Жыватворная крыніца і надзейны падмурак

- 15:38Культура, Рознае

6 і 7 верасня Беларусь ужо дваццаць першы раз адзначыла Дзень беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў у старажытным Заслаўі. У сваім віншавальным слове да ўдзельнікаў і гасцей урачыстасцей прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за гады існавання свята заняло пачэснае месца ў шэрагу важнейшых падзей культурнага жыцця нашай краіны і яскрава нагадвае пра неабходнасць беражлівага захавання духоўнай спадчыны Беларусі. “Ад часоў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага кніга заўсёды была для беларусаў жыватворнай крыніцай, надзейным падмуркам нацыянальнага развіцця. Літаратура выхоўвала ў людзях лепшыя якасці, аказвала вялікі, а часам і вызначальны ўплыў на фарміраванне іх светапогляду. Сёння беларуская дзяржава актыўна падтрымлівае нацыянальную інфармацыйную прастору, айчыннае кнігавыданне ў мэтах кансалідацыі грамадства, сцвярджэння высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў”, — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.

А непасрэдна перад святкаваннем Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі 6 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся міжнародны круглы стол “Сугучча: літаратура як люстэрка эпохі” з удзелам прадстаўнікоў беларускай улады, айчынных і замежных пісьменнікаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда” і грамадская арганізацыя “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, першы намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў падкрэсліў, што сёння для пісьменнікаў надзвычай важна як мага глабей пагружацца ў жыццё звычайных людзей. Ён узгадаў апошнюю паездку беларускіх пісьменнікаў па рэгіёнах, арганізаваную пры падтрымцы кіраўніка нашай дзяржавы: “Тады мы яшчэ раз адчулі, як людзі чакаюць кантакту з вамі, пісьменнікамі. Нават разумнаму чалавеку, нават вельмі разумнаму чалавеку важна зверыць свае думкі: ці правільна я сябе паводжу, ці правільна я вызначыўся са сваімі поглядамі. А як гэта можна вызначыць. Трэба параўнаць! Трэба параўнаць свае погляды з поглядамі іншага чалавека. А тут прыйшоў жрэц — прыйшоў пісьменнік! Ён ужо па азначэнні разумны! А таму яго трэба паслухаць. Тым больш ён глядзіць табе вочы ў вочы, не з інтэрнэту, нават не старонак кнігі… Тут ужо не толькі інтэлектуальны складнік, але і эмоцыі. Такія сустрэчы вельмі важныя і для саміх пісьменнікаў, і для грамадства”, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.
Узгадаўшы сённяшнюю сітуацыю ва Украіне, Аляксандр Радзькоў зазначыў, што жыццё часам выкідае абсалютна нечаканыя рэчы, да якіх не гатовы ні палітыкі, ні звычайныя людзі, і тады галава баліць пастаянна — гэтакім тупым невыносным болем. Але і тут людзям могуць дапамагчы пісьменнікі — менавіта сваім сакральным словам. Словам, за якім ужо нічога не схаваеш — ні таго, з кім ты сябруеш, ні таго, на каго ты молішся ці каго ты лічыш сваім ворагам. Такое сакральнае слова пісьменніка ператвараецца ў яву — і ў гэтым заключаецца цуд сапраўднай літаратуры. “Нам вельмі важна, каб вы прадказвалі, каб вы перасцерагалі чалавецтва ад вайны, ад разбурэння маральнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

У сваю чаргу міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч нагадала, што святкаванне Дня беларускага пісьменства практычна супадае ў часавым вымярэнні з незалежнасцю нашай краіны. А гэта значыць, што прыярытэт развіцця нацыянальнай літаратуры і культуры быў першасным у нашай краіне ад самага пачатку.
Лілія Станіславаўна адзначыла, што ў Беларусі робіцца многае для падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. “Без перабольшання скажу, што ў краіне ёсць не толькі дзяржаўны, але і прэзідэнцкі патранат кнігі, — падкрэсліла міністр. — Год кнігі, абвешчаны ў Беларусі ў 2012 годзе, даў новы імпульс многім значным творчым праектам і задумкам. І сёння жывуць такія праекты, як “Жывая класіка” і “Калядны дабрачынны баль кнігі”. Сёлета вельмі актыўна пісьменнікі, выдаўцы і бібліятэкары працавалі ў новым праекце “Лета з добрай кнігай”. Пры дзяржаўнай падтрымцы мы выдалі цэлую серыю кніг па тэматыцы 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — тэматыцы, святой для беларусаў і ўсіх, хто шануе памяць пра мінулую вайну. І менавіта пры дзяржаўнай падтрымцы цэлыя камплекты такіх кніг накіраваны ў бібліятэкі для таго, каб падрастаючыя пакаленні маглі яшчэ і яшчэ раз прачытаць гэтыя радкі, напісаныя не толькі аўтарамі-класікамі, але і сучаснымі аўтарамі пра Вялікую Айчынную вайну”.
Лілія Ананіч таксама падкрэсліла: “Мы аддалі нашых дзяцей у прыгожыя новыя школы, і Міністэрства інфармацыі разам з Міністэрствам адукацыі забяспечыла краіну поўнымі камплектамі падручнікаў за абсалютна сімвалічную плату. Плату, хутчэй, не за сам гэты камплект, а за тое, каб дзеці цанілі гэтую аграмадную працу, праробленую калектывамі аўтараў, выдаўцамі і паліграфістамі, накіраваную на тое, каб кніга засталася і сёння, у ХХІ стагоддзі, найвышэйшай маральнай і духоўнай каштоўнасцю”.
Звяртаючыся да замежных гасцей, Лілія Станіславаўна адзначыла: “Вельмі важна, што вы прыязджаеце да нас. У вас ёсць цудоўная магчымасць паглядзець сваімі вачыма ў чыстае люстэрка Беларусі з прыгожым горадам Мінскам і ўсімі куточкамі краіны. Вас чакае выдатны горад Заслаўе, і я ведаю, што вы насілкуецеся ў нас творчай энергетыкай, уразіцеся тым, як сёння беларусы ўпрыгожваюць свой дом і побыт, як яны зберагаюць сваю культуру. Мы і далей будзем рабіць усё магчымае, каб да нас прыязджалі пісьменнікі з усяго свету”.

З выступленняў гасцей найбольш уразіла эмацыянальная прамова вядомага расійскага журналіста, пісьменніка, дырэктара і галоўнага рэдактара аднаго з найстарэйшых выдавецтваў Расіі “Мастацкая літаратура” Георгія Прахіна, які абазначыў дзве найгалоўнейшыя задачы для сучасных пісьменнікаў. Першая — служэнне ідэалам міру і добрасуседства. “Трэба шукаць найперш тое, што нас аб’ядноўвае, а не тое, што нас прымушае адварочвацца адно ад аднаго. Насамрэч, нас вельмі мала для таго, каб мы дазвалялі сабе такія “гульні”, якія адбываюцца сёння ва Украіне. Вы толькі падумайце: самай страшнай зброяй падчас грамадзянскай вайны ў пачатку мінулага стагоддзя быў кулямёт “Максім”. Сёння ва Украіне не грэбуюць балістычнымі ракетамі. Гэта самазабойства”, — адзначыў Георгій Прахін. А другая задача пісьменніка, па яго словах, — гэта служэнне слову. “Я нават не ведаю, як падзяліць гэтыя дзве задачы, — сказаў расійскі госць. — Але тая бяда, у якую сёння трапіла роднае слова, таксама з шэрагу глабальных. Я маю на ўвазе, безумоўна, той агрэсіўны міжнародны “наваяз” ці нейкае новае “эсперанта”, у прыгнёце якога сёння мусіць жыць роднае слова. Калі мы хочам захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, мы павінны перш за ўсё захаваць наша роднае слова”.
Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя альманаха “Сугучча” з творамі сучасных аўтараў з краін СНД.

Мікола ЧЭМЕР.