Замежная мова — праз тэатр

- 13:08Якасць адукацыі

Сучасны камунікатыўна-арыентаваны падыход, які з’яўляецца асноватворным у выкладанні замежных моў у школе, прадугледжвае моўную накіраванасць кожнага практыкавання, кожнага прыёму і формы работы, якія арганізоўваюцца на ўроку. Настаўнікі паступова перайшлі на выкладанне “па-новаму”. Цяпер галоўнае на ўроку — не засваенне асобных лексічных адзінак і граматычных канструкцый у іх ізаляваным выглядзе, а адпрацоўка іх у камунікатыўных сітуацыях зносін; не чытанне і пераклад тэкстаў, а выхад на абмеркаванне інфармацыі, якая змяшчаецца ў тэксце, на яе аналіз, супастаўленне, параўнанне; не арганізацыя работы ў форме “настаўнік — навучэнец”, калі навучэнцы знаходзяцца ў пастаянным чаканні таго, што ж яшчэ задумаў і падрыхтаваў настаўнік, а арганізацыя работы ў парах і групах, калі настаўнік з’яўляецца памочнікам, кансультантам, калі ён знаходзіцца не “над” навучэнцамі, а арганізоўвае дзейнасць разам з імі.

Не сакрэт, што мова хутчэй і эфектыўней вывучаецца ў якой-небудзь дзейнасці. Успомнім маленькіх дзяцей, якія, гуляючы ў розныя гульні і выконваючы пэўныя ролі, удзельнічаючы ў інсцэніроўках, не толькі развіваюць і ўзбагачаюць сваю мову, але і фарміруюць пэўныя мадэлі паводзін, характэрныя для той ці іншай сітуацыі, і тым самым сацыялізуюцца і рыхтуюцца да рэальнага жыцця. Тэатралізаваная дзейнасць — гэта мосцік, які дапамагае дзецям трапіць у іх далейшае дарослае жыццё і сфарміраваць станоўчы вопыт успрымання навакольнай рэчаіснасці. Праз зносіны і дзейнасць на мове і праз дзейнасць з мовай дзіця развіваецца, выхоўваецца, пазнае свет і сябе. Дык чаму ж не перанесці такі вопыт, праз які праходзім усе мы пры вывучэнні роднай мовы, на вывучэнне замежнай мовы?

Выкарыстанне інсцэніроўкі і драматызацыі ў навучанні замежнай мове дазваляе вырашыць усе гэтыя праблемы: дапамагае выявіць інтарэсы і патрэбы навучэнцаў, спрыяе развіццю іх эмацыянальнай сферы, удасканаленню навыкаў гаварэння і паляпшэнню якасці мовы (яе лексічнага, граматычнага, фанетычнага і інтанацыйнага бакоў), а таксама стымулюе навучэнцаў да выкарыстання замежнай мовы ў рэальных сітуацыях зносін за кошт зняцця псіхалагічнага бар’ера, звязанага з бояззю публічных выступленняў і страхам зрабіць памылку. Удзел у тэатральных пастаноўках актывуе працэсы самапазнання і самараскрыцця асобы навучэнца; дае магчымасць навучаць яркай, эмацыянальнай, напоўненай зместам гаворцы на замежнай мове; садзейнічае фарміраванню ўпэўненасці ў сабе, ініцыятыўнасці, умення выступаць перад аўдыторыяй; дае магчымасць выкарыстоўваць акцёрскі патэнцыял навучэнцаў. Немалаважным з’яўляецца і тое, што сумесная работа над спектаклем развівае ва ўдзельнікаў уменне слухаць партнёра, стварае ўмовы для ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі (моцныя навучэнцы дапамагаюць слабым), умацоўвае адказнасць за поспех агульнай справы.
Сапраўднае свята тэатральнага дзеяння, творчасці, сяброўства, яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў ужо які год запар праходзіць на жлобінскай зямлі. Па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама і гімназіі № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна абласны фестываль аматарскіх тэатральных калектываў “Акрад”, які раней праходзіў толькі для калектываў з пастаноўкамі на французскай мове, зараз пашырыў свае гарызонты і другі год запар прымаў удзельнікаў з пастаноўкамі таксама на іншых замежных мовах.
Асаблівасцю гэтага фестывалю стала цесная сувязь творчасці і адукацыі, што дазваляе вучням з розных школ абменьвацца вопытам і спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, у тым ліку ў акцёрскім амплуа. Такія конкурсы ствараюць усе ўмовы для папулярызацыі замежных моў, развіцця і рэалізацыі творчых здольнасцей навучэнцаў, спрыяюць удасканаленню іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі, далучэнню да культурнай спадчыны краіны мовы, якая вывучаецца.

Пасля папярэдняга конкурснага адбору сярод 34 калектываў, якія прадстаўлялі розныя куткі Гомельскай зямлі, журы фестывалю адабрала 12 найлепшых пастановак, якіх чакала сур’ёзная барацьба ў фінале абласнога конкурсу: неабходна было прадэманстраваць свае дасягненні не толькі ў майстэрстве тэатральнага мастацтва, але і ў валоданні замежнымі мовамі. Цікавыя касцюмы, цудоўныя дэкарацыі, арганічна падабранае музычнае суправаджэнне… Калектывы прадэманстравалі сапраўдны прафесіяналізм і сур’ёзны падыход да конкурсу.
Юным акцёрам удалося арганічна ўвасобіць яркія, жывыя складаныя вобразы персанажаў. На ўра ўспрымалі гледачы пастаноўкі па матывах вядомых казак, такіх як “Свінапас” Ханса Крысціяна Андэрсена (калектыў “Фантазія” з Акцябрскай раённай гімназіі), “Аліса ў краіне цудаў” Льюіса Кэрала (калектыў “Smile” з Лельчыцкай раённай гімназіі) і “Беласнежка і сем гномаў” братоў Грым (калектывы “Каштоўны камень” з Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна і “Вясёлка” з Камарынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна).
Не пакінулі абыякавымі гледачоў і членаў журы пастаноўкі па матывах твораў М.В.Гогаля (калектыў Unforgettable з Рэчыцкай раённай гімназіі) і найдасканалейшага французскага камедыёграфа Ж.Б.Мальера (калектывы “Кураж” гімназіі № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна і “Ла-Манш” гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля).
Арыгінальны і смешны сюжэт з каўбойскай тэматыкай быў прадстаўлены аматарскім тэатральным калектывам “Нечаканая ўдача” з гімназіі № 10 Гомеля. Цудоўная і яркая ігра маленькага хлопчыка Джоні (Дзмітрый Грамыка), які правучыў дарослых каўбояў-разбойнікаў, прымусіла смяяцца ўсю глядзельную залу.
Аўтарскія музычна-тэатральныя пастаноўкі былі прадстаўлены навучэнцамі з гімназіі Петрыкава (тэатральны калектыў “Купалінка”) і сярэдняй школы № 7 Калінкавіч (тэатральны калектыў The North Wind).

Не маглі пакінуць без увагі юныя акцёры і такую вялікую дату ў гісторыі нашай Радзімы, як 70-годдзе Вялікай Перамогі. Дзве цудоўныя пастаноўкі, прадстаўленыя калектывамі “Натхненне” з Красненскай сярэдняй школы Гомельскага раёна і The gymmies з гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра, яшчэ раз нагадалі гледачам пра вялікі подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Але, як і на любым конкурсе, журы павінна было ацаніць выступленне ўдзельнікаў. Пры вызначэнні пераможцаў улічваліся моўная кампетэнтнасць удзельнікаў, выканальніцкае майстэрства і артыстызм, арыгінальнасць выступлення, мастацкая цэласнасць кампазіцыі, а таксама эстэтыка сцэнічнага касцюма. І хаця члены журы прызналіся, што кожны з выканаўцаў быў варты звання лепшага з лепшых, было аднагалосна вырашана прысудзіць гэтае званне тэатральнаму калектыву “Кураж” гімназіі № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна, чыя пастаноўка стала феерычным заканчэннем фестывалю.
Вось і скончылася выдатнае свята… Свята творчасці і яркіх эмоцый… Але фестываль на гэтым не заканчваецца. Роўна праз год гасцінная жлобінская зямля зноў будзе сустракаць таленавітыя творчыя калектывы, якія збяруцца, каб прадэманстраваць, што вывучэнню замежных моў праз тэатральную дзейнасць быць!

Ксенія МАРЧАНКОВА,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.