За бяспечнае дзяцінства

- 12:10Навіны рэгіёнаў

“Тэрыторыя бяспекі” — так называецца рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, створаны ў яслях-садзе № 3 Астраўца.

На трох паверхах дашкольнай установы размясціліся 12 тэматычных лакацый, якія імітуюць розныя сітуацыі: знаходжанне ў лесе і каля вадаёма, на гарадской вуліцы і нават у задымленым пакоі. На першым паверсе размясцілася вучэбна-трэніровачная база, тэлефонныя кабінкі, адкуль можна тэлефанаваць у экстраныя службы, зона навучання правілам дарожнага руху. На другім паверсе створаны пакой штучнага задымлення. На трэцім — медыцынскі блок і дзіцячы кінатэатр, дзе можна пагля­дзець развіццёвыя фільмы ці зрабіць пастаноўку спектакля.

— Навучанне правілам бяспекі ў розных сітуацыях праводзіцца з дзецьмі ў форме квестаў і гульняў, — расказвае загадчыца ясляў-сада Вольга Баяровіч. — Так, нашы выхавальнікі распрацавалі квест-гульню “Юныя ратавальнікі”. Дзецям такая форма навучання вельмі падабаецца. На адным з апошніх квестаў хлопчыкі і дзяўчынкі за правільна выкананае заданне атрымлівалі пэўную літару, а ў канцы гульні з гэтых літарак склалася слова “бяспека”. Узнагароджваем дзяцей і медалямі за добрае веданне правіл паводзін у розных сітуацыях.

У рэсурсным цэнтры навучаць, як правільна тэлефанаваць у адпаведныя службы ў выпадку пажару ці неабходнай медыцынскай дапамогі. Важна не толькі ведаць нумары экстранных службаў, але і правільна прадстаўляць інфармацыю. Тут раскажуць, як паводзіць сябе пры задымленні памяшкання, што рабіць, калі ўкусіў клешч, якімі сродкамі можна тушыць электрачайнік, які загарэўся, як правільна арыентавацца ў лесе і дзейнічаць у іншых небяспечных сітуацыях.

Да стварэння рэсурснага цэнтра ішлі паўтара года. Афармленне лакацый рабілі ўласнымі сіламі, а матэрыяльна дапамаглі Астравецкі райвыканкам і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Выкарыстоўвалі і сродкі пазабюджэтнай дзейнасці.

— Наш рэсурсны цэнтр адкрыты для дзяцей і малодшых школьнікаў з усіх устаноў горада, — гаворыць Вольга Віктараўна. — У планах — зрабіць яго міжрэгіянальным, каб дзеткі з суседніх раёнаў маглі таксама прайсці ў нас навучанне асновам бяспечнай жыццядзейнасці.

Не застаюцца ўбаку і бацькі выхаванцаў. Для іх арганізуюць заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Праводзяць заняткі ў рэсурсным цэнтры супрацоўнікі дашкольнай установы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

З нагоды афіцыйнага адкрыцця рэсурснага цэнтра “Тэрыторыя бяспекі” ў яслях-садзе № 3 Астраўца пабывалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза. Ад гасцей рэсурсны цэнтр атрымаў падарункі: апаратна-праграмны комплекс па адпрацоўцы навыкаў выкарыстання сродкаў пажаратушэння, перасовачную панэль, сертыфікаты на набыццё камп’ютарнай тэхнікі і гульнявога абсталявання.

У Гродзенскай вобласці створана больш за 30 адукацыйных аб’ектаў па навучанні асновам жыццядзейнасці ва ўсіх раёнах. У рэгіёне дзейнічае Цэнтр бяспекі ў Лідзе, у мінулым годзе міні-цэнтр бяспекі быў адкрыты ў Азёрскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена яслямі-садам № 3 Астраўца.