З мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў

- 10:44Спецыяльная адукацыя

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшло пасяджэнне савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі. У цэнтры ўвагі была тэма абароны правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў з ліку асоб з АПФР. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, а таксама супрацоўнікі абласных ІРА.

* * *

Адкрылі пасяджэнне старшыня савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Таццяна Васільеўна Жук, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна Каржова і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі міністэрства Святлана Яўгенаўна Сысой.

Тэму арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння ў адукацыйных установах узняла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алеся Сяргееўна Бераснева.

“Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай (СППС) ажыццяўляе кіраўнік установы адукацыі або яго намеснік, — падкрэсліла Алеся Сяргееўна. — Менавіта яны адказваюць за належнае функцыянаванне службы. Сфера дзейнасці яе спецыялістаў даволі аб’ёмная. Уключае асветніцкую работу, дыягностыку, карэкцыю, кансультаванне, метадычнае суправаджэнне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Галоўная мэта службы — прафілактыка проціпраўных паводзін, сямейнай нядобранадзейнасці, насілля, шкодных звычак, суіцыдальных паводзін. На жаль, дзейнасць СППС на практыцы абмежавана работай з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама з дзецьмі з АПФР. Часам дзейнасць службы зводзіцца да запаўнення справаздач і даведак, напісання шматлікіх планаў. З іншага боку, спецыялістаў СППС могуць абавязаць да выканання неўласцівых для іх функцый, такіх, напрыклад, як патранаж цяжарных жанчын, выкананне функцыі педагога-арганізатара, дзяжурства ў вячэрні і начны час.

Паколькі ажыццяўляць якасна і ў поўным аб’ёме прафілактычныя мерапрыемствы па ўсіх кірунках вельмі складана, можна рэкамендаваць пры планаванні і рэалізацыі такой дзейнасці ўлічваць спецыфіку ўстановы адукацыі і рэгіёна, у якім яна знаходзіцца. Для пэўных устаноў пытанні прафілактыкі злачыннасці не актуальныя, затое для іх у ліку важных, напрыклад, тэма суправаджэння дзяцей у замяшчальных сем’ях”.

Адукацыйным установам неабходна ажыццяўляць мерапрыемствы, якія прадугледжаны праектам Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017—2021 гады. У праекце наступныя раздзелы: “Умацаванне прававой абароны дзяцінства. Фарміраванне прававой культуры грамадства”, “Рэалізацыя права дзіцяці на развіццё ў раннім узросце. Ахова мацярынства і дзяцінства”, “Рэалізацыя права дзіцяці на якасную адукацыю. Адукацыя як аснова для атрымання канкурэнтаўстойлівых прафесій”, “Удасканаленне механізма рэалізацыі правоў дзяцей на сацыяльную абарону і інклюзію”, “Рэалізацыя права дзіцяці жыць і выхоўвацца ў сямейным акружэнні. Падтрымка сям’і як натуральнага асяроддзя жыццезабеспячэння дзяцей”, “Рэалізацыя права дзіцяці на абарону ад насілля, пагрозы гандлю людзьмі і эксплуатацыі”, “Рэалізацыя права дзіцяці на доступ да справядлівага правасуддзя. Прафілактыка правапарушэнняў непаўналетніх”.

Ва ўстановах адукацыі сёння павінны вывучацца псіхалагічны клімат, псіхолага-педагагічная кампетэнтнасць педагогаў, ажыццяўляцца псіхалагічнае суправаджэнне бяспечнай жыццядзейнасці асобы і інш.

* * *

У 2017 годзе Міністэрствам адукацыі былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па міжведамасным узаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі па пытаннях выяўлення дзяцей, якія аказаліся ў нядобранадзейнай сітуацыі. Рэкамендацыі былі зацверджаны міністрам адукацыі і ўзгоднены міністрамі аховы здароўя, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі. У лютым 2018 года выдадзены загад міністра адукацыі № 94 “Аб удасканаленні работы органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі і прызнанні страціўшым сілу загадзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 08.05.2007 № 270”.

“Пытанне выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў СНС, тычыцца не толькі службы СППС. У гэтым працэсе задзейнічана ўся ўстанова адукацыі, — падкрэсліла Алеся Сяргееўна. — Любая інфармацыя аб дрэннай сітуацыі, якая склалася вакол дзіцяці, абавязкова правяраецца з удзелам педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага. На практыцы наладжаны механізмы інфармавання і правядзення сацыяльнага расследавання. Аднак спецыялісты СППС не могуць дасканала ведаць сітуацыю ў сям’і без інфармацыі ад класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У крытэрыях і паказчыках СНС ёсць крытэрый “неспрыяльная псіхалагічная сітуацыя”. Практыка паказвае, што спецыялісты, пры сацыяльным расследаванні, як правіла, не праводзяць адпаведную дыягностыку, а значыць не могуць пацвердзіць такую сітуацыю і, адпаведна, прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў СНС. Калі ж спецыялісты робяць такую выснову толькі на аснове жыллёва-бытавых умоў сям’і і ўласных назіранняў, то законны прадстаўнік дзіцяці можа апратэставаць рашэнне пасяджэння савета прафілактыкі.

Звяртаю ўвагу на важны аспект: пасля прыняцца якога-небудзь рашэння ў адносінах да непаўналетняга на працягу 3 дзён адпаведная выпіска з рашэння савета накіроўваецца законным прадстаўнікам, якім дадзена права апратэставаць рашэнне”.

Часам некампетэнтныя кіраўнікі лічаць, што работа педагогаў сацыяльных і псіхолагаў носіць канфідэнцыяльны характар і вынікі не абвяшчаюцца, а ўсе дакументы нібыта павінны захоўвацца пад сямю замкамі. У той час як заканадаўствам прадугледжана, што пры аказанні псіхалагічнай дапамогі педагог-псіхолаг абавязаны інфармаваць законнага прадстаўніка непаўналетняга аб мэтах, формах і метадах аказання псіхалагічнай дапамогі, а таксама аб наяўнасці ў яго права адмовіцца ад прапанаваных метадаў псіхалагічнай дапамогі.

Педагог-псіхолаг пры правядзенні дыягностыкі павінен выкарыстоўваць некалькі метадаў абследавання, у тым ліку апытанне, гутарку, назіранне, а таксама праектыўныя метады, пасля чаго зафіксаваць атрыманыя вынікі. Здараецца, спецыялісты абмяжоўваюцца адной методыкай, іх работа заключаецца толькі ў дыягностыцы, па выніках якой яны не прапаноўваюць карэкцыйныя праграмы, накіраваныя на змяненне, выпраўленне (карэкціроўку) асаблівасцей асобы і яе паводзін, што прыводзяць да псіхалагічных праблем.

* * *

У Беларусі прыярытэтнымі з’яўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю права кожнага дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям’і. У пачатку бягучага года ў краіне было 20 188 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сярод іх сямейнымі формамі выхавання ахоплены больш за 80% дзяцей (у 2007 годзе — 63,2%), у інтэрнатных установах знаходзіцца 16,94%. У краіне склалася станоўчая дынаміка ў адносінах да непаўналетніх дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Павялічваецца працэнт дзяцей, якія вярнуліся ў біялагічныя сем’і, колькасць бацькоў, якія ўзнавілія ў сваіх правах, змяншаецца колькасць дарослых, якіх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў.

За апошнія 10 гадоў колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу (ДДСТ) у краіне вырасла амаль у тры разы. Калі ў 2008 годзе было 95 ДДСТ, дзе выхоўвалася 578 дзяцей, то ў 2017 годзе — 276 (1883 дзіцяці). Бацькоў-выхавальнікаў таксама стала ў 4 разы больш (было 121, стала 441). Больш за 5 тысяч дзяцей-сірот сёння выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, каля 9 тысяч — у апякунскіх.

Істотнай праблемай застаецца адаптацыя дзіцяці да замяшчальнай сям’і і да ўстановы адукацыі, у якую яно пайшло па месцы жыхарства. У такіх дзяцей бываюць не толькі паводзінскія праблемы, але і сур’ёзныя недахопы ў ведах, праблемы са здароўем. Не ўсе прыёмныя бацькі ўмеюць прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, не ў кожнага хапае вытрымкі і цярплівасці выхоўваць праблемнае дзіця.

Упраўленне (аддзел) адукацыі, установы адукацыі з мэтай падтрымкі замяшчальных сем’яў павінны прадугледжваць мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў такіх сем’ях, каб адаптацыя непаўналетніх дзяцей да новых умоў жыцця праходзіла паспяхова.

* * *

Пытанні ўдасканалення дзейнасці спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў, дапаможных школ-інтэрнатаў па абароне правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў спецыялісты абмеркавалі падчас круглага стала. Папярэдзіць многія праблемы можна, калі ва ўстановах арганізаваць карысную занятасць дзяцей у вольны і вячэрні час, вадзіць іх на экскурсіі, далучаць да дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Да гэтай дзейнасці неабходна прыцягваць і бацькоў навучэнцаў. Аб гэтым расказала дырэктар Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху Брэсцкай вобласці Людміла Васільеўна Барычэўская.

Важнасць працоўнага выхавання школьнікаў, падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця, да свядомага выбару будучай прафесіі адзначыў і дырэктар Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Валянцін Іосіфавіч Гілеўскі.
Дырэктар дапаможнай школы-інтэрната № 5 Гомеля Алег Леанідавіч Байкачоў лічыць, што першараднае значэнне трэба надаваць пытанням сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. З гэтай мэтай ва ўстанове наладжана ўзаемадзеянне з адукацыйнымі ўстановамі і прадпрыемствамі Гомеля, дзе навучэнцы 11 і 12 класаў паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі праходзяць вытворчую практыку.

Спецыялісты разглядалі пытанні, якія тычацца арганізацыйна-метадычных аспектаў рэалізацыі правоў дзяцей з АПФР на атрыманне прафесійнай адукацыі, стварэнне ўмоў для іх прафесійнага самавызначэння на ўзроўні агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, міжведамаснага ўзаемадзеяння па жыццеўладкаванні асоб з АПФР, у тым ліку дзяцей з інваліднасцю.

Дырэктар Магілёўскага абласнога ЦКРНіР Алена Генрыхаўна Мазалоўская на прыкладзе школ-інтэрнатаў Магілёўскай вобласці расказала аб лепшым вопыце ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з сем’ямі вучняў.

Пытанне, якое тычыцца законнасці і працягласці знаходжання дзяцей у школах-інтэрнатах, узняла дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР Ніна Канстанцінаўна Віктароўская. Часта бацькі, каб пазбегнуць адказнасці за выхаванне асаблівага дзіцяці, пры выбары для яго формы арганізацыі адукацыйнага працэсу аддаюць перавагу школе-інтэрнату. Але ёсць сем’і, дзе выхоўваецца дзіця з інваліднасцю, на якое выплачваецца пенсія, і яны патрабуюць адкрыцця класаў інтэграванага навучання і выхавання па месцы жыхарства. Пры гэтым такія сем’і разглядаюць дзіця як крыніцу прыбытку. Таму вельмі важна прафесійна падыходзіць да вызначэння адукацыйнага маршруту кожнага дзіцяці падчас правядзення медыка-псіхолага-педагагічнай камісіі ў ЦКРНіР.

“Вырашэнне многіх праблем я бачу ў падборы кваліфікаваных прафпрыдатных кадраў для работы з асаблівымі дзецьмі, — адзначыла старшыня савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Таццяна Васільеўна Жук.— Немалаважную ролю адыгрывае зладжаная сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння, у тым ліку пры рабоце з сям’ёй. Важна захаваць права кожнага дзіцяці з АПФР на атрыманне якаснай адукацыі, дапамагчы зрабіць правільны выбар на карысць той ці іншай формы атрымання адукацыі. Гэта таксама будзе абаронай правоў і законных інтарэсаў дзяцей з АПФР”.

Па выніках круглага стала кіраўнікі ўстаноў спецыяльнай адукацыі выказалі прапановы стварыць адзіную рэспубліканскую інфалінію або кол-цэнтр (тэлефанаванне, смс-паведамленне для асоб з парушэннямі слыху) з аператыўным рэагаваннем і магчымай пераадрасацыяй адказным асобам на абласны, раённы ўзровень, каб выключыць недакладныя або некампетэнтныя крыніцы інфармацыі; стварыць адзіны банк даных сайтаў, інтэрнэт-рэсурсаў з матэрыяламі па гэтай праблематыцы (магчыма на базе рэспубліканскіх устаноў — НІА, АПА і інш.), якія можна выкарыстоў-ваць у рабоце; распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх выхаванцаў з ліку асоб з АПФР школ-інтэрнатаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы па месцы жыхарства (стварыць алгарытм узаемадзеяння ўсіх структур (аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, інтэрнатных устаноў, СПЦ і г.д.) з дакладным вызначэннем абавязкаў і дэлегаваннем паўнамоцтваў у адпаведнасці з дзеючымі нарматыўным актамі па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх выхаванцаў школ-інтэрнатаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы па месцы жыхарства.

Надзея ЦЕРАХАВА.