Злёт на ўзлёт

- 16:35Навука і інавацыі

У апошнія красавіцкія дні Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці быў упрыгожаны сцягамі і транспарантамі, якія запрашалі на ХVI Рэспубліканскі злёт юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў. На фоне пяшчотнай зеляніны наваколля размясцілася неверагодная тэхніка — незвычайнай формы аўтамабілі, трактары, гоначныя машыны і матацыклы. Каля кожнага з іх стаяў натоўп маладых людзей з жаданнем хаця б памацаць тэхніку.
Усе гэтыя тэхнічныя сродкі сталі экспанатамі злёту і ўвасобілі творчыя ідэі навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў і іх педагогаў.

Прэзентацыя экспанатаў.

Згадваючы багатую гісторыю рэспубліканскага злёту, якая доўжыцца ўжо 30 гадоў, можна з упэўненасцю с­цвярджаць, што гэтае мерапрыемства аказвае істотны ўплыў на развіццё навучэнскай творчасці, павышае актыўнасць нашай моладзі ў самарэалізацыі, матывуе на новыя творчыя адкрыцці. За гады існавання злёту тысячы і тысячы юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў прадставілі свае творчыя прапановы ў розных сферах дзейнасці, і многія з іх былі ўкаранёны ў вучэбны працэс і вытворчасць. Толькі за перыяд, які папярэднічаў сёлетняму злёту, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі было пададзена больш за 2 тысячы інавацыйных ідэй. У рэгіянальных этапах спаборніцтва прынялі ўдзел каля 200 навучальных устаноў. Удзельнікамі сталі звыш 25 тысяч навучэнцаў і 600 педагагічных работнікаў. На заключны этап злёту ў Мінск прыехалі больш за 100 навучэнцаў і педагагічных работнікаў, якія перамаглі на папярэдніх этапах. Мяркуючы па гэтых лічбах, можна сцвярджаць, што вынаходніцтва і рацыяналізатарства ў навучэнскім асяроддзі расце і прымнажаецца. Гэты рух закліканы садзейнічаць далучэнню нашай моладзі да наватарства, выяўленню і падтрымцы адораных навучэнцаў, пашырэнню сеткі аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю, стварэнню ўмоў для развіцця творчых магчымасцей навучэнскай моладзі, удасканаленню прафесійнага майстэрства, абмену вопытам. Рацпрапановы ў асноўным накіраваны на ўдасканаленне вучэбнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, выраб інструментаў, прыбораў, вучэбна-наглядных дапаможнікаў. Гэта дазваляе сэканоміць бюджэтныя сродкі. Мала таго, навучэнская моладзь у працэсе тэхнічнай творчасці развівае навыкі вынаходніцтва і рацыяналізатарства, імкнецца да пошуку новага і перадавога. Тыя ўстановы, чые калектывы прасякнуты творчым духам, як правіла, паспяховыя ва ўсім, і іх выпускнікі становяцца выдатнымі спецыялістамі і творчымі людзьмі.

Арганізатарамі вынаходніцкага і рацыяналізатарскага руху выступаюць Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў’’. На сёлетнім ганаровым адкрыцці спаборніцтва з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Э.В.Тамільчык.

— У сістэме адукацыі нашай краіны творчасць была і ёсць неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу, — адзначыў Эдуард Валянцінавіч. — Актыўная творчая дзейнасць навучэнцаў станоўча ўплывае на іх кругагляд, стымулюе да даследчага пошуку, спрыяе прафесійнаму росту. Творчая моладзь развівае свае вынаходніцкія і рацыяналізатарскія навыкі  ў далейшым працоўным жыцці, займаецца наватарствам, і гэта дапамагае маладым людзям паспяхова адаптавацца на сваім рабочым месцы ва ўмовах  вытворчасці.

У сёлетнім злёце навучэнцы прымалі ўдзел у такіх конкурсах, як “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”, “Лепшы тэхнічны сродак навучання”, “Свет адкрыццяў”, дзе былі прадстаўлены вырабы для такіх галін, як машына- і прыборабудаванне, электроніка і сувязь, будаўніцтва, транспарт, сельская гаспадарка. У экспазіцыі рэспубліканскай выставы  “Вынаходніцтва і рацыяналізатарства ва ўстановах прафесійнай адукацыі” прымалі ўдзел 184 навучальныя ўстановы, якія прадставілі 690 экспанатаў тэхнічнай творчасці, з іх — 337 уключаюць у сябе рацпрапановы.

У гэтым годзе злёт меў асаблівую значнасць. Ён праводзіўся ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Установы прафесійнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў праявілі зайзд­росную актыўнасць і прадставілі на злёт самыя разнастайныя вырабы і экспанаты. Падрабязна апісваючы некаторыя з іх, хочацца такім чынам пацвердзіць, што творчая думка выхаванцаў прафесійнай школы ўзляцела сёння далёка ўвысь. Фантазіі навучэнцаў не маюць межаў, а іх апантанасц­ь вынаходніцтвам і рацыяналізатарствам не перастае здзіўляць.

Улічваючы тэндэнцыю ўстойлівага падаражання тарыфаў на электраэнергію, сёння вядзецца пошук новых альтэрнатыўных форм яе здабычы. Гэтым займаюцца і ў Касцюкоўскім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі. Даступным і эканамічна выгадным энергетычным рэсурсам з’яўляецца невычэрпная энергія ветру і сонца. Гэтая ідэя не новая і актыўна рэалізоўваецца, у тым ліку і сярод навучэнскай мола­дзі. Майстар вытворчага навучання ліцэя У.Г.Рабянок  разам з навучэнцамі стварыў мабільны ветра-сонечны комплекс крыніц энергіі пад назвай  “ЭкаЭнергія”. У гэтым комплексе ўсе працэсы цалкам аўтаматызаваны. Ён прызначаны для энергаспажыўцоў электрычных бытавых сетак. Уладзімір Генадзьевіч ужо шосты раз прымае ўдзел у такіх злётах.

К.У.БАНКОЎСКАЯ і АРЦЁМ Несцярэнка.

Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжам электратэхнікі прадстаўлена на злёт “разумная” цяпліца, дзе аўтаматызаваны працэсы паліву, абагравання, праветрывання памяшкання. Такая арыгінальная  канструкцыя працуе на базе Arduino — электроннага прыстасавання, здольнага кіраваць рознымі датчыкамі, электрарухавікамі, асвятленнем, прымаць і перадаваць даныя. Для кантролю параметраў мікраклімату ў цяпліцы ўстаноўлены датчыкі вільготнасці глебы і паветра памяшкання, тэмпературы і асвятлення. Паказанні гэтых датчыкаў накіроўваюцца на Arduino і ў залежнасці ад даных аўтаматычна  ажыццяўляецца паліў раслін у цяпліцы. Прадстаўляў цяпліцу Міхаіл Шандрыкаў, навучэнец 2 курса каледжа.

Тэхналагічны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы прадставіў мадэль плаваючай ГЭС , якая прызначана для выпрацоўкі электраэнергіі за кошт выкарыстання воднага патоку невялікіх рэк і ручаёў. Такі тып электрастанцый прапануецца ўстанаўліваць у месцах адпачынку, паблізу мастоў невялікіх рэк і ручаёў для мясцовага асвятлення і іншых патрэб. Такая электрастанцыя не патрабуе збудавання плаціны, што, безумоўна, павялічвае на яе попыт. Распрацоўшчыкам  і вытворцам экспаната з’яўляецца майстар вытворчага навучання каледжа В.С.Муха, які стварыў гэты выраб разам з навучэнцамі гуртка “Юны тэхнік”.

Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя А.Кляшчова прадставіў на злёт акватрак “Пасейдон”. Гэта самаходнае плаваючае шасі, якое зроблена з агрэгатаў трактароў, аўтамабіляў, сельгасмашын і прызначана для перамяшчэння грузаў па мясцовасці, у тым ліку і па балоцістай. Экспанат электрафікаваны, на шасі можа быць дадаткова ўстаноўлена хадавая частка. Распрацоўшчыкамі з’яўляюцца С.С.Шаламіцкі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Металіст”, П.М.Шыгалёў, майстар вытворчага навучання, А.А.Багдановіч, выкладчык. Вырабілі экспанат навучэнцы А.Балоцкі, А.Баран, Д.Кібак, К.Тарчынаў. 

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 50, 
4 мая.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.