“Запаліць” святочны настрой

У чым залог поспеху школьнай навагодняй пастаноўкі? Як знайсці агульную мову з сучаснымі дзяцьмі і заматываваць іх да ўдзелу ў мерапрыемствах? А таксама ці лёгка сумяшчаць вучобу і арганізатарскую дзейнасць маладым педагогам? На ўсе гэтыя пытанні адказалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 173 Мінска, на сцэне якой прайшлі паказы навагодняга спектакля “Перапалох у Звераполісе”.

У Звераполіс на Новы год

У час навагодніх свят кожная навучальная ўстанова ладзіць сваё адметнае мерапрыемства, нават у няпростых эпідэмічных умовах усе стараюцца зрабіць свята назабыўным. А таму праводзяць навагоднія ранішнікі, спектаклі і канцэрты, забаўляльныя віктарыны, майстар-класы, інтэлектуальныя гульні, спартландыі і г.д. Так, у сталічнай сярэдняй школе № 173 паставілі сучасны спектакль паводле знакамітага мультфільма “Звераполіс”. А ў чым залог поспеху дзіцячай пастаноўкі? У захапляльным сюжэце і забаўных пазнавальных персанажах. Калі ж да іх дадаць папулярныя музычныя кампазіцыі і маладзёжны лексікон, а таксама яркія дэкарацыі, то абавязкова атрымаецца стварыць атмасферу чараўніцтва і навагодняга свята.

У аснове сюжэта навагодняга 50-мінутнага спектакля “Перапалох у Звераполісе”— казачная гісторыя пра тое, як Снягурка падрыхтавала святочныя падарункі для дзяцей, а іх скрала міс Барашкіс. Снягурцы нічога не застаецца, як звярнуцца па дапамогу ў паліцыю да мілай трусіхі Джудзі Хопс і яе партнёра — хітрага ліса Ніка Уайлда, якім неабходна будзе раскрыць гэтую няпростую справу аб зніклых падарунках.

“У нас атрымаўся своеасаблівы дэтэктыў, у якім Джудзі Хопс і лісу дапамагаюць усім вядомыя Спанч Боб і Патрык з Бікіні-Ботам, пінгвіны з “Мадагаскара”, а таксама Ганна, Эльза і снегавік Олаф з “Халоднага сэрца”. Традыцыйна і ў нашай казцы дабро перамагае зло, а міс Барашкіс і яе кампаніі прабачаюць, бо ўсе мы часам здзяйсняем неабдуманыя ўчынкі. Наша гісторыя завяршаецца весела і ў кампаніі з сябрамі: на сцэне з’яўляюцца Дзед Мароз і Снягурка, якія запальваюць святочныя гірлянды на ёлцы, пасля чаго ўсе казачныя героі разам з гледачамі ладзяць агульны танцавальны флэш-моб, — расказаў педагог-арганізатар і па сумяшчальніцтве сцэнарыст, рэжысёр, гукарэжысёр, касцюмер, дэкаратар Станіслаў Андрэевіч Піліпенка. — Да “Звераполіса” мы звярнуліся таму, што гэта сучасны захапляльны мультфільм, працягу якога з нецярпеннем чакаюць нават дарослыя. Я заўважаю, што сённяшнім дзецям усё менш цікавыя такія традыцыйныя героі, як Лясун або Баба Яга. Хоць і пра іх, вядома, таксама не трэба забываць, бо гэта героі нашых старых добрых казак, якія шмат чаму навучылі многія пакаленні дзяцей. Але, на мой погляд, варта ісці ў нагу з часам, таму я і раблю акцэнт на сучасных мультфільмах”.

А.Раманава: “Мы стараемся зацікавіць сваіх выхаванцаў тым, што робім нешта новае і незвычайнае”.

У пастаноўцы задзейнічаны 16 вучняў з 5—11-х класаў, якія амаль штодня рэпеціравалі на працягу двух месяцаў па некалькі гадзін. І хоць юныя артысты раней ніколі не выступалі на сцэне і не займаліся акцёрскім майстэрствам, у іх усё выдатна атрымалася. Праўда, многія з іх вельмі крытычна ставяцца да выканання сваіх роляў. Так, Дзед Мароз — адзінаццацікласнік Павел Ядчанка — прызнаўся, што “нягледзячы на ўсе намаганні, сыграць кананічнага Дзядулю не атрымалася, але затое атрымалася адчуць мноства новых уражанняў і эмоцый, выступаючы перад шматлікай аўдыторыяй гледачоў”. А міс Барашкіс — сямікласніца Дар’я Супранькова — сказала, што адмоўны персанаж ёй прыйшоўся па душы, яна лёгка справілася з такой роляй і хацелася б далей удзельнічаць у спектаклях.

Варта адзначыць, што гледачы (а спектакль разлічаны ў першую чаргу на вучняў пачатковай школы), нягледзячы на простыя касцюмы і немудрагелісты грым персанажаў, адразу пазнавалі іх і пачыналі перашэптвацца: “Гэта ж Эльза! А гэта мой любімы Олаф!.. О, глядзі, гэта ж Патрык і Спанч Боб!”, а ў інтэрактыўнай частцы гатовы былі ўдзельнічаць усёй залай, і ў канцы пастаноўкі ўзнагародзілі артыстаў доўгімі авацыямі.

“Усе героі нашай пастаноўкі — дзеці, якія ўдзельнічалі ў ёй з вялікай ахвотай і задавальненнем. Яны шчыра і старанна выканалі свае ролі, што не магло не адгукнуцца ў сэрцах нашых маленькіх гледачоў”, — дадала другі педагог-арганізатар Анастасія Сяргееўна Раманава, адказная за танцавальную частку спектакля.

Ці заўсёды маладосць — буйносць?..

Сёлетняй восенню ў школу № 173 Мінска прыйшлі два маладыя педагогі-арганізатары — студэнты 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Станіслаў Андрэевіч Піліпенка і Анастасія Сяргееўна Раманава, якія выдатна сумяшчаюць вучобу і работу, хоць, па іх прызнанні, гэта зусім не лёгка.

Як расказала дырэктар школы і педагог з 20-гадовым стажам Ірына Леанардаўна Шукелойць, якая прыйшла ў школу на кіраўніцкую пасаду толькі паўгода назад, яна шукала крэатыўных педагогаў-арганізатараў, якія змаглі б “разварушыць вучняў”, каб у іх з’явілася жаданне ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах і конкурсах.

“Пры знаёмстве з маладымі педагогамі, якім усяго толькі 21—22 гады, мяне ўразілі іх партфоліа. Абое яны — энергічныя і крэатыўныя, творчыя асобы, якія неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і прызёрамі самых розных конкурсаў і фестываляў, Станіслаў Андрэевіч — вакальных, а Анастасія Сяргееўна — танцавальных. Абое маюць вопыт арганізацыі адпачынкавай дзейнасці дзяцей і паспелі папрацаваць у розных установах, — патлумачыла яна. — Нашы педагогі-арганізатары імкнуцца працаваць, і за дзве чвэрці паказалі сябе толькі з лепшага боку. Дзеці за імі цягнуцца, што вельмі важна. Старэйшыя калегі падтрымліваюць іх і заўсёды прыходзяць на дапамогу”.

Шчыры, камунікабельны, сур’ёзны і адказны Станіслаў Піліпенка родам з Жыткавіч, дзе вучыўся з 1 па 4 клас у сярэдняй школе № 1. Яго першай настаўніцай была Галіна Бандзюк: “Менавіта яна падштурхнула мяне займацца музыкай і творчасцю, пры яе падтрымцы я пачаў удзельнічаць у розных конкурсах. І зараз магу з упэўненасцю сказаць, што, дзякуючы ёй, я люблю не толькі выступаць на сцэне, а і выкладаць вакал, працаваць з дзецьмі, займацца падрыхтоўкай мерапрыемстваў. Галіна Мікалаеўна стала для мяне прыкладам, навучыла сумленнаму і справядліваму стаўленню да дзяцей і людзей у цэлым, і гэта сёння дапамагае мне знаходзіць агульную мову з кожным хлопчыкам і дзяўчынкай. Да таго ж без гэтага проста не атрымаецца якасна працаваць, бо большасць вучняў і настаўнікаў рэдка самі праяўляюць ініцыятыву, звычайна прыходзіцца іх падштурхоўваць, пераконваць, захапляць цікавымі задумамі”, — прызнаўся педагог-арганізатар. Па сямейных прычынах ён вымушаны быў пакінуць родны горад, а разам з ім і музычную школу, і Дом творчасці, дзе займаўся з 1 класа. Пераехаў з матуляй у Гомель і пачаў вучыцца ў сярэдняй школе № 2, праўда, і там яго творчая натура хутка знайшла месца і спосаб самарэалізацыі: “Я прышоў займацца ў вакальную студыю Music kids у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля да Алены Валянцінаўны Хадзько. Зараз яе калектыў добра ведаюць не толькі ў Гомелі, а і ва ўсёй краіне”.

Пасля заканчэння 9 класа С.Піліпенка паступіў у Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага на аддзяленне струнна-смычковых інструментаў, бо іграў на кантрабасе. Аднак на 2 курсе з ім адбыўся няшчасны выпадак, пасля якога давялося перавесціся на аддзяленне народнай творчасці, дзе і вучацца будучыя арганізатары культурна-адпачынкавай дзейнасці. Скончыўшы каледж, юнак паступіў на факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці ў БДУКМ. Але, каб не губляць час і набрацца вопыту, адразу пачаў працаваць.

“Маім першым месцам працы стаў Жыткавіцкі гарадскі цэнтр культуры, дзе мяне ўзялі на пасаду рэжысёра. У 2018 годзе дырэктарам цэнтра была Таццяна Аляксандраўна Еўлаш. Работа з ёй стала для мяне своеасаблівай школай, бо яна навучыла мяне многаму — ад афармлення дакументацыі да пастаноўкі канцэртных мерапрыемстваў. Я ганаруся, што ў мяне была магчымасць працаваць з гэтым чалавекам — сапраўдым прафесіяналам, дзякуючы якому я зразумеў, наколькі важны адпачынак і як правільна займацца яго арганізацыяй, — дадаў Станіслаў Андрэевіч. — На 1 курсе перайшоў працаваць у санаторна-аздараўленчы комплекс “Зялёны бор”, дзе летам функцыянаваў у тым ліку і дзіцячы лагер, у якім давялося быць і важатым, і дыджэем. Зараз у мяне ўжо трэцяе працоўнае месца. У маёй прафесіі мне асабліва падабаецца бачыць шчаслівыя твары людзей, калі мая дзейнасць радуе не толькі дзецяй, але і дарослых”.

Абаяльная і ўсмешлівая, лёгкая на пад’ём і крыху летуценная Анастасія Раманава нарадзілася і вырасла ў Гомелі. Скончыўшы 9 класаў мясцовай сярэдняй школы № 30, вырашыла пайсці па сямейнай сцежцы і, як матуля і цётка, паступіць у Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага на спецыяльнасць “Педагог пачатковых класаў”. “У каледжы я захапілася харэаграфіяй і зразумела, што хачу і далей займацца менавіта гэтым. А таму пасля каледжа ў 2018 годзе паступіла ў БДУКМ на факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці, — расказала дзяўчына. — Варта адзначыць, што на мой прафесійны выбар паўплывалі тры выдатныя педагогі: школьны класны кіраўнік Ірына Аляксееўна Купрэйчык, педагог-харэограф каледжа Наталля Кірылаўна Клімовіч і мая матуля — дырэктар сярэдняй школы № 24 Гомеля Аксана Уладзіміраўна Раманава. Разам яны раскрылі мяне і скіравалі ў патрэбным напрамку, навучылі, як сумяшчаць дабрыню і строгасць. Бо строгасць і справядлівасць асабліва неабходны ў вырашэнні, напрыклад, канфліктных сітуацый. А без дабрыні ўвогуле немагчыма працаваць з дзецьмі, бо яны ўсё адчуваюць — гэта відаць па іх вачах і паводзінах”.

Маладых педагогаў-арганізатараў аб’ядноўвае любоў да прафесіі, імкненне тварыць і атрымліваць пазітыў ад зносін з такім непасрэдным падрастаючым пакаленнем. Здавалася б, што можна зрабіць за чатыры месяцы?.. Але яны паспелі згуртаваць самых дзейсных вучняў 5—11 класаў у школьны актыў, паўдзельнічаць у некалькіх раённых і гарадскіх конкурсах і мерапрыемствах, “рэаніміраваць” школьную старонку ў Instagram, адкрыць танцавальнае аб’яднанне па інтарэсах “Хоряжники”, што складаецца з дзвюх груп — малодшай і старэйшай, і паставіць навагодні спектакль. “Канечне, дасягненняў пакуль мала, але мы вельмі стараемся. Так, з камандай 9 класа занялі трэцяе месца на восеньскім “Кубку “Золака”. Я крыху засмучаны, але дзецям сказаў: “Галоўнае не перамога, а тое, што мы заявілі пра сябе”. І ў будучыні мы зробім усё, каб папоўніць скарбонку перамог 173-й школы!” — заявіў С.Піліпенка.

Каб былі новыя перамогі, вучняў трэба правільна матываваць: “У школу пастаянна прыходзяць запрашэнні да ўдзелу ў шматлікіх конкурсах. Але часам інфармацыя ў палажэннях падаецца занадта мудрагеліста, і тут ужо ўсё залежыць ад таго, як мы, педагогі, данясём яе. Калі мы зможам зрабіць гэта цікава і проста, недзе нават выкарыстоўваючы падлеткавы лексікон, то і дзеці з радасцю адгукнуцца і ўключацца ў творчы працэс. Мы стараемся зацікавіць сваіх выхаванцаў тым, што робім нешта новае і незвычайнае”, — падкрэсліла А.Раманава.

Планаў як у педагогаў-арганізатараў, так і ў дырэктара школы мноства: “Канечне, вельмі хочацца новых перамог і дасягненняў, каб нашы дзеці і нашы настаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, развіваліся, тварылі і не баяліся ісці наперад!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.