“Жыву, малюю, люблю, навучаю…”

- 10:58Людзі адукацыі

Так любіць гаварыць настаўніца выяўленчага мастацтва нашай гімназіі Марыя Станіславаўна Заручэўская. Яна лічыць, што талент перадаўся ёй ад матулі,  Філамены Юзэфаўны, выпускніцы Віленскай гімназіі, якая малявала, вышывала і нават пісала вершы на трох мовах. Вось ужо 38 гадоў Марыя  Станіславаўна самааддана працуе з дзецьмі і шчаслівая тым, што большую частку свайго жыцця аддала вучням нашай гімназіі.  Гэтая вопытная настаўніца ўмее знаходзіць таленавітых дзяцей, раскрываць іх патэнцыял.

Нарадзілася і вырасла таленавітая дзяўчынка ў Іўеўскім раёне,  на зямлі сваіх продкаў. Любіла гуляць па лесе, які быў калісьці ўласнасцю яе дзядулі. Менавіта прырода дарыла ёй натхненне: цудоўны лес, які акружаў маёнтак з усіх бакоў, пойма рэчкі Гаўя, заліўны луг. Любімай тэмай для малявання былі пейзажы. Марыя  Станіславаўна маля­ваць любіла заўсёды. Калі агортваюць успаміны дзяцінства, яна сябе бачыць то з алоўкамі ў руках, то з фарбамі і пэндзлікам, і не толькі сябе, але і сваю маму побач. Пра любімую матулю цяпер Марыі Станіславаўне нагадваюць яе карціны, якія берагуцца як самае дарагое багацце. На “выдатна” скончыўшы школу, а затым педвучылішча ў Ваўкавыску, Марыя Станіславаўна паступіла ў Маскоўскі ўніверсітэт грамадскіх прафесій на спецыяльнасць “Мастак-афарміцель”. Некалькі гадоў М.С.Заручэўская працавала па гэтай спецыяльнасці на прадпрыем­ствах горада. Але кожны дзень адчувала, што ёй чагосьці не хапала ў жыцці. А не хапала ёй цікаўных і захопленых позіркаў дзяцей, якім яна хацела перадаць тое, чым сама валодала, тое, што ёй перадалося ў спадчыну — яе талент, уменне маляваць.

Менавіта любоў да дзяцей прывяла Марыю  Станіславаўну ў гімназію № 2, дзе яна ўжо  38 гадоў працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва, а раней і СМК. Цяпер пра заняткі яе гуртка “Па прыступках творчасці”, якія арганізаваны для вучняў усіх узростаў, ходзяць легенды не толькі па гімназіі, але і па горадзе. На гэтыя заняткі прыходзіць столькі дзяцей, што бывае няма іх дзе пасадзіць. Больш за 30 вучняў прыходзяць па суботах. Дзяцей збіраецца цэлы клас, некаторыя прыводзяць з сабой малодшых сястрычак і брацікаў. Для ўсіх настаўніца прыдумвае персанальнае заданне.

Многія вучні, з якімі займалася Марыя  Станіславаўна на факультатывах, прадоўжылі яе працу, многія паступілі вучыцца ў школу і каледж мастацтваў. З цеплынёй і гордасцю ўспамінае  настаўніца свайго першага таленавітага вучня Віталя Вараб’я, які скончыў Ленінградскі архітэктурны ўніверсітэт і цяпер працуе ў Санкт-Пецярбургу архі­тэктарам. Людміла Сінюк скончыла Саратаўскую акадэмію мастацтва. Аляксандра Жук —  каледж мастац­тваў, а затым Гро­дзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Таццяна Кузьміч скончыла ўніверсітэт  мастацтва і цяпер працуе мастаком у тэатры лялек у Гродне.  Аляксандр  Кухараў скончыў педвучылішча, аддзяленне графічнага дызайну,  працуе  ў Росі ў студыі  рамёстваў.  Гэты спіс можна доўга працягваць, таму што вельмі шмат вучняў гімназіі № 2 пасля школы прысвяцілі сябе мастацтву.  Выпускнікі не забываюць Марыю Станіславаўну, тэлефануюць, пішуць і нават прыязджаюць да яе ў госці.

Пад кіраўніцтвам М.С.Зару­чэўскай, якая падбірала малюнкі, праводзіла гутаркі і майстар-класы, у бібліятэцы прайшла выстава пад назвай “Мастацтва творыць цуд”.  Бібліятэка  прыцягнула да сябе ўвагу ўсіх вучняў 1—11 класаў. Прыйшлі тыя, хто любіць чытаць, і тыя, хто не чытае, але любіць маляваць. І што самае цікавае, апошнія, паглядзеўшы на цудоўныя малюнкі, потым выбіралі кнігі.

Умее Марыя Станіславаўна знаходзіць і раскрываць таленавітых дзяцей. Адораныя вучні настаўніцы арганізоўваюць свае персанальныя выставы, прымаюць удзел у многіх конкурсах, нават міжнародных: перамагаюць, атрымліваюць граматы і прызы.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.