Зберагчы дзеля будучыні

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Наймацнейшыя з удзельнікаў абласнога этапу прадставяць Віцебшчыну ў фінале XІV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

Ініцыятыва правядзення аднаго з самых вядомых і рэйтынгавых беларускіх конкурсаў па эканоміі і беражлівасці належыць Віцебскай вобласці. Менавіта тут некалі адбыліся першыя “Энергамарафоны”, якія неўзабаве набылі папулярнасць па ўсёй краіне. У выніку абласны конкурс атрымаў статус спачатку адкрытага, а затым рэспубліканскага. Традыцыйна “Энергамарафон” нацэлены на фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі ў дачыненні да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэння культуры абыходжання з энергарэсурсамі, выяўлення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дэманстрацыі Мэт устойлівага развіцця, у прыватнасці, мэты 7 “Танная і чыстая энергія”. Арганізатарамі конкурсу на Віцебшчыне выступаюць абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, абласны інстытут развіцця адукацыі. Сярод удзельнікаў — калектывы, педагогі, навучэнцы ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Наш “Энергамарафон” мае сваё адметнае аблічча, што дазваляе пашырыць вывучэнне вопыту даследаванняў у галіне энергазберажэння, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай, ідэалагічнай, сацыяльнай работы і спецыяльнай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Іда Сітнікава. — У ліку характэрных асаблівасцей варта вылучыць намінацыі, не прадугледжаныя на заключным этапе. Так, павышаную цікавасць заўсёды выклікае “Літаратурная творчасць па прапагандзе эфектыўнага рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Не менш прыхільнікаў мае намінацыя “Энергазберагальная сям’я”, дзе разам з дзецьмі актыўны ўдзел традыцыйна прымаюць бацькі і прэзентуецца вопыт эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў у асобна ўзятай сям’і з прадастаўленнем тэхніка-эканамічнага абгрунтавання ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. Сярод конкурсных мы пакінулі намінацыю “Работа педагога па выхаванні культуры энерга­зберажэння ў навучэнцаў”, бо цэнтральнай фігурай у навучанні дзяцей энергазберажэнню выступае непасрэдна педагог. У намінацыі “Тэхнічнае мадэляванне эфектыўнага рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” навучэнцы прадстаўля­юць рэальныя макеты, мадэлі энергаэфектыўных прылад, экспанаты, якія адлюстроўваюць прымяненне энергаэфектыўных тэхналогій. Спаборнічаць на роўных дашкольніку з навучэнцам школы ці каледжа вельмі складана, таму рашэннем аргкамітэта на абласным этапе конкурсу ўведзены дадатковыя заахвочванні для прадстаўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі.

Сёлета на абласны этап конкурсу было прапанавана 529 работ. Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Марыны Бабашынскай, заяўленыя праекты адрозніваліся высокім узроўнем інфарматыўнасці, тэхналагічнасці, актуальнасцю выбраных праблем і практычнай накіраванасцю. Разам яны пераканаўча све­дчаць пра сістэмнасць, высокую эфектыўнасць, адказны і творчы падыход у рабоце па гэтым напрамку на ўзроўні як сістэмы адукацыі ў цэлым, так і асобна ўзятых устаноў. Сур’ёзная канкурэнцыя склалася ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”, дзе па выніках конкурснага адбору ў лідары выйшлі праекты, прадстаўленыя калектывамі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі, гімназій № 7 і № 4 Віцебска, сярэдняй школы № 1 Глыбокага імя П.В.Сухога. Пераможцамі абласнога этапу “Энергамарафону” журы прызнала гімназію № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава: укаранёная ва ўстанове адукацыі кластарная мадэль уяўляе сабой добры ўзор для вывучэння і пераймання, своеасаблівую практычную энцыклапедыю энергазберажэння.

Як праінфармавала дырэктар Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Ганна Стукальцава, сёлета ў ходзе конкурсу парадавалі вынікамі і ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Асобна трэба адзначыць удзел Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага, Полацкага дзяржаўнага эканамічнага і Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжаў, Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый розных сфер дзейнасці адбылося на базе сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна. Перад пачаткам цырымоніі ўсе жадаючыя мелі магчымасць азнаёміцца з выставай праектаў пераможцаў і прызёраў. Калі зыходзіць з іх колькасці, найбольш сістэмна да пытанняў энерга- і рэсурсазберажэння, падрыхтоўкі да ўдзелу ў “Энергамарафоне” падыходзяць у Віцебску, Наваполацку, Полацкім і Аршанскім, Лепельскім, Гарадоцкім, Талачынскім, Расонскім, Шумілінскім, Дубровенскім, Глыбоцкім, Пастаўскім, Чашніцкім, Ушацкім раёнах.

Высокая цікавасць да праблем энерга- і рэсурсазберажэння — сучасны трэнд, які з кожным годам набірае моц. Свой уклад у вырашэнне глабальных энергетычных і экалагічных праблем уносяць навучэнцы і педагогі. Удзельнікі “Энергамарафону” прапануюць нестандартныя ідэі і карысныя практычныя распрацоўкі, выяўляюць сваё бачанне праблем і шляхоў іх пераадолення ў яркіх мастацкіх вобразах, вядуць актыўную асветніцка-прапагандысцкую работу і ў значнай ступені вызначаюць вектары далейшага развіцця. Як прыклад можна прывесці ўзнагароджаны спецыяльным прызам журы на рэспубліканскім конкурсе ў мінулым годзе малюнак навучэнкі гімназіі № 1 Оршы Настассі Ганчаровай, прысвечаны выкарыстанню сонечнай энергіі.

— Ідэя не новая, але для нас яна з’яўляецца арыенцірам, — пракаменціраваў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Вадзім Селязнёў. — Дастаткова сказаць, што ў Лёзненскім раёне ў 2020 годзе запусцілі энергаўстаноўкі з амаль 5000 сонечных панэлей. Ужо больш за 300 тысяч кілават-гадзін электраэнергіі паступіла ў энергасетку вобласці. Такім чынам мы атрымліваем альтэрнатыўную крыніцу энергіі.

Віцебскім абласным упраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў пераможцы і прызёры ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” прэміраваны грашовымі сертыфікатамі (50 тысяч рублёў — 1-е месца, 30 тысяч — 2-е і 20 тысяч — 3-е месца) на рэалізацыю мера­прыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці. Пераможцам у астатніх намінацыях уручаны сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абл­выканкама. Дыпломамі І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны пераможцы ў намінацыях: “Праект практычных мера­прыемстваў па энергазберажэнні” — навучэнец Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Даніла Пятніца (кіраўнік Дзмітрый Пяткін); “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — яслі-сад № 92 Віцебска; “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнцы сярэдняй школы № 11 Віцебска Вікторыя Андрэева, Лізавета Крупянькова, Ілья Габасаў (відэаролік), навучэнка сярэдняй школы № 18 Барані Валерыя Попчанка (лістоўка), навучэнцы сярэдняй школы № 23 Віцебска Дар’я Гусакова, Аляксей Лоч (малюнак), навучэнка Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна Ульяна Магурына (плакат); “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” — гімназія № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава; “Энергазберагальная сям’я” — навучэнка Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.А.Хамчаноўскага Расонскага раёна Дар’я Герасіменка (дзіцячы дом сямейнага тыпу Котавых); “Работа педагога па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” — выкладчык Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Ларыса Васільева; “Літаратурная твор­часць па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнцы сярэдняй школы № 1 Лепеля Настасся Алейнік, Уладзімір Хацкевіч, Антон Петрышч, Вераніка Піткевіч; “Тэхнічнае мадэляванне эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вячаслаў Рыбакоў, Кірыл Цімаховіч, Макарый Міцкевіч. У ліку дадатковых прызёраў сярод устаноў дашкольнай адукацыі дыпломамі І ступені адзначаны прадстаўнікі ясляў-сада № 2 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Наваполацка (на рахунку ў кожнай установы ўзнагароды ў дзвюх намінацыях), ясляў-садоў № 12 і № 34 Наваполацка, № 1 і № 2 Полацка, Горскага ясляў-сада Лепельскага раёна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Вячаслава БАРЫСЕНКІ.