Збіраем “партфель” педагога-навічка

- 15:32Дашкольная адукацыя, Рознае
Штогод у дашкольныя ўстановы краіны прыходзяць працаваць выпускнікі педуніверсітэтаў. Пры першым знаёмстве з калектывамі, яны, як правіла, выглядаюць урачыста і радасна — пачынаецца новае самастойнае жыццё, свая ўласная педагагічная дзейнасць. Але недзе ў глыбіні душы тоіцца і трывога: як прымуць дзеці, ці складуцца адносіны з бацькамі і калегамі.
Сумненні былі і ў педагога-псіхолага Ірыны Сяргееўны Ашук, калі яна ўпершыню ўладкоўвалася на работу ў яслі-сад № 4 Мастоў. Імкненне пераадолець усе трывогі і паспяхова ўвайсці ў новы калектыў заахвоцілі дзяўчыну да стварэння праграмы “Навічок” па прафесійнай адаптацыі маладога педагога ў дашкольнай установе. Праграма прайшла апрабацыю ў гэтым жа садзе і даказала сваю эфектыўнасць.

Калі быць больш дакладным, то сваю праграму “Навічок” Ірына пачала распрацоўваць яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Натхніла яе на гэта выкладчык Валянціна Сцяпанаўна Багаслоўская, якая вяла курс “Дзейнасць практычнага псіхолага”. Яна ж была і першым рэцензентам праграмы. “Навічок” разлічаны на год работы па ёй і ўключае 4 трэнінгі — “Адаптацыя”, “Псіхалагічнае здароўе маладога спецыяліста”, “Асобасны рост маладога педагога”, “Эфектыўныя зносіны і ўзаемадзеянне з бацькамі”.
“Кожны малады спецыяліст па-свойму адаптуецца да пачатку працоўнага жыцця, — адзначае Ірына. — Хтосьці складана і напружана перажывае гэты перыяд, хтосьці даволі лёгка прывыкае да новых рытмаў. І тым і другім ёсць чым падзяліцца з калегамі. Усе маладыя педагогі з ахвотай і даверам прынялі маю прапанову паўдзельнічаць у трэнінгах. Па сутнасці, яны вырашылі аб’яднацца ў адзіны дружны калектыў, у якім кожны адчувае сяброўскую падтрымку.
У пачатку нашых трэнінгаў педагогі рассаджваюцца па крузе, вітаюць адно аднаго. Перш за ўсё яны павінны пранікнуцца яго атмасферай, прыняць яго правілы — а гэта адкрытыя зносіны, актыўнасць і гумар, безапеляцыйнасць выказванняў, добраахвотны ўдзел у практыкаваннях і галоўная ідэя “актуальна тое, што адбываецца тут і цяпер”. З сабой маладыя выхавальнікі прыносяць памяткі з практыкаваннямі, якія загадзя былі падрыхтаваны і раздадзены ім Ірынай, паперу, каляровыя алоўкі і фламастары. Можа быць выкарыстана і нейкая незвычайная рэч, напрыклад, павязка на вочы. У асноўнай сваёй частцы трэнінг уключае шэраг практыкаванняў для педагогаў у залежнасці ад заяўленай тэмы. У канцы заняткаў адбываецца рэфлексія, падводзяцца вынікі”.

Што самае галоўнае для маладога педагога? Адчуць, што ты адказны не толькі за сябе, але і за вынікі сваёй прафесійнай дзейнасці, за яе пазітыўнасць. Перш за ўсё Ірына прапаноўвае сваім калегам услых перад іншымі педагогамі сфармуляваць уласныя мэты і тым самым публічна ўзяць на сябе абавязкі па іх выкананні. Эфектыўнасць будзе больш высокай, калі свае прафесійныя перспектывы кожны пазначыць яшчэ і на паперы, напрыклад, напіша “Ліст у будучыню”, у якім паразважае аб сваіх планах. А калегі дадуць наказ “на дарогу” — пажаданні, парады, якія спатрэбяцца для поспеху.
Наладзіць узаемаадносіны з дзецьмі маладым педагогам бывае не так і складана, яны захапляюць малых сваёй маладосцю, стыхійнасцю і непасрэднасцю. З бацькамі зносіны складваюцца зусім не проста, часта яны не ўспрымаюць усур’ёз маладога выхавальніка, у якога няма ні жыццёвага, ні прафесійнага вопыту. Таму лічаць патрэбным даваць яму парады, могуць крытыкаваць яго дзеянні. Здараецца, канечне, што і маладыя спецыялісты звысоку ставяцца да бацькоў, таму што (памылкова) лічаць сябе знаўцамі ўсіх праблем выхавання. Самае галоўнае ў адносінах гэтых двух зацікаўленых бакоў, лічыць Ірына, узаемапавага і ўзаемаразуменне.
“Каб першая сустрэча з бацькамі ў маладога педагога прайшла паспяхова, прапаную прымяніць так званае правіла трох плюсаў: па-першае, усміхнуцца суразмоўцу, затым звярнуцца да яго па імені і, нарэшце, зрабіць яму ўдалы камплімент, — гаворыць Ірына. — Гэта павінна спрацаваць, бо лічыцца, што аснова адносін да нас чалавека пры знаёмстве закладваецца ў першыя 15 секунд. Калі ж казаць сур’ёзна, то мы павінны аналізаваць усе нашы дзеянні і словы, калі гаворка ідзе аб зносінах з бацькамі. Калі яны прыходзяць па дзяцей пасля працоўнага дня, нагружаныя, стомленыя, то любая дробязь, любое нетактоўнае слова пра іх дзяцей змогуць справакаваць негатыўную сітуацыю. Калі выхавальніку трэба вырашыць нейкае праблемнае пытанне, не варта ў першыя хвіліны сустрэчы акцэнтаваць увагу на дрэнным. Спачатку трэба расказаць аб поспехах дзіцяці і толькі ў канцы размовы тактоўна, без лішніх эмоцый паведаміць аб праблеме”.

Як жа педагогу захоўваць псіхалагічную раўнавагу на працягу ўсяго працоўнага дня? У ходзе трэнінгаў Ірына Ашук прапаноўвае калегам выконваць практыкаванні на расслабленне і зняцце нервова-псіхічнага напружання. Ірына як псіхолаг атрымала сертыфікат па аўтатрэнінгу — гэты метад яна актыўна выкарыстоўвае ў рабоце з дзецьмі і дарослымі. Расслабіцца падчас трэнінгаў дапамагаюць дыхальныя практыкаванні, рэлаксацыйная музыка (са спевамі птушак, булькаценнем вады і г.д.), праслухоўванне спецыяльных супакойваючых літаратурных тэкстаў, якія акунаюць чалавека ў прыемныя думкі, актывізуюць уяўленне, фантазію. Ад павольных практыкаванняў педагогі пераходзяць у канцы заняткаў да актыўных гульняў і спаборніцтваў, якія таксама знімаюць стрэсы. Спаборніцтвы часам нагадваюць любімыя дзіцячыя забавы, напрыклад, удзельнікі разбіваюцца на дзве каманды, бяруць лісты паперы, камечаць іх і “закідваюць снежкамі” каманду сапернікаў.
Калі стрэсавая сітуацыя працягвае непакоіць і здаецца невырашальнай, Ірына прапануе калегам спачатку знайсці псіхалагічнае выйсце з яе, а пасля будзе знойдзена і рэальнае. Такія сітуацыі разглядаюцца падчас трэнінгаў, педагогі пішуць пра іх на лістах паперы, затым услых зачытваюць у групе. Кожны ўдзельнік прыводзіць свае доказы, што гэтая сітуацыя не цяжкавырашальная, што яна нават смешная або выгадная. Аналіз праблемы можна рабіць пры дапамозе звязак тыпу: “канечне, так, затое…”, “а магло быць і горш”, “не вельмі ўжо і хацелася, таму што…” або “цудоўна, а цяпер…”.
“Часам, каб зразумець, у якім кірунку рухацца далей у сваёй прафесіі, трэба азірнуцца і прыгадаць сваё мінулае, тое, што было раней, калі вы вучыліся ва ўніверсітэце, — заўважае Ірына. — Уявіце, што ў першы дзень вашай работы нехта сфатаграфаваў вас. Якія вы на гэтым здымку, які подпіс пад ім вы зрабілі б? Гэта, дарэчы, адно з практыкаванняў трэнінгу. А калі вас сфатаграфаваць зараз, праз некалькі гадоў, якім будзе фота і подпіс пад ім? Можна нават уявіць свой выгляд на фота ў будучыні. Гартаючы такім чынам старонкі альбома сваіх жыццёвых падзей, вы будзеце ацэньваць сваё асабістае і прафесійнае развіццё, адзначаць, у якім кірунку яно адбываецца, і складаць далейшыя планы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.