Жаночая постаць навукі

- 12:13Навука і інавацыі

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла двухдзённая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Жанчыны-вучоныя Беларусі і Казахстана”.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі БДУ, грамадскае аб’яднанне “Саюз жанчын БДУ” і Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л.М.Гумілёва (Астана) пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі. Удзельнікамі форуму, які сёлета праходзіў упершыню, сталі каля 300 вучоных з 50 універсітэтаў і навуковых інстытутаў Беларусі, Расіі і Казахстана. З вітальным словам да запрошаных звярнуліся прарэктар па навуковай рабоце БДУ Васіль Сафонаў, рэктар Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва Ерлан Садыкаў, саветнік-пасланнік Пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі Мурат Лаўмулін і старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын БДУ” Ірына Казакова.

— Спадзяёмся, што тэмы, узнятыя на канферэнцыі, стануць першымі сумеснымі крокамі для навукова-практычнай дзейнасці нашых краін, — выказалася Ірына Валер’еўна.

Таксама на пленарным пасяджэнні перад прысутнымі выступілі першыя дакладчыкі — Нурыла Шаймердзінава (“Вобраз жанчыны ў рунічных помніках і пераемнасць традыцый”), Марал Хабдуліна (“Першыя жанчыны-геолагі Казахстана”) і Уладзімір Кулажанка (“Жанчыны — лідары навукі ў БДУ: навукаметрычны аналіз”).

Правядзенне канферэнцыі спрыяе інтэрнацыяналізацыі навукі і адукацыі, акадэмічнай мабільнасці навукоўцаў і выкладчыкаў, узнікненню новых сумесных адукацыйных і навуковых праектаў, а таксама далучэнню да навукі будучых аспірантаў і магістрантаў.

Канферэнцыя праходзіла па трох напрамках: гуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. Акрамя гэтага, арганізатарамі была прадугледжана секцыя для студэнтаў. Асноўнымі тэмамі дакладаў сталі пытанні ўкладу жанчын у вырашэнне задач фундаментальнай і прыкладной навукі, адукацыі і выхавання моладзі, падрыхтоўкі новых навуковых кадраў.

— Каштоўнасць канферэнцыі для мяне ў тым, што абсалютна ўсе расказвалі пра рознае, — падзялілася студэнтка Марыя Комлік. — Можна было пачуць пра вядомых і невядомых жанчын з усяго свету, якія звярнулі на сябе ўвагу, пра педагагічныя і геалагічныя школы, нобелеўскіх лаўрэатаў, важнасць пашырэння выкарыстання беларускіх аўтарскіх афарызмаў, пра псіхалогію, сакрэты радыёвяшчання, медыямастацтва і нават пра надпісы на лацінскай і беларускай мове, якія плануецца пакінуць для нашчадкаў на званах Чырвонага касцёла. Гэтая канферэнцыя дала шмат цікавай інфармацыі, якую самастойна было б амаль немагчыма знайсці, бо даследчыкі займаюцца сваімі тэмамі не адзін год, выкарыстоўваючы неверагодную колькасць крыніц.

Вынікам працы канферэнцыі стала актуалізацыя пытання ролі жанчын у навуцы, дэманстрацыя значнасці навуковых работ у рэалізацыі задач сацыяльнага развіцця дзяржаў і вывучэнне перадавога вопыту ў адукацыйнай і навуковай дзейнасці з далейшым яго выкарыстаннем.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.