ІV Міжнародны педагагічны фестываль-конкурс прафесійнага майстэрства “Бурштынавая сава — 2016”, што праходзіў у Калінінградзе, стаў пераможным для беларускіх педагогаў. Гран-пры конкурсу ўдастоена настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска Людміла Аляксееўна Вароніна, дыпломам І ступені адзначана настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 40 Мінска Алена Феліксаўна Антоненкава, дыпломам ІІ ступені — настаўніца пачатковых класаў сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Наталля Сяргееўна Трухан. Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад конкурсу, расказаць аб прадстаўленым праекце мы папрасілі ўладальніцу галоўнага прыза — бурштынавай савы — Л.А.ВАРОНІНУ.
— Людміла Аляксееўна, віншуем вас з перамогай у конкурсе! Ці была яна чаканай?
— Шчыра кажучы, перамога была нечаканай. Я нават не думала, што атрымаю штосьці. Да сёлетняга конкурсу беларускія педагогі два гады запар станавіліся ўладальнікамі гран-пры. Акрамя таго, канкурэнцыя сапраўды была даволі высокай: у спаборніцтвах прынялі ўдзел педагогі з Расіі, Германіі, Манголіі, Латвіі, ЗША, Беларусі. Конкурс складаўся з двух этапаў. На завочным этапе педагогі прэзентавалі экспертнай камісіі праекты, у якіх прадставілі ўласную аўтарскую методыку. Журы ацэньвала яе актуальнасць і адпаведнасць патрабаванням. У гэтым этапе я не ўдзельнічала па той прычыне, што ў нас у краіне сёлета ўпершыню праводзіўся конкурс “Крыштальнае зубраня” (даччын варыянт “Бурштынавай савы”) і я атрымала гран-пры на гэтых спаборніцтвах. Як пераможца конкурсу я мела права адразу ўдзельнічаць у другім этапе расійскага фестывалю. Вочны этап праходзіў ужо ў фармаце майстар-класаў. Тут канкурсанты спаборнічалі непасрэдна ў прафесійным майстэрстве.
— Што вы прадстаўлялі на спаборніцтвах?
— У Калінінградзе я была разам са сваімі калегамі — дырэктарам школы Святланай Міхайлаўнай Пратасевіч і настаўніцай пачатковых класаў Інгай Пятроўнай Ціханавецкай, якая летась прывезла гран-пры гэтых спаборніцтваў, таму я адчувала іх падтрымку. На конкурсе я прадстаўляла праект “Віртуальны кніжны клуб “Горад кніг” як сродак фарміравання чытацкай граматнасці навучэнцаў”.
Віртуальны кніжны клуб — гэта добраахвотнае аб’яднанне аматараў кнігі і чытання, калектыўнае віртуальнае супрацоўніцтва, якое дазваляе максімальна задаволіць інтарэсы падрастаючага пакалення ў іх асобасным росце. Мэта стварэння клуба — фарміраванне кваліфікаванага чытача, веды, уменні і навыкі якога стануць фундаментам для яго развіцця і сістэматычнага вывучэння літаратуры. Хаця клуб віртуальны, на яго старонках нельга знайсці спасылкі на кнігі, якія можна прачытаць анлайн. Мы лічым, што няма нічога лепшага, чым жывыя зносіны з друкаваным словам. Развіццё можа ажыццяўляцца толькі ва ўласнай дзейнасці і ў зносінах — ва ўзаемадзеянні чалавека са знешнім светам, з людзьмі.
Віртуальны кніжны клуб — закрытае асяроддзе. У ім могуць прымаць удзел толькі зарэгістраваныя карыстальнікі. Гэта зроблена для таго, каб арганізаваць бяспеку дзяцей у сетцы. Ды і, шчыра кажучы, мы набралі ўжо дастатковую колькасць дзяцей — на сёння гэта каля 400 навучэнцаў.
Для таго каб дзеці маглі хутка знайсці рэсурс у сетцы, было набыта даменнае імя http://городкниг.бел/ і створаны аднайменны сайт.
— Што падштурхнула да распрацоўкі такога праекта?
— На стварэнне гэтага праекта мяне як маму і настаўніцу падштурхнулі сумныя разважанні пра тое, што і колькі чытаюць сучасныя дзеці. Даследаванні розных узроўняў, ад школьнай бібліятэкі да сусветных тэстаў РІSA ці міжнароднага праекта РІRLS “Даследаванне якасці чытання і разумення тэксту”, гавораць пра тое, што сучасныя дзеці чытаюць не толькі менш, але і значна горш, чым іх равеснікі 20—30 гадоў назад. Праблема не ў хуткасці і тэхніцы чытання, хаця і тут ужо з’яўляюцца прабелы. Галоўная праблема — у асэнсаванні і разуменні прачытанага, уменні ўсвядоміць і пачуць тое, што хацеў сказаць аўтар. Як настаўніка мяне хвалююць пытанні фарміравання ў навучэнцаў чытацкай граматнасці. У мяне клас інтэграванага навучання, і перада мной сярод іншых стаіць задача забяспечыць роўнае навучанне для кожнага школьніка, выкарыстоўваючы ўсе даступныя тэхналогіі, у тым ліку і інфармацыйныя.
— Раскажыце, калі ласка, падрабязней, з чаго пачыналася гэтая работа.
— З маёй калегай І.П.Ціханавецкай работу па фарміраванні чытацкай граматнасці вучняў мы пачалі з рэалізацыі сеткавых літаратурных праектаў у канікулярны час. У 1—2 класах былі распрацаваны і рэалізаваны такія праекты, як “Студыя асенняга настрою”, “Зімовая літаратурная эстафета”, “Вясенні вецер падарожжаў” і інш. Кожныя канікулы мы стваралі літаратурны праект, на якім дзеці чыталі творы па пэўнай тэматыцы, да іх падбіраліся пытанні, арганізоўваліся віктарыны, конкурсы, розныя квесты, гульні. Пытанні былі на ўменне аналізаваць, здабываць інфармацыю, выказваць уласныя адносіны да прачытанага, усведамляць і адчуваць, што гаворыць аўтар у кожным канкрэтным творы, выпрацоўваць свае адносіны да прачытанага, фарміраваць пэўную грамадзянскую пазіцыю. Мы бачылі, што ў дзяцей з’явілася зацікаўленасць, жаданне і імкненне пазнаваць свет разам з равеснікамі праз друкаванае слова. Ім здаецца, што яны гуляюць, але гэтая гульня мае пад сабой дыдактычныя мэты. Становячыся больш дарослымі, вучні адчуваюць патрэбу ў сістэматычным штодзённым чытанні. І задача настаўніка — не ўпусціць момант і выступіць у ролі правадніка ў свет кніг.
На працягу трох гадоў мы арганізоўвалі такія літаратурныя праекты. Прычым яны не паўтараліся. А потым прыйшла ідэя яшчэ больш сістэматызаваць напрацаваны матэрыял. Так быў створаны віртуальны кніжны клуб “Горад кніг”. Тым больш што ўзрастаючая колькасць карыстальнікаў — а да нас падключаліся і вучні з Расіі — патрабавала аўтаматызацыі пэўных працэсаў, бо вельмі многа матэрыялаў даводзілася апрацоўваць уручную.
— Што можа знайсці зацікаўлены карыстальнік у віртуальным кніжным клубе?
— У меню сайта размешчаны старонкі “Галоўная”, “Аб клубе”, “Педагогам”, “Дзецям”, “Гульня”. Так, для педагогаў пададзена інфармацыя аб чытацкіх уменнях, некаторыя метадычныя рэкамендацыі (напрыклад, па напісанні водгукаў, сачыненняў). Таксама прадастаўляецца магчымасць для настаўнікаў, чые дзеці прымаюць актыўны ўдзел у жыцці клуба, падзяліцца сваімі напрацоўкамі. Плануецца стварыць групу педагогаў-экспертаў, якія трансліруюць вопыт узаемадзеяння з вучнямі ў пазаўрочны час.
Для таго каб дзеці пачалі плённа працаваць, сталі актыўнымі ўдзельнікамі клуба, створана старонка “Дзецям”, дзе размешчана інфармацыя, якая матывуе да членства ў клубе і актыўнага ўдзелу ў рабоце, падрабязна тлумачацца этапы гульні, узроўні, якіх можна дасягнуць, правілы налічэння балаў. Вынікам творчай самарэалізацыі навучэнцаў у чытацкай дзейнасці з’яўляецца магчымасць выступіць мадэратарамі, экспертамі, атрымаць магчымасць кіраваць дзіцячай суполкай “Горад кніг” пры дапамозе дадатковых праў і пашыраных магчымасцей у межах кніжнага клуба. Напрыклад, можна выступіць у ролі спікера і весці прамыя ўключэнні з выкарыстаннем дадатку Periscope, рэдагаваць матэрыялы сайта звонку.
На кожнай старонцы ўдзельнік бачыць свой рэйтынг, выводзіцца пяцёрка самых актыўных гульцоў. На гэтым рэсурсе размешчаны гульні, віктарыны, конкурсы, прычым інфармацыя прадстаўляецца ў розных формах — тэкставай, графічнай, відэа і аўдыя.
На старонцы “Гульня” ва ўкладках размясціліся асноўныя яе этапы. Першы этап — прастора варыянтаў “Прачытай кнігу — здзіві бацькоў!”. Са спіса “Вялікія казачнікі ў прасторы варыянтаў”, які прапаноўваецца дзецям, неабходна выбраць і прачытаць кнігу, а затым надрукаваць свой фотаздымак з прачытаным творам. Прычым неабходна не толькі прачытаць зададзеныя літаратурныя творы, але і адказаць на пытанні віктарын па іх змесце. Пасля праходжання гэтага ўзроўню вучні становяцца паўнапраўнымі членамі клуба і атрымліваюць членскі білет.
Другі этап — “Не бойся заражаных старонак — сертыфікат хаваецца дзесьці там”. Адна з яго мэт — вызначэнне ўзроўню сфарміраванасці чытацкіх уменняў. На гэтым узроўні з’яўляюцца новыя творы, для якіх неабходна намаляваць ілюстрацыі. Завяршаецца этап адпраўкай сертыфікатаў.
Трэці этап — “Конкурс-квест мне па плячы — хутка грамату знайду”. Назва ўзроўню гаворыць сама за сябе. Гэта конкурсы па самых цікавых творах для дзяцей, складзеныя ў адпаведнасці з розным узроўнем сфарміраванасці чытацкіх уменняў. Гэты этап садзейнічае ўменню знаходзіць інфармацыю, зададзеную ў яўным выглядзе, фармуляваць простыя высновы. Вынікам з’яўляецца атрыманне грамат.
Наступныя этапы фарміруюць чытацкую граматнасць па ўсіх характарыстыках: вычытванне інфармацыі з тэксту, фармуляванне прамых высноў, інтэрпрэтацыя і абагульненне, ацэнка зместу, структуры і моўных асаблівасцей тэксту. Так, чацвёрты этап — “Каментарыі — наперад! Стану суаўтарам старонкі сайта” дае вучням магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі. Вынікам праходжання этапу з’яўляецца ўключэнне дзяцей у новую групу карыстальнікаў сайта, якім даступна больш магчымасцей.
Пяты этап — “Водгук змог напісаць! Паспрабую пісьменнікам стаць!” — вучыць напісанню водгукаў па прачытаных кнігах. Узнагародай для самых актыўных дзяцей выступае магчымасць стаць памочнікам настаўніка, увайсці ў новую групу з пашыранымі правамі: рэдагаваць не толькі свае матэрыялы, але і пры цнеабходнасці матэрыялы іншых карыстальнікаў. Для самых стойкіх і актыўных удзельнікаў, якія набралі найбольшую колькасць бонусных балаў, прызначаны ўзровень “Колькі можна чытаць? Пара пісаць!”. На ім неабходна напісаць працяг любімай кнігі, а можа, нават напісаць сваю. Акрамя таго, удзельнікі, якія дасягнулі гэтага ўзроўню, выступяць у ролі спікераў і змогуць весці прамыя ўключэнні з выкарыстаннем дадатку Periscop.
— Якія вынікі па фарміраванні чытацкіх навыкаў вучняў можна назіраць ужо зараз?
— Значна павысілася цікавасць школьнікаў да літаратурнага слова. Відавочныя пазітыўныя зрухі ў супрацоўніцтве з бацькамі: мамы і таты сталі ўспрымаць класнага кіраўніка як паплечніка і вопытнага памочніка. Мной быў праведзены маніторынг чытацкіх уменняў навучэнцаў, што ўваходзяць у кніжны клуб. Ён паказаў высокія вынікі па інтэрпрэтацыі і абагульненні інфармацыі, фармуляванні простых вывадаў, аналізе і ацэнцы зместу, моўных асаблівасцей і структуры тэксту. Акрамя таго, мы імкнёмся не толькі да віртуальных зносін, але і да рэальных. Рэгулярна за межамі клуба праходзяць конкурсы, флэш-мобы, віктарыны для навучэнцаў школы з выкарыстаннем сэрвісу Kahoot.
— Людміла Аляксееўна, вяртаючыся да фестывалю-конкурсу, што прынёс вам удзел у ім?
— У цэлым уражанні ад фестывалю засталіся цудоўныя. Мы пазнаёміліся з адукацыйнай прасторай Калінінграда, прычым нам паказалі як школы, цалкам абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі, установы, якім па-добраму можна пазайздросціць, так і самыя звычайныя, дзе працуюць захопленыя творчыя настаўнікі.
Любы фестываль — гэта знаёмства з вопытам калег. Так, мне вельмі спадабаўся вопыт Манголіі па арганізацыі праектнай дзейнасці. Прадстаўлены настаўніцай праект быў вельмі прадуманы, зладжаны, прафесійна складзены. Цікавым быў і вопыт калінінградскіх педагогаў па цьютарскім суправаджэнні навучэнцаў. Многія задумы можна ўзяць на ўзбраенне. Такія паездкі даюць магчымасць наладжвання зносін з калегамі, узбагачэння іх ідэямі.
— Вялікі дзякуй за размову.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.