб праводзіў пушкінскія святы паэзіі ў школе і ў вёсцы, пасяджэнні літаратурных пятніц, выпускаў рукапісны альманах, даваў лялечныя спектаклі. Усё гэта аб’ядноўвала дзяцей, вучыла аддаваць сілы рабоце з людзьмі, спрабаваць творчыя сілы ў паэзіі, фарміравала актыўную жыццёвую пазіцыю.

У 1993 годзе М.П.Жыгалава пераехала працаваць у Брэст, але сувязі з роднай школай і музеем не перарывае і да гэтага часу. Тут яна часта бывае са студэнтамі і выкладчыкамі УВА.

Справу заснавальніка музея некалькі гадоў працягвала настаўніца рускай мовы і літаратуры С.В.Вітаноўская, былая вучаніца М.П.Жыгалавай. Сёння музей узначальвае настаўніца рускай мовы і літаратуры Л.І.Закірава.

— Матэрыялы экспазіцый літаратурнага музея ўяўляюць цікавасць як для беларускіх, так і замежных турыстаў, — гаворыць М.П.Жыгалава. — Гэта добры міжнародны турыстычны аб’ект спасціжэння рускай культуры ў іншым нацыянальным асяроддзі. Свет рускай культуры, абуджаны лірай вялікага мысляра і творцы, зліўся ў адно цэлае са светам беларускага слова і стаў тым цэнтрам, дзе фарміруецца духоўнасць, заснаваная на вечных чалавечых каштоўнасцях: дабры і прыгажосці, любові да радзімы і адказнасці за зробленае, павазе да нацыянальных культур і свабодзе творчасці.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.