Заняткі, пабудаваныя на народных традыцыях

- 12:20Навіны рэгіёнаў, Рознае

На адзін дзень гомельскі дзіцячы сад № 161 стаў пляцоўкай для метадычнага практыкуму. Работнікі і выхаванцы дашкольнай установы прадэманстравалі перад слухачамі курсаў Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі выхаванне дзяцей на аснове народных традыцый.

Трэба адзначыць, што дзіцячы сад з’яўляецца метадычнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па нацыянальным выхаванні. І гэта невыпадкова: зберажэнне беларускіх традыцый як галоўны напрамак было абрана ўстановай амаль з самага пачатку існавання, з 1988 года. Вядома, за гэты час тут сабраны велізарны багаж напрацовак. А дзеткі не толькі вельмі добра ведаюць, якія святы спраўлялі іх продкі, але з лёгкасцю раскажуць і пакажуць галоўныя дзеі, праспяваюць народныя песні. Цікава, што ў гэтым напрамку дзіцячы сад падтрымліваюць і бацькі, заўсёды з задавальненнем ладзяць святы разам.
Слухачам курсаў была прадэманстравана работа з выхаванцамі сярэдніх і старшых груп. Пры гэтым галоўнай задачай адміністрацыя і выхавальнікі ставілі магчымасць паказаць гэтую работу рознабакова. Такім чынам, заняткі ўмоўна былі падзелены на тры часткі. Першая ўяўляла сабой звычайныя заняткі ў сярэдняй групе па зададзенай тэме, якія правяла выхавальніца М.В.Філіпава. Далей госці маглі назіраць карысны фізкультурны адпачынак дашкалят, пабудаваны на народных гульнях з казачным персанажам Несцеркам. Заняткі правяла кіраўнік фізічнага выхавання А.А.Ярац. Заключнай часткай мерапрыемства стала падрыхтаванае музычнымі кіраўнікамі Л.Б.Высоцкай, Т.М.Аўдзеенка і А.І.Караханавай народнае фальклорнае свята “Багач”, якое сімвалізуе сустрэчу восені і збор ураджаю.
Як адзначыла загадчыца дзіцячага сада Ала Мікалаеўна Грыб, іх установа амаль кожны год прымае ў гасцях сваіх калег, якія дзеляцца вопытам і напрацоўкамі. А некалькі разоў у год у дзіцячым садзе праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, на якія завітваюць як бацькі, так і калегі.

Наталля ЛУТЧАНКА.