Запрашаем на сямейныя суботы

- 11:11Планёрка ў рэгіёне

На наступны 2017/2018 навучальны год аддзел адукацыі, спорту і турызму Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці падаў заяўкі на маладых спецыялістаў па 18 спецыяльнасцях. У 2016 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі да паступлення ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя ўстановы, якія рыхтуюць работнікаў адукацыі, былі заключаны дагаворы з 11 выпускнікамі. Аб гэтым расказала начальнік аддзела Святлана Уладзіміраўна СЯНЬКО.

— Ці замацоўваюцца ў раёне вашы выпускнікі?

— Адзначу, што 59% маладых педагогаў, як правіла, замацоўваюцца ў раёне. У 2016/2017 навучальным годзе ў Петрыкаўскім раёне працуе каля 1650 педагогаў. У 90,6% з іх — вышэйшая адукацыя.

— Як у раёне праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі?

— У 48 установах адукацыі, што функцыянуюць у раёне, навучаюцца і выхоўваюцца 4503 дзіцяці (у 2016 годзе было 4515). Змяншаецца колькасць навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, а ў дашкольных — узрастае. У 2015 годзе рэарганізаваны тры ўстановы адукацыі. У 2016-м адна ўстанова ліквідавана і адна рэарганізавана ў дзіцячы сад — базавую школу.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца ІКТ у адукацыйным працэсе, пры падрыхтоўцы старшакласнікаў да ЦТ?

— У гэтым навучальным годзе ўстановы адукацыі раёна аснашчаны 415 камп’ютарамі. Сацыяльны стандарт па забеспячэнні навучэнцаў персанальнымі камп’ютарамі выконваецца. У 26 установах агульнай сярэдняй адукацыі, у прыватнасці, 1 камп’ютар прыходзіцца на 8 навучэнцаў. Стандарт дапускае 1 камп’ютар на 30 навучэнцаў. Вельмі актуальная сёння праблема павышэння эфектыўнасці выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. 26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі маюць зараз праграмнае забеспячэнне для лепшага выкладання вучэбных прадметаў з выкарыстаннем ІКТ. У трох установах ёсць праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі дзейнасці бібліятэк, чатыры ўстановы аснашчаны лінгафоннымі кабінетамі з выкарыстаннем ноўтбукаў.

Каля 75% настаўнікаў прымяняе ІКТ пры навучанні дзяцей. З 2011 года на базе гімназіі Петрыкава адкрыты рэсурсны цэнтр па ўкараненні камп’ютарных тэхналогій пры выкладанні вучэбных дысцыплін. На базе цэнтра вядзецца падрыхтоўка педагогаў да экзаменаў на атрыманне сертыфікатаў карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій, праводзяцца анлайн-кансультацыі педагогаў, семінары. У раёне практыкуюцца майстар-класы па ўкараненні ІКТ-тэхналогій, конкурсы, e-mail-канферэнцыі. 7 педагогаў маюць свае блогі ў інтэрнэце. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Петрыкава Таццяна Мікалаеўна Зубар з’яўляецца выпускніцай курсаў “Метад праектаў”, якія праводзяцца карпарацыяй “Інтэл”. 5 педагогаў гэтай жа школы ў бягучым навучальным годзе ўзнагароджаны дыпломамі пераможцаў па выніках удзелу ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе для настаўнікаў “Рыхтуемся да ўрока разам з Prezi”, які праводзіць міжнародны дыстанцыйны цэнтр “МегаТалент”.

З мінулага навучальнага года настаўнікі Петрыкаўскага раёна прымаюць актыўны ўдзел у анлайн-кансультаванні па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, якое праводзяць спецыялісты Гомельскага абласнога ІРА. Па выніках мінулага навучальнага года ў абласных інтэрнэт-алімпіядах і віктарынах па хіміі і біялогіі, інфарматыцы, рускай мове і літаратуры, фізіцы навучэнцамі гімназіі Петрыкава, сярэдніх школ №№ 1, 2, Мышанскай сярэдняй школы атрыманы 12 дыпломаў. 284 вучні раёна прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях “Бабёр”, які ўпершыню праходзіў у Беларусі, і 8 навучэнцаў сталі яго пераможцамі.

— Як у вашым раёне арганізавана супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў? Якія формы работы з сям’ёй практыкуюцца ў шосты школьны дзень?

— Задача педагогаў па суботах — наблізіць бацькоў да школьнага жыцця, да іх дзяцей. Традыцыйнымі ў гэты дзень сталі сумесныя пасяджэнні творчай майстэрні для дзяцей і бацькоў з правядзеннем майстар-класаў па вырабе сувеніраў. У рамках раённай акцыі-эстафеты “Мы выбіраем — мы дзейнічаем” навучэнцы, лідары дзіцячых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў дзеляцца вопытам па арганізацыі грамадска карысных акцый, злётаў, аглядаў, канцэртаў.

На базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзяцца творчыя суботы з майстар-класамі для навучэнцаў і прэзентацыямі вынікаў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, з тэматычнымі праграмамі для бацькоў.

У суботу ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца заняткі “Школы будучага першакласніка”, спартландыі, факультатыўныя заняткі, праходзяць працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі і па аказанні дапамогі ветэранам вайны і пажылым людзям.

У рамках шостага дня праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, паходы, экскурсіі для дзяцей сумесна з бацькамі. У сельскіх установах адукацыі становяцца традыцыйнымі дні сельскага школьніка, у рамках якіх праходзяць прэзентацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, навуковых таварыстваў навучэнцаў, майстар-класы, арганізоўваюцца канцэртныя праграмы.

Навучэнцы прымаюць удзел у асветніцка-адукацыйным прафарыентацыйным праекце “Універсітэцкія суботы”, у рамках якіх дзеці наведваюць Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны.

На базе СПЦ Петрыкаўскага раёна функцыянуюць два сямейныя клубы, а на базе ўстаноў адукацыі — 18 такіх клубаў. Бацькі прымаюць удзел у рабоце настаўніцка-бацькоўскіх патрулёў, якія створаны ў кожнай установе адукацыі. У Петрыкаве ёсць гарадскі настаўніцка-бацькоўскі патруль, у склад якога, акрамя прадстаўнікоў аддзела адукацыі, устаноў адукацыі і бацькоў, уваходзяць прадстаўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага РАУС, БРСМ, КСН Петрыкаўскага райвыканкама. Патруль ажыццяўляе кантроль за дзецьмі ў іх вольны час, асабліва вечарам, у выхадныя і святочныя дні, чым папярэджвае магчымыя супрацьпраўныя ўчынкі школьнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.