За камп’ютарам — дашкольнік

- 16:19Нам пішуць

Сёння ўсё больш педагогаў задаецца пытаннем: “Як правесці заняткі ў дашкольных групах з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання?” З мэтай абмену вопытам па гэтым пытанні на базе Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы быў праведзены раённы семінар па тэме “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу” для намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці, намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце вучэбна-педагагічных комплексаў.

Разгледзелі асноўныя нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць установы па інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, віды электронных сродкаў па метадычным прызначэнні, дыдактычныя магчымасці ІКТ і электронных сродкаў навучання, эрганамічныя і гігіенічныя патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем ІТ.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Малашэўская пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з электронным банкам даных інфармацыйных камп’ютарных рэсурсаў для дашкольнікаў, з укладкай “Дашкольная адукацыя” на сайце ўстановы, у якой ёсць закладка “Развіваемся гуляючы”, дзе прадстаўлены развіццёвыя гульні для дашкольнікаў. Выхавальнік установы А.А.Яблонская прэзентавала ўласны блог, які з’яўляецца сродкам узаемадзеяння і супрацоўніцтва з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікаў электронны сродак навучання “Размаўляем па-беларуску”, распрацаваны настаўнікам-дэфектолагам Т.С.Якубоўскай, які ўключае матэрыял па фарміраванні маўлення дашкольнікаў на беларускай мове і прымяняецца не толькі ў карэкцыйным працэсе. Выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць гэты інфармацыйны рэсурс у адукацыйным працэсе. Была звернута ўвага і на інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнага адукацыйнага партала, якія распрацаваны ў адпаведнасці са зместам адукацыйных абласцей вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей ад 5 да 6 гадоў: развіццё маўлення і культура маўленчых зносін; мастацтва (выяўленчая дзейнасць, музычная дзейнасць); дзіця і прырода; навучанне грамаце.

Акрамя таго, быў прэзентаваны дадатак Web.2.0 для падтрымкі навучання з дапамогай інтэрактыўных модуляў — https://learningapps.org. Прапанаваныя модулі можна непасрэдна ўключаць у змест навучання, а таксама змяняць ці ствараць у аператыўным рэжыме. Настаўнік інфарматыкі А.І.Калала пазнаёміла з алгарытмам работы па стварэнні новых практыкаванняў.

Як прымяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе з дашкольнікамі, удзельнікі семінара даведаліся з відэафрагментаў заняткаў: “Такія розныя, але важныя прадметы” (адукацыйная вобласць “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, выхавальнік А.А.Яблонская); “Дзікія жывёлы розных кліматычных зон” (пазнавальна-практычная дзейнасць, выхавальнік Н.В.Несцер); “Падарожжа ў віртуальны лес” (карэкцыйна-развіццёвыя заняткі, педагог-псіхолаг К.В.Лебедзева). Па выніках прагляду зроблены вывад, што выкарыстанне ІКТ і ЭСН дазваляе зрабіць заняткі эмацыянальна афарбаванымі, цікавымі, садзейнічае іх добрай выніковасці.

Напрыканцы семінара для намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці, намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце правялі мазгавы штурм “Кантроль дзейнасці педагогаў па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій”. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Малашэўская адзначыла, што сёння выкарыстанне ІТ — адзіны від дзейнасці, які не рэгламентаваны вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Педагогам даводзіцца самастойна, а таксама з дапамогай кіраўніцтва ўстановы вывучаць падыходы і ўкараняць у сваю дзейнасць ІКТ.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці па выкарыстанні ІКТ і ЭСН, неабходна ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю педагогаў. Алена Віктараўна прапанавала стварыць “Інтэрактыўную кнігу для намесніка дырэктара па кантролі выкарыстання інфармацыйных тэхналогій педагогамі”. Падчас мазгавога штурму былі распрацаваны абавязкі намесніка кіраўніка па інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, памятка па вывучэнні работы педагогаў па выкарыстанні ІТ, карта аналізу заняткаў, праведзеных з выкарыстаннем ІТ.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.