Жанна ШЧУРОК: “Мне патрэбна быць карыснай”

- 11:48Моя школа

Наша сённяшняя гераіня некалькі разоў за жыццё рэзка мяняла прафесійную траекторыю, рэалізаваўшы сябе як мастачка, педагог, выдавец і журналіст, але ніколі не здраджвала рабоце з дзецьмі. У гэты час Жанна Генадзьеўна Шчурок — галоўны рэдактар штотыднёвай газеты для падлеткаў “Переходный возраст”.

— Жанна Генадзьеўна, вы працуеце ў газеце “Переходный возраст” з 2005 года. Чаго вы дасягнулі на пасадзе галоўнага рэдактара і чаго яшчэ хочацца? Ці рэалізавалі сябе?

— У гэтым годзе наша газета святкуе
25-годдзе з дня выхаду ў свет першага нумара. Для нас гэта значная па­дзея і ў той жа час прызнанне запатрабаванасці нашай работы. Маё жыццё звязана з газетай 14 гадоў, але шлях сюды быў доўгі і заблытаны.

Сёлета мы з аднакурснікамі адзначалі 35 гадоў заканчэння ВНУ. За гэты час ва ўсіх склаўся розны прафесійны шлях. Мне давялося рэалізаваць сябе тройчы — у розных сферах дзейнасці.

— Давайце пра ўсё па парадку. Якім было ваша дзяцінства?

— Я была хатнім дзіцем і ў дзіцячы садок не хадзіла — тата лічыў, што мама павінна займацца домам і намі. Гэта ніколькі не сапсавала мяне: у школу ішла добра падрыхтаваная, але вялікі калектыў для мяне быў непрывычны, я вельмі хвалявалася.

Першую сустрэчу з настаўніцай запомніла на ўсё жыццё. Настаўніца — Ала Паўлаўна — прадставілася, нешта расказала нам пра нашу будучую вучобу, а потым дадала: “Дзеці, калі вы, прыйшоўшы ў школу, раптам заблудзіцеся, падыдзіце да любога дарослага і скажыце: “Я — варона з 1 “Г”, і вас завядуць у ваш клас”. (Смяецца.) Вось такая выхаваўчая методыка была.

Добра памятаю, як Ала Паўлаўна, выклікаючы мяне да дошкі, казала, пагрозліва падаўжаючы маё імя: “Ну, Жан-н-н-на?..”, а ў мяне ад гэтага трэсліся каленкі.

Вучылася ў звычайнай мінскай сярэдняй школе № 99. Адным з настаўнікаў у першыя школьныя гады была вельмі мудры і вопытны педагог Ванда Казіміраўна, якая неяк паклікала маю маці і параіла: “Ваша дзяўчынка добра малюе, ёй трэба развівацца ў гэтым напрамку”. Тады мы жылі каля Кальварыі, і маці выбрала для мяне студыю выяўленчага мастацтва ў парку Горкага, якой кіраваў Эдуард Якаўлевіч Дукорскі. Гэта быў аўтарытэтны педагог са сваёй унікальнай методыкай. Яго выхаванцы з лёгкасцю паступалі на мастацкія спецыяльнасці. Але ні пра якое паступленне я тады нават не думала. Да гэтага было яшчэ вельмі далёка.

Усё было вельмі сур’ёзна: кастынг, які складаўся з выканання тэставых работ. У студыі я даволі паспяхова займалася з 2 па 7 клас, перамагала ў шматлікіх конкурсах. Нават былі персанальныя выставы, якія ла­дзіліся ў павільёне парку Горкага. Заняткі былі па малюнку, жывапісе і графіцы 2—3 разы на тыдзень. Выконвалі пастановачныя нацюрморты, выходзілі на пленэры. Я амаль заўсёды хадзіла з эцюднікам праз плячо. Часам даводзілася вяртацца даволі позна, але я ішла ўпэўнена, бо ведала, што мой цяжкі эцюднік мог стаць вельмі дзейсным сродкам абароны.

— Ці не перашкаджалі сур’ёзныя заняткі маляваннем вучобе ў школе?

— У школе я таксама добра вучылася па ўсіх прадметах, але маляванне было тым, што давала магчымасць абстрагавацца ад школы і пераключацца на іншую дзейнасць. Гэтаму спрыяла тое, што заняткі праходзілі ў старадаўнім жывапісным парку пад кіраўніцтвам цудоўнага педагога ў кампаніі такіх жа апантаных мастацтвам сяброў.

Некалькі разоў мы ўдзельнічалі ў тэлеперадачы “Сем колераў радасці” для юных мастакоў — менавіта тады я ўпершыню сутыкнулася са светам сродкаў масавай інфармацыі. Здымкі праходзілі ў старым тэлецэнтры на Камуністычнай, таму і хадзіць туды нам было таксама вельмі блізка.

Эдуард Якаўлевіч вучыў нас: “Калі ты за дзень нічога не намаляваў, дзень пражыты дарма”. Таму, прыходзячы на заняткі, мы заўсёды прыносілі пастановачны нацюрморт (перамалявала ўсе гарлачы і вазы, якія былі дома), кампазіцыю (трэба было прыдумаць нейкі сюжэт) і абавязкова жывапісную работу ў фарбах. Мы пастаянна рабілі замалёўкі і эскізы. Неяк Эдуард Якаўлевіч запытаў у мяне: “А што ты рабіла, напрыклад, на ўроку матэматыкі?” “Як што? — разгублена адказала я. — Рашала задачы, у нас настаўніца вельмі строгая — не магла нічым іншым займацца”. На што ён здзіў­лена пытаўся: “А дзе блакнот і замалёўкі з матэматыкі?”

Традыцыйны для савецкіх часоў фотаздымак. Настаўніца 1“Г” класа Ала Паўлаўна Кобзева і першакласніца Жанна Пушкарчук (1970 год).

Я аддавала перавагу акварэлі за яе празрыстасць і пастэльнасць. Яшчэ акварэль падабалася таму, што яе немагчыма перапі­саць (гуаш, напрыклад, можна перакрыць). У мастака няма права на памылку. Найбольш любіла працаваць у тэхніцы акварэлі па мокрай паперы.

Нават летам таксама малявала. Прыязджаючы ў вёску ў беларускую Швейцарыю — на Лагойшчыну (маці родам адтуль), малявала жывапісныя пейзажы Каралеўшчыны, дзе жылі яшчэ мае пра­дзеды (у маці дзявочае прозвішча Каралевіч) і дзе знаходзіліся рэшткі дзедавай сядзібы. Я разам са шматлікімі братамі і сёстрамі, якіх “скідалі” на лета ў вёску, неаднаразова “вывучала” зарослы травой фундамент дзедавага хутара.

Аббегаўшы басанож усе ваколіцы, я таксама займалася творчасцю. Уявіце: вёска, раніца, рака Гайна, заліўныя лугі, лясы ў ранішняй смузе… Гэта магла перадаць толькі акварэль.

Дык вось, Эдуард Якаўлевіч сваіх выхаванцаў настройваў на прафесійную рэалізацыю творчых здольнасцей. І я расла з гэтай звонку прынесенай думкай. Тата да гэтага ставіўся вельмі насцярожана: мастакі, творчая эліта… Відаць, будучыню дачкі ён бачыў крыху інакш.

— Вы так і не звязалі сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Чаму?

— Тут умяшаўся выпадак: праз 11 гадоў пасля маёй малодшай сястры Анжалікі нарадзіўся малодшы брат Генадзь. Усё жыццё ў сям’і закруцілася вакол яго. Мне тады было 13 гадоў, я якраз уступала ў той самы пераходны ўзрост, стала падабацца хлопцам (гэта я зараз, перажыўшы пераходны ўзрост з сынам і сваімі чытачамі, разумею, чаму раптам нехта з сяброў прапанаваў пасля заняткаў пайсці пагушкацца на арэлях).

Так што маляваць я стала менш, таму паціху пачала страчваць тэхнічныя навыкі. Ды і вучобе ў старшых класах трэба было ўдзя­ляць больш увагі. Але амбіцыі мастака засталіся.

— Які са школьных прадметаў больш падабаўся?

— Мяне не прымушалі вучыцца. Бацькі за вучобу не каралі і не сварыліся за няўдачы, але тата неяк сказаў: “Не будзеш вучыцца — пойдзеш на будоўлю гліну мясіць!” Мне гэта здавалася жудасна страшэнным!

Цікавасць да матэматыкі прыйшла падчас навучання. Патрабаванні настаўніцы Валянціны Іванаўны Еўдакіменка былі вельмі высокімі, таму шмат прыходзілася завуч­ваць, але гэта было няцяжка. За вочы мы называлі яе — стрыманую, гнуткую, у акулярах — Кобрай. Пад яе строгім поглядам мы, быццам бы пад гіпнозам, не маглі думаць ні аб чым іншым, акрамя матэматыкі.

Таксама падабаліся руская мова і літаратура, цікавасць да якіх запаліла Галіна Дзмітрыеўна Чайко. Дзякуючы ёй, у мяне заўсёды добра атрымліваліся сачыненні. “Узаем­насць” была і з родным словам. Наш класны кіраўнік, а адначасова і настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Еўдакія Арсенцьеўна Маркава была цудоўным педагогам. Амаль кожны тыдзень мы выбіраліся ў паходы. Гэта вельмі з’ядноўвала наш калектыў, а яшчэ яна нам шмат чаго расказвала. Для нас кожная такая вылазка была падзеяй: каму ж не хочацца некуды паехаць, на вогнішчы пасмажыць сала, перапэцкацца печанай бульбай і ў канцы дня вярнуцца ў Мінск!

Педагог-арганізатар школы Мікалай Іванавіч Краўчук не мог нарадавацца, што я малявала насценгазеты да любой нагоды: ці то навагоднія святы, ці то тыдзень фізікі ці хіміі…

Жанна Генадзьеўна на першавераснёвай лінейцы са сваім першым класам.

— Ці змаглі ўсё ж такі рэалізаваць сябе як мастачка?

— Пасля 8 класа я цвёрда вырашыла паступаць у мастацкае вучылішча, хаця мяне адгаворвалі і бацькі, і настаўнікі. Да таго ж флёр рамантызму прафесіі таксама паўплываў на мой выбар.

У той год набіралі на спецыяльнасці “Мастак-афарміцель” і “Мастак-педагог”. Я марыла быць свабодным мастаком і з педагогікай сябе ніяк не асацыіравала. Конкурс быў 16 чалавек на месца. Выпрабаванні вельмі складаныя: да экзаменаў па агульнаадукацыйных дысцыплінах — 3 туры творчага конкурсу. Я паспяхова прайшла ўсе творчыя туры, па астатніх экзаменах таксама атрымала “пяцёркі”, таму была ўпэўнена, што паступіла. Удалая здача экзаменаў у мастацкае вучылішча фактычна стала маім самасцвярджэннем як мастака.

Якое ж было маё здзіўленне, калі я ў спісах паступіўшых на жаданую спецыяльнасць сябе не ўбачыла! Хлопец з такімі самымі баламі, які падаў дакументы раней, прайшоў, а я — не. Мне прапанавалі спецыяльнасць “Мастак-педагог”, але я, кіруючыся падлеткавым максімалізмам, адказала: “Я забіраю дакументы, бо педагогам не буду ні-ко-лі!” А праз 2 гады паступіла ў педагагічны інстытут.

— Як вас прыняла школа пасля спробы паступіць у мастацкае вучылішча?

— Адміністрацыя была рада мяне зноў убачыць у якасці вучаніцы, бо ў пасведчанні за 8 класаў у мяне былі амаль усе “пяцёркі”.

Трапіла я ў “элітны” 9 “А” клас. КВЗ, турпаходы, іншыя праяўленні творчасці — як ва ўсіх. Сярод нешматлікіх “чацвёрак” у атэстаце адна была па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Процівагаз на хуткасць надзявала, добра страляла, але, калі трэба было вучыць зорачкі на пагонах, выкладчык ПВП меў неасцярожнасць сказаць: “Дзяўчаты, вам гэта вельмі важна ведаць, каб добра выйсці замуж”. “Як гэта? Я і шлюб па разліку?” — абурылася я і прынцыпова не вучыла вайсковыя званні.

— А зараз зможаце па пагонах адрозніць прапаршчыка ад генерала?

— Не, так і не адрозніваю. (Смяецца.) Як, дарэчы, і маркі машын — я не размяжоўваю людзей па гэтым паказчыку дастатку. Для мяне важна, ці зручная машына і ці працуе яна… І машыны, якія былі ў нашай сям’і, купляліся не для самасцвярджэння, а для спрашчэння перамяшчэння і вырашэння канкрэтных пытанняў.

Ніколі не імкнулася трапіць у мэйнстрым. Нават пасля 8 класа, пакуль я паступала, мае аднакласнікі, што заставаліся ў школе, модныя спецыяльнасці вучэбна-вытворчага камбіната — сакратара-машыністкі і прадаўца прамысловых тавараў — парасхоплівалі, мне засталося выбіраць паміж швачкай і кухарам-кулінарам. Выбар зрабіла мая сяброўка, якую ў двары называлі Ірка-салдат: “Пайшлі на кухара-кулінара. Хоць мужу навучымся баршчы варыць!” Ездзілі мы туды па пятніцах, і я з радасцю чакала гэты “дарослы” дзень, бо маці не магла бачыць, з кім я еду дадому, — можна было па-за мамінымі вачамі прагуляцца з хлопцам.

— Як здарылася, што ўсё ж пайшлі ў педагагічны?

— У 10 класе ўжо стала задумвацца пра свой далейшы шлях. У нашай групе кухараў я выгадна выдзялялася сярод астатніх па паспяховасці, і Дэля Данілаўна, майстар Фрунзенскага ВВК, стала падбіваць нас з сяброўкай паступаць у Ленінградскі інстытут харчовай прамысловасці. І калі Ірка яшчэ неяк разглядала прапанову ў якасці аднаго з варыянтаў, то мае бацькі ўспрынялі гэта ў штыкі. Адпускаць мяне з Мінска ніхто не збіраўся.

Паколькі я была старэйшым дзіцем у нашай сям’і (можа, яшчэ і таму, што была па характары няўседлівай), мне хацелася самастойнасці і незалежнасці ад бацькоў. Таму пасля школы я была нацэлена абавязкова паступіць (бо платнага навучання тады не было). Доўга вырашала, перабіраючы прафесіі.

Інстытут народнай гаспадаркі (сённяшні БДЭУ) як варыянт увогуле не разглядаўся, бо для мяне гандаль асацыіраваўся з блатам, спекулянтамі і “фарцой”. Павагу выклікалі педагогі, урачы і інжынеры. Я добра разумела, што на інжынера не пацягну, бо склад розуму ў мяне зусім не тэхнічны. Пра медінстытут таксама гаворкі не было, бо настаўніца хіміі, якая была цудоўным чалавекам, нас вельмі шкадавала, як вынік — хімію мы не ведалі.

Заставаўся інстытут замежных моў і педагагічны. Настаўніца замежнай мовы Марына Валянцінаўна Зімніцкая дала даволі добрую базу. Падчас прадметных тыдняў і свят мы ладзілі тэатралізацыі, пераўвасабляліся ў замежныя дэлегацыі і перакладчыкаў, праводзілі прэс-канферэнцыі, што не магло не выклікаць цікавасць да англійскай мовы. Аднак у тыя часы замежная мова не была ў ліку экзаменацыйных прадметаў, школьнікі яе вучыць не вельмі хацелі, настаўнікам было цяжка працаваць, а на перакладчыка я баялася не паступіць.

Вызначыўшыся з навучальнай установай — педагагічным інстытутам, доўга вагалася паміж спецыяльнасцямі. Валянціна Іванаўна (Кобра), у якой я мела “пяцёрку”, сказала, што я магла б быць настаўнікам матэматыкі. Географ — ён жа педагог-арганізатар — прапанаваў ісці на геаграфію, але я з геаграфіяй не вельмі сябравала. І мая стрыечная цётка па бацькавай лініі, Жанна Аляксандраўна Пушкарчук, якая працавала ў нашай школе і чыё меркаванне вельмі цаніў тата, параіла ісці вучыцца на настаўніка пачатковых класаў. “Там таксама дракончыкі, — сказала яна, — але яны маленькія… Ты з імі будзеш маляваць, спяваць, выкладаць сваю любімую матэматыку. А калі захочаш, англійскую мову таксама будзеш весці”.

І я падала дакументы на пачатковыя класы ў педінстытут імя Горкага (сённяшні педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Конкурс у той год быў 4 чалавекі на месца. Потым Жанна Аляксандраўна мяне яшчэ і інструктавала перад экзаменамі: “Апраніся сціпла (на экзаменах я была ў чорным гольфе і карычневай плісіраванай спадніцы), валяр’янку не пі, бо мазгі працаваць як след не будуць…”

— Раскажыце пра ваш першы педагагічны вопыт.

— У інстытуце я была актывісткай: зноў рэдкалегія, насценгазеты, “зорныя паходы” па месцах баявой славы з выступленнямі ў вясковых клубах. На першую практыку трапіла пасля першага курса. Мне, 18-гадовай дзяўчыне, у піянерскім летніку “Зялёнае”, які тады належаў заводу халадзільнікаў, далі атрад з 42 падлеткаў, у якім былі юнакі дапрызыўнага ўзросту, амаль мае равеснікі. Адразу я стала Жаннай Генадзьеўнай і вымушана была спраўляцца з усім самастойна.

Як аказалася, першы педагагічны вопыт быў вельмі ўдалы, бо на наступны год нас па камсамольскай пуцёўцы персанальна праз рэктарат запрасілі зноў у гэты летнік. І так атрымалася, што ў “Зялёнае” я потым ездзіла і кожнае студэнцкае лета, і калі першыя гады працавала настаўніцай па размеркаванні ў 159-й мінскай школе.

Таццяна Уладзіміраўна Сычова, ды­рэктар гэтай школы-новабудоўлі, таксама шмат чаму навучыла і дала ўрокі жыцця. Першых класаў набіралі шмат, і мне, па іроніі лёсу, дастаўся 1 “Г”. (Смяецца.) “А” і “Б” класы вялі вопытныя педагогі, якія нават адбіралі сабе дзяцей. Дзеці да мяне трапілі розныя, і ў якасці “бонусу” — другагоднік. Шмат хто нават літар не ведаў, а тагачасная праграма прадугледжвала, што за першыя 2 чвэрці мы павінны былі вывучыць літары і навучыць дзяцей чытаць, а ў другім паўгоддзі пісалі ўжо дыктоўкі. На пачатку работы з дзецьмі я схуднела на 5—7 кіла­грамаў, бо за дзень не паспявала ні паесці, ні прысесці. Заўсёды здзіўля­лася, як можна весці ўрок седзячы.

Таксама, акрамя навучання дзяцей, я была пагружана ў вялікую колькасць дадатковай работы. Не ведаю, ці прычынай стаў мой энтузіязм, ці, можа, мне дапамаглі творчыя навыкі, атрыманыя ў мастацкай школе, але выніковыя кантрольныя работы мае дзеці напісалі не горш за выхаванцаў больш вопытных калег.

Ды і я сама адчувала свае педагагічныя сілы: выступала на метадычным аб’яднанні і педсаветах, сама ўжо дзялілася вопытам з калегамі. Рэгулярна чытала “Настаўніцкую” і прадметныя часопісы, імкнулася вучыцца. Мне было цікава ўкараняць новыя методыкі.

Пасля таго як я выпусціла свой клас, заявы ў новы клас пісалі менавіта да мяне — баць­кі ацанілі маю работу. Падабраўся цудоўны клас, але, на жаль, я падвяла гэтых дзяцей, нават крыху нечакана для сябе, пайшла ў дэкрэтны водпуск. Пасля пайшла працаваць бліжэй да месца, дзе мы жылі, — таксама ў школу-новабудоўлю № 201, якая працавала толькі другі год.

— Ці былі цікавыя моманты, звязаныя з работай у школе?

— Іх было вельмі многа, а пра 1 верасня можна ўвогуле расказваць без перапынку. Памятаю, пасля лінейкі і сустрэчы з бацькамі да мяне падышла бабулька вельмі інтэлігентнага выгляду і папрасіла: “Жанна Генадзьеўна, у прозвішчы вось гэтага хлопчыка — паказала яна пальцам прозві­шча ў спісе дзяцей — націск трэба ставіць на літару “О”: Дзіма Кóлдун”. І Дзіма Кóлдун тры першыя гады вучыўся ў мяне ў класе з харэаграфічным напрамкам. Хто тады мог падумаць, што прозвішча гэтага хлопчыка — ужо з іншым націскам — потым будзе ведаць увесь свет і ён стане адным з найбольш вядомых людзей Беларусі.

Прыгадваецца, як потым, ужо працуючы ў газеце “Переходный возраст”, у холе Дома прэсы мы фатаграфавалі Дзіму Калдуна, які павінен быў удзельнічаць у тэлепраекце “Зорны дыліжанс”. У гэты момант калегі-журналісты з іншых выданняў кпілі, маўляў, “Переходный возраст” зноў нейкіх падлеткаў фатаграфуе. Калі Дзіма выйшаў у фінал “Фабрыкі зорак”, аказалася, што ні ў кога, апрача нас, яго фота няма. Так фотаздымак, дзе ён яшчэ бландзін, абышоў ледзь не ўсе газеты.

— Як вы апынуліся ў прыватнай школе?

— Усё было даволі празаічна. Гэта быў фінансава нестабільны час: пустыя паліцы, дэфіцыт, ды і настаўніцкія заробкі былі невялікія. У той жа час пачалі ўзнікаць прыватная навучальныя ўстановы. У адну з такіх школ мяне запрасілі на пасаду завуча з удвая большай зарплатай (замест 15 долараў у дзяржаўнай паклалі 30). Але галоўнымі былі не грошы — мне прадастаўлялі поўную творчую свабоду ў рэалізацыі новых методык і тэхналогій. Там я змагла напоўніцу рэалізаваць сябе як педагог, прычым не толькі ў пачатковай школе. На працягу 8 гадоў мы з калегамі будавалі абсалютна новую школьную парадыгму. Усё, на жаль, скончылася ў адзін момант: заснавальнікі проста вырашылі закрыць школу.

— У вас ёсць вопыт работы ў выдавецкай сферы. Як пасля столькіх гадоў працы ў сістэме адукацыі рашыліся памяняць сферу дзейнасці?

— Мне паступалі прапановы пайсці завучам і нават узначаліць адну з пачатковых школ Мінска, але тут узбурылася мая сям’я — ім хапіла мяне ў педагогіцы, бо яны бачылі, колькі сіл яна ў мяне забірае.

У гэты момант адкрывалася прыватнае выдавецтва, куды мяне запрасілі ў якасці рэдактара. Для таго каб працаваць у выдавецтве, мне патрэбна было здаць кваліфікацыйны экзамен на права займацца выдавецкай дзейнасцю. За месяц усё вызубрыла і здала.

Гэта быў трэці старт з нуля ў абсалютна незнаёмай сферы. Ратавала тое, што сфера дзейнасці была блізкай да педагогікі і межавала з работай з дзецьмі і падлеткамі. Ды і заработная плата была нядрэнная, хаця грошы ніколі для мяне не былі вырашальным фактарам. Мне патрэбна было быць карыснай некаму ў той справе, якую я раблю. Асвоіла работу з паліграфічнай вытворчасцю, эканоміку выдавецкай дзейнасці і рэкламы, а таксама ўсё, што з гэтым было звязана. У пэўны момант з-за шэрага праблем (у тым ліку і сямейных) і непаразумення з кіраўніцтвам прыйшлося звольніцца.

Паўстала пытанне, куды ісці. У школу? Прайшло 3 гады, і я ўжо крыху выпала з адукацыйнага кантэксту. Да таго ж ужо прай­шло 12 гадоў, як пайшла з дзяржаўнага сектара эканомікі. Дайшло да таго, што стала шукаць работу па газетных аб’явах. Упершыню за сваё жыццё 2 месяцы была беспрацоўнай, перабіваючыся выпадковымі заробкамі: нешта папісвала ў розныя выданні.

— Як трапілі ў газету “Переходный возраст”?

— Аднойчы ўбачыла аб’яву, што ў газету “Переходный возраст” патрабуецца рэдактар. Гэтую газету я ўжо ведала. Пакуль працавала ў прыватнай гімназіі, па сваіх абавязках арганізоўвала і курыравала пазакласную работу (дзеці знаходзіліся ў школе да глыбокага вечара), і адна з калег параіла пазнаёміцца з публікацыямі газеты “Переходный возраст. У тым інфармацыйным вакууме яна была перадавой і вельмі цікавай.

Я патэлефанавала ў рэдакцыю, але мне сказалі, што вакансія ўжо закрыта. Пакінула свой нумар. Літаральна праз месяц мне пазваніла тагачасны галоўны рэдактар Галіна Барысаўна Пшонік і запрасіла на работу. Так, з 2005 года я стала працаваць рэдактарам аддзела рэкламы і менеджменту. Нехта з калег пажартаваў: “Што, прыйшла на месца смяротніка? На гэтым месцы ніхто доўга не затрымліваецца…” Аб’ём работы быў велізарны: рэклама, падпіска, прасоўванне выдання. Але мне была патрэбна работа, і я ўпрэглася.

Так я з нуля асвоіла новую сферу дзейнасці — сродкі масавай інфармацыі. Праз некаторы час прайшла перападрыхтоўку на факультэце журналістыкі БДУ, стала актыўна пісаць сама, навучылася фата­графаваць. Неўзабаве мне даверылі пасаду намесніка, а потым і галоўнага рэдактара.

Адзін з праектаў, які я тады прапанавала, “Летнік без цыгарэтнага дыму”, у крыху змененым выглядзе дзейнічае і зараз. Сёння ён стаў вялікай міжведамаснай акцыяй. У ім бяруць удзел урачы, прадстаўнікі праваахоўных органаў і журналісты. Распрацавана мноства сцэнарыяў, праведзены сотні мерапрыемстваў. Дзякуючы шырокай публічнай дзейнасці, “Переходный возраст” ведаюць не толькі ў нашай краіне: у пачатым яшчэ ў 2010 годзе інфармацыйным праекце “Юныя журналісты Беларусі і Расіі аб Саюзнай дзяржаве” ўзялі ўдзел тысячы падлеткаў з абедзвюх краін.

Вяртаючыся да вашага першага пытання, скажу, што сёння наша газета ўганаравана на розных узроўнях: “Залатая Ліцера” як лепшаму дзіцяча-юнацкаму выданню, па­дзякі міністра адукацыі і дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы, шмат па­дзяк розных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

А што ёсць у мяне? Доўгі эпікрыз, вялікая колькасць удзячных юнкараў, якім “Переходный возраст” даў дарогу ў вялікую журналістыку. Таксама мне вельмі прыемна назіраць, як падлеткі, што ў пэўны час былі героямі нашых публікацый, становяцца знакамітымі, а нашы чытачы — сапраўднымі людзьмі.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Жанны ШЧУРОК.