“Забава-mini” запрашае!

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Калі мэтанакіравана развіваць дзіцячыя здольнасці, то іх можна ператварыць у сапраўдныя таленты. Што для гэтага трэба? Найперш жаданне і адпаведныя кадры. І тое і другое на Маларытчыне ёсць. Куды звяртацца? Напрыклад, у гарадскі Дом культуры, дзе з 2018 года дзейнічае дзіцячы вакальны ансамбль “Забава-mini”, якім кіруе Алена Фёдараўна Свішчова.

— Калектыў ствараўся з мэтай развіцця песенных здольнасцей дзяцей ва ўзросце ад 5 да 9 гадоў, — расказвае педагог. — Ідэю падтрымаў кіраўнік дзіцячай узорнай эстраднай студыі “Забава” Аляксандр Барысюк. Штогод да яго прыхо­дзяць новыя салісты, але часта іх узровень падрыхтоўкі не адпавядае неабходным патрабаванням. Даводзіцца траціць шмат часу, каб падцягнуць дзяцей да належнай вышыні. Гэтую праблему паспяхова вырашае вакальны дзіцячы ансамбль “Забава-mini”, удзельнікі якога атрымліваюць базавыя песенныя ўменні і навыкі.

А.Ф.Свішчова не ставіць задачу, каб усе яе выхаванцы потым спявалі і ў “Забаве”. Некаторыя пяцігадовыя дзеці перастаюць хадзіць на заняткі ўжо праз 3—6 месяцаў. Гэта нармальна. На іх месца прыходзяць тыя, хто хоча займацца вакалам. Так, Ангеліна Шарамава, Вераніка Свішчова і Марыя Салавей плануюць у будучыні стаць салістамі “Забавы”.

На занятках, якія праводзяцца два разы на тыдзень, дзеці не толькі спяваюць. Шмат часу вакалісты-пачаткоўцы затрачваюць на пастаноўку дыхання. Вялікая ўвага ўдзяляецца дыкцыі, артыкуляцыі гукаў. І толькі пасля засваення гэтых навыкаў дзеці спрабуюць “правільна” спяваць, развучваюць простыя рухі.

Трэба адзначыць, што на заняткі да А.Ф.Свішчовай ходзяць не толькі для таго, каб навучыцца прыгожа спяваць. Некаторыя наведваюць заняткі, каб пазбавіцца пэўных лагапедычных дэфектаў. 

“Забава-mini” — калектыў малады. Яркіх афіш, гастрольных тураў і самастойных канцэртаў у яго пакуль не было. Усё наперадзе. Першую творчую песенную справаздачу “Забава-mini” трымала на баць­коўскім сходзе. Хваляваліся ўсе. Але выступленне атрымалася яркім і незабыўным. Да гэтага калектыў спяваў на мінулагоднім калядным ранішніку ў ГДК і ранішніках у дашкольных установах.

— Заняткі добра дысцыплінуюць дзяцей, вучаць адчуваць сябе часткай калектыву, працаваць на агульны вынік, выпрацоўваюць уменне слухаць і чуць, трымацца на сцэне, — падагульняе А.Ф.Свішчова.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.