Запрашаем на пляцоўку для аматараў актыўных відаў спорту

- 10:58Планёрка ў рэгіёне

Напярэдадні восеньскіх канікул мы пачынаем нашу размову з начальнікам упраўлення адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Людмілай Анатольеўнай ФІЛІПОВІЧ з пытанняў арганізацыі аздараўлення і актыўнага адпачынку дзяцей.

— У Партызанскім раёне сталіцы на балансе прамысловых прадпрыемстваў функцыянуе 6 кругласутачных аздараўленчых лагераў. Агульная колькасць дзяцей, якія могуць прайсці тут аздараўленне, за сезон складае 3996 чалавек. Важны складнік арганізацыі аздараўлення дзяцей і падлеткаў — разнастайнасць яго форм і метадаў. У загарадных лагерах традыцыйна прадстаўлены профільныя атрады, палатачныя лагеры, лагеры працы і адпачынку. У Партызанскім раёне пяць гадоў назад нарадзілася выдатная традыцыя аб’ядноўваць для арганізацыі сумеснага адпачынку ўсе загарадныя лагеры на адной з баз, на так званы фестываль “Мы разам”.

У апошні час папулярнымі сярод моладзі сталі актыўныя гарадскія віды спорту: скейтбордынг, лангбордынг, катанне на роліках, веласіпедах… Да нядаўняга часу бяспечна займацца новымі кірункамі актыўнага адпачынку ў Мінску было практычна немагчыма. Але з мінулага года гэтая праблема вырашылася. На вуліцы Сталетава-1 была адкрыта вялікая, цалкам абсталяваная пляцоўка для актыўных відаў спорту. Ідэя стварэння парка экстрэмальных відаў спорту была прапанавана кіраўніком маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту “РгоКач” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска Аляксандрам Войнавым. Ініцыятыва была падтрымана мэрам Мінска Андрэем Шорцам і стала праектам нацыянальнага маштабу для захопленай вулічнымі відамі спорту моладзі, унікальным як для Беларусі, так і для СНД.

На Сталетава размяшчаецца некалькі пляцовак: для міні-футбола, стрытбола, варкаўта, паркура з рознымі рампамі, пляцоўка з трэнажорамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, скейтпарк для аматараў ролікаў, скейтаў і BMX-веласіпедаў, дзіцячы гарадок, разлічаны на тры ўзроставыя катэгорыі. На тэрыторыі парка таксама знаходзіцца сцэна з пляцоўкай для выступленняў танцораў брэйк-данса. Тэхнічнае абсталяванне пляцовак выканана з улікам еўрапейскіх патрабаванняў і пажаданняў аматараў спорту. Пляцоўкі асветлены пражэктарамі, што дае магчымасць займацца ў дзённы і вячэрні час.

— Людміла Анатольеўна, якія ўстановы адукацыі раёна лідзіруюць па паказчыках якасці?

— У Партызанскім раёне функцыянуе 48 устаноў адукацыі. На працягу шэрага гадоў у дзясятку лепшых устаноў сталіцы ўваходзіць гімназія № 7. Па выніках 2016/2017 навучальнага года яна заняла 3-е месца ў рэйтынгу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска па рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Традыцыйна выпускнікі гімназіі звязваюць сваё будучае жыццё з прафесіямі перакладчыка, лінгвіста, журналіста. Значным дасягненнем у 2017 годзе для ўстановы сталі пяць навучэнцаў — пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове, хіміі і біялогіі. Такой паспяховасці спрыяе супрацоўніцтва з вядучымі ўніверсітэтамі сталіцы, у прыватнасці з МДЛУ. Гімназія № 7 з’яўляецца гарадскім рэсурсным цэнтрам па беларускай мове і англійскай мове. Высокая якасць выкладання англійскай мовы дазваляе навучэнцам гімназіі ўдзельнічаць у міжнародных праек-тах. Больш за 20 гадоў тут працуе клуб “Мастацтва палемікі”, якім кіруе настаўнік англійскай мовы А.А.Стэфановіч. Толькі ў 2016/2017 навучальным годзе члены клуба заваявалі больш за 15 узнагарод на міжнародных турнірах, якія праходзілі ў Беларусі, Чэхіі, Латвіі і г.д. Настаўнікі англійскай мовы гімназіі таксама актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнародных адукацыйных праектаў. У 2016/2017 навучальным годзе гімназісты паспяхова выступілі на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў і заваявалі дыплом ІІ ступені па хіміі (вучаніца 10 класа Ганна Коп) і дыплом ІІІ ступені па беларускай мове (навучэнец 9 класа Антон Шуста). Выпускнік гімназіі 2017 года Кірыл Жалтоўскі атрымаў 100 балаў па выніках ЦТ па матэматыцы і рускай мове.

Навучэнцы гімназіі № 5 Мінска на працягу многіх гадоў з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і рускай мове. Выпускнік установы Мар’юш Сарока двойчы станавіўся ўладальнікам сярэбранага медаля на I і II Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы ў 2016 і 2017 годзе. Штогод педагогі гімназіі становяцца ўладальнікамі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама. Настаўнікі фізікі У.І.Анцулевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выдатнік адукацыі, і В.Н.Чэрцін з’яўляюцца ўладальнікамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Навучэнцы сярэдняй школы № 10 Мінска 11 гадоў назад пачалі вывучаць кітайскую мову як асноўную замежную. Яны ўдзельнічаюць у Рэспубліканскай алімпіядзе па кітайскай мове. Выпускніца 2017 года Варвара Сапрыкіна стала ўладальніцай дыплома I ступені на IV Рэспубліканскім конкурсе даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў на секцыі “Кітайская мова”. У лістападзе 2015 года Варвара выступала ў Кітаі на конкурсе “Мост кітайскай мовы”. Дзяўчынка атрымала грант КНР і зараз працягвае навучанне ў Кітаі.

У 2016/2017 навучальным годзе ў сярэдняй школе № 86 Мінска быў адкрыты профільны педагагічны клас. Яго навучэнцы вядуць партфоліа, у якім назапашваюць матэрыял, што адлюстроўвае іх асабістыя думкі аб прафесіі, педагогах, уражанні ад наведаных урокаў, а таксама ўласных першых спроб у ролі настаўніка ці выхавальніка.

У раёне стала добрай традыцыяй на штогадовай цырымоніі “Трыумф”, напярэдадні Дня настаўніка, адзначаць лепшых у сваёй прафесіі педагогаў.

— Якія сучасныя тэхналогіі ўкараняюць вашы педагогі з мэтай карэкцыі і рэабілітацыі дзяцей з АПФР?

— Нашы педагогі, якія навучаюць і выхоўваюць дзяцей з АПФР, актыўна ўкараняюць новыя тэхналогіі. Педагог-псіхолаг ЦКРНіР Партызанскага раёна С.Л.Бунас абагульніла вопыт работы па тэме “Комплекснае выкарыстанне метадаў колерадыягностыкі і колеракарэкцыі ў гарманізацыі эмацыянальнай сферы ў навучэнцаў ЦКРНіР”. У 2016 годзе вопыт дзейнасці цэнтра па тэме “Фарміраванне сенсаматорнага кампанента псіхічнай дзейнасці ў дзяцей ранняга ўзросту. Тэхналогія, заснаваная на нейрапсіхалагічным падыходзе” на гарадскім этапе VI Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” быў адзначаны дыпломам II ступені і дыпломам за лепшую работу ў намінацыі “Тэхналогіі работы з дзецьмі ранняга ўзросту”.

У школе-інтэрнаце № 13 для дзяцей з парушэннем слыху педагогі паспяхова ўкараняюць новыя тэхналогіі: сацыяльнае праектаванне, гуманна-асобасную тэхналогію Аманашвілі, тэхналогію кейс-стадзі. Школа супрацоўнічае з 14 установамі адукацыі горада і рэспублікі, цэнтрамі занятасці насельніцтва горада, 8 прадпрыемствамі і ўстановамі, у якіх магчыма працаўладкаванне выпускнікоў школы-інтэрната. Вопыт работы ўстановы ў дадзеным кірунку адзначаны дыпломам II ступені на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

Надзея ЦЕРАХАВА.