Жыццёвае поле, поўнае выпрабаванняў, давялося прайсці Зінаідзе Аляксееўне Лахвіч. Яна жыхарка вёскі Беразнякі, адна з доўгажыхароў нашага савета. У свой час яна дапамагала ўдзельнікам гуртка “Этнаграфічны” ўзнавіць жыццё пры паляках. За што ёй вялікі дзякуй! Але ж было вельмі цікава даведацца аб тым, як яна пражыла жыццё, што выпала на яе долю.
— У сям’і я была сярэдняй, маці мая вельмі хварэла, — расказала Зінаіда Аляксееўна, — і калі мне споўнілася дзевяць гадкоў, яна памерла. Гэта было ў 1933 годзе. З гэтага часу пачалося маё дарослае жыццё, бо акрамя мяне, у хаце было трое мужчын і малодшая сястрычка. Пасля смерці маці ў школу бацька больш не пусціў. Дома трэба было і жаць, і проса палоць, і прасці , і ткаць. Уся мая адукацыя – толькі два класы польскай школы.
У сакавіку 1943 года, напярэдадні агульнай мабілізацыі, Зінаіда Аляксееўна выйшла замуж. Цяжарнай засталася жыць у свекрыві. Муж загінуў на вайне, дзіця нарадзілася і памерла. У 1947 годзе, калі малодшы брат вярнуўся з Германіі, ён забраў жанчыну назад у Бярэзнікі. Свякроў нагрузіла на воз розных прадуктаў, прывязала да воза карову і цялушку.
— Разам з братам на месцы спаленай хаты пабудавалі невялікую хаціну. Брат пазней ажаніўся, а я засталася у гэтай хаце, нарадзіла першую дачушку, пасля яшчэ траіх дочак. Другі муж быў добрым, любіў дзяцей. Да сустрэчы з Мікалаем усю гаспадарку цягнула сама, адначасова працавала ў калгасе. Усё-ўсё рабіла, толькі не арала. Ужо пры саўгасе да 58 гадоў даглядала цялят. У гэтым узросце і атрымала першую пенсію 18 рублёў. У 2000 годзе памёр муж. Не так даўно у Туле, у Расіі, памерла сярэдняя дачка, пакінула 4-х дзяцей. Так ужо Бог распарадзіўся. Але ўсе роўна я багатая, — падкрэслівае Зінаіда Аляксееўна, — у мяне 13 унукаў, 11 праўнукаў і адзін прапраўнук. Радуюся іх поспехам, стараюся дапамагчы, чым магу.
На вуліцы ўжо змяркалася, а нам не хацелася пакідаць гэтую “сонечную” бабулю. Усім нам яна жадала добрай долі, дзякаваць Богу за ўсё, што ён нам дае, ніколі не хварэць, а самае галоўнае – каб не было вайны. А ад нас вам, Зінаіда Аляксееўна, і надалей сустракаць сваіх дзетак, унукаў і радаваць іх сваім здароўем, дабрынёй і пяшчотай.
В.ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
кіраўнік гуртка “Этнаграфічны” Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.