Зімовыя вечары з сябрамі

- 16:55Навіны рэгіёнаў, Рознае
Гімназія № 5 Гродна мае эстэтычны напрамак работы. Установа адукацыі супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, каледжам мастацтваў, гуманітарным каледжам, а таксама з аддзяленнем Саюза мастакоў Беларусі, абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, абласным драматычным і лялечным тэатрамі і абласной філармоніяй. Але педагагічны калектыў робіць акцэнт не толькі на эстэтычнае выхаванне дзяцей, важным складнікам работы гімназіі з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва.

Цеснае супрацоўніцтва наладжана з гімназіяй імя Яна Паўла II з польскага горада Сейны і са школай мастацтваў літоўскага горада Лаздзіяй. Дарэчы, пачатку супрацоўніцтва з польскай гімназіяй паспрыяў выпадак. Дырэктар турыстычнага агенцтва “Цэнтркурорт”, паслугамі якога карыстаецца гімназія, Сяргей Уладзіміравіч Піскун пазнаёміў педагогаў гродзенскай гімназіі № 5 з дырэктарам Дома культуры і дырэктарам гімназіі ў Сейнах. Наведалі адно аднаго з азнаямляльным візітам і вырашылі заключыць дагавор. З мэтай развіцця супрацоўніцтва ў галіне навукі, культуры, гісторыі і ўдасканалення педагагічных кадраў бакі дамовіліся аб абмене дэлегацыямі, групамі навучэнцаў, а таксама аб педагагічным, культурна-гістарычным, турыстычным і спартыўным супрацоўніцтве.
Спачатку гродзенскіх гімназістаў запрасілі даць невялікі канцэрт у сценах польскай гімназіі імя Яна Паўла ІІ. Наступным стала выступленне на свяце вясны ў Сейнах. Яно праходзіла перад Вялікаднем, таму гімназічны ўзорны хор “Элегія”, удзельнікамі якога з’яўляюцца навучэнцы 4-5 класаў, пад кіраўніцтвам Ліліі Раманаўны Някіфаравай падрыхтаваў духоўную праграму. У той дзень вучні далі адразу два канцэрты — адзін раніцай для польскіх гімназістаў, а другі вечарам для жыхароў горада. Хваляваліся ўсе. Дырэктар Сейнскай гімназіі пасля канцэрта падзяліўся, што вельмі хваляваўся, як школьнікі будуць успрымаць канцэрт, ці не пачнецца праз некалькі хвілін шум у зале. Але гімназісты слухалі сваіх аднагодкаў уважліва і з павагай.
Пасля такога поспеху пайшлі чуткі пра талент нашых школьнікаў. І бургамістр горада Ліпска, які знаходзіцца недалёка ад Сейнаў, запрасіў гімназістаў выступіць на гарадскіх Днях культуры.
У мінулым годзе горад Сейны святкаваў сваё 450-годдзе. Канечне, запрасілі выступіць на свяце і гродзенскіх гімназістаў. Канцэрт быў у цэнтры горада, на плошчы. Наталля Уладзіміраўна Матвейчык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, расказала, як дзеці парадавалі і ўразілі жыхароў.
— Сцэна была маленькая, а нашых танцораў — шмат. Але дзеці не разгубіліся і сталі танцаваць каля сцэны, на бруку. Пасля выступлення падыходзіла шмат людзей, каб падзякаваць. Адна жанчына сказала, што зразумела, што беларусы захавалі сваю нацыянальную культуру і што яна ёсць і існуе па сённяшні дзень. Нехта, смеючыся, заўважыў, што нашы дзеці за гадзінны канцэрт зрабілі больш, чым многія дыпламаты робяць за дзесяцігоддзі.
Паралельна са святам у Сейнах у Ліпску праходзіў Міжнародны дзіцяча-юнацкі тэатральны фестываль. У ім прымалі ўдзел калектывы з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны і Чэхіі. Тэатральны калектыў гродзенскай гімназіі № 5 “Зефір” (удзельнікі — навучэнцы 4-5 класаў; кіраўнікі Надзея Аляксандраўна Нікалаева і Вікторыя Валер’еўна Манкевіч) паказаў спектакль на беларускай мове. Тады яны атрымалі два падзячныя лісты — адзін — за ўдзел, а другі — за падтрыманне беларускай культуры. Гэты фестываль цікавы тым, што, акрамя прафесійнага журы, працуе і дзіцячае. Калі размяркоўваюцца месцы і дыпломы, то менавіта меркаванне дзіцячага і юнацкага журы адыгрывае галоўную ролю. У гэтым годзе гімназію № 5 зноў запрасілі на тэатральны фестываль.
Але не толькі гродзенскія гімназісты прыязджаюць у госці. Сёлета госці завіталі да іх. Кожны год ва ўстанове адукацыі праводзіцца фестываль “Зімовыя вечары з сябрамі”. На свята запрасілі педагогаў і школьнікаў з гімназіі імя Яна Паўла ІІ і школы мастацтваў Лаздзіяй.
Мерапрыемства прайшло цікава і насычана. Пасля знаёмства ўсіх удзельнікаў пачалася гульня па станцыях “У пошуках беларускага скарбу”. Усіх — і дарослых, і дзяцей — падзялілі на інтэрнацыянальныя каманды. Пачалося падарожжа. На першай станцыі трэба было расказаць пра сябе і свае захапленні, прыдумаць назву камандзе. Падчас самапрызентацый чулася то англійская, то польская, то літоўская мова, а нехта расказваў жэстамі, каб усе зразумелі.
Наступныя станцыі былі творчымі. На станцыі “Беларуская народная песня” ўдзельнікам прапаноўвалася вывучыць беларускую народную песню “Лявоніха” і не толькі праспяваць яе, а яшчэ сыграць на музычных інструментах. На трэцяй станцыі — “Беларускі народны танец” — настаўнікі гімназіі № 5 давалі танцавальны майстар-клас, развучвалі з удзельнікамі танец “Лявоніха”. На чацвёртай станцыі “Выцінанка” ў кожнага была магчымасць сваімі рукамі зрабіць паштоўку. А на станцыі “Беларуская казка” ўсім раздалі ролі: нехта быў дрэвам, нехта — варонай, а нехта — і лужынай. Галоўнымі, канечне, былі Лявон і Лявоніха. Ад такой пастаноўкі ўсе атрымалі задавальненне.
На першым паверсе гімназіі чакала сама Эліза Ажэшка. Супрацоўнікі музея жывой гісторыі дома-музея пісьменніцы расказалі пра гісторыю горада і ўручылі гасцям падарункі. Але на гэтым свята не скончылася — гасцей чакала апошняя станцыя “Сучасны танец”. Педагогі з дзецьмі вывучылі рухі, і на першым паверсе адбыўся флэш-моб.
Пасля перапынку прайшоў сумесны канцэрт, на які запрасілі ўсіх сяброў гродзенскай гімназіі. Канцэрт закончыўся пад бурныя апладысменты, а дзяцей чакала яшчэ інтэрнацыянальная дыскатэка.

 

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.